Міхаіл Веніямінавіч Бяляеў адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў адраджэння нацыянальнай школы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі. У аснове яго творчасці – філасофска-рамантычнае ўспрыняцце навакольнага асяроддзя. Большасць работ мастака напоўнены паэтычнай любоўю да жыцця, адухоўленасцю. Відавочна імкненне майстра да вобразнай выразнасці, пластычнасці, тэхнічнай завершанасці твораў.
Нарадзіўся М. Бяляеў у г. Тамбове (Расія). У 1950 г. скончыў Маскоўскі інстытут дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе вучыўся ў К. Зярновай, У. Фаворскага, В. Вільямса, У. Сакалова-Скаля. Творчую дзейнасць спалучаў з педагагічнай работай. У 1950–1962 гг. выкладаў у Львоўскім інстытуце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у 1962–1996 гг. – у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў), адначасова з 1965 г. – у Беларускім педагагічным універсітэце. Член Беларускага саюза мастакоў з 1964 г.
У мастацкіх выстаўках М. Бяляеў пачаў удзельнічаць з 1952 г. Працаваў у галіне керамікі з рознымі матэрыяламі: шамотам, фаянсам, фарфорам, дрэвам. У аснове яго творчасці – легенды, казкі, алегарычныя сюжэты. Цэнтральнае месца ў мастацкім даследаванні майстра займае чалавек. Міхаіла Бяляева цікавілі вядомыя асобы, якія пакінулі значны след у гісторыі. Адсюль любоў мастака да партрэтнага жанру, але такога, у якім увасоблены характар чалавека. Так з'явіліся вобразы вялікіх творцаў і падзвіжнікаў. У скульптурных партрэтах, напрыклад, дзеячаў культуры мінулых стагоддзяў “Феафан Грэк” і “Андрэй Рублёў” патрыярхі старажытнарускага жывапісу паўстаюць засяроджанымі, паглыбленымі ў роздум. Між тым, “Сцяпан Палубес” мае энергічны, нават гарэзлівы выгляд. Уражваюць і іншыя партрэты, напрыклад, пісьменніка А. Грына, сучаснікаў мастака, таварышаў па прафесіі, людзей цікавага творчага лёсу – А. Кішчанкі, У. Стальмашонка, С. Сенчанкі, цікавы партрэт самога М. Бяляева (“Аўтапартрэт”).
Сур'ёзна, а часам і з гумарам, падыходзіў ён да рашэння псіхалагічных вобразаў, звяртаючыся да такой формы пластыкі, як маскі. Гэта не проста фантазія, гульня творчага ўяўлення, у яго масках адлюстраваны духоўны стан чалавека, выкліканы тым ці іншым настроем. Многія з такіх работ (“Радасць”, “Смутак”, “Расчараванне” і інш.) можна аднесці да алегарычнай скульптуры. М. Бяляеў аўтар пяці дэкаратыўных масак для фантана каля Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра (1981).
Міхаіл Бяляеў вельмі любіў прыроду, тонка адчуваў яе прыгажосць, гармонію форм, колераў. Прыродзе ён часта надаваў чалавечы воблік. Рэкі Міншчыны з жывапіснымі берагамі паўстаюць у работах творцы ў вобразах абаяльных жанчын (алегарычныя скульптуры “Бярэзіна”, “Іслач”, “Волма” і інш). Тое ж можна сказаць і пра дэкаратыўныя кампазіцыі “Бярозка”, “Вяснянка”, “Яблынька”. Паступова складваліся ўяўленні аб палескім краі, яго людзях. Мастак спрабаваў улавіць духоўную сувязь пакаленняў, самую сутнасць характару жыхароў. Вядомая скульптура М. Бяляева “Брат Палявік і брат Паляшук” упершыню была прадстаўлена на мастацкай выстаўцы ў 1967 г. На ёй поўны, з добрай усмешкай твар “брата Палевіка” асветлены мяккім унутраным святлом, у той жа час як “брат Паляшук” паўстае задумліва-суровым, панурым і крыху насцярожаным, у ім чытаюцца воля, годнасць, неадольная сіла. Імкнучыся перадаць і абагульніць духоўны склад характару свайго сучасніка, М. Бяляеў стварыў серыю работ, якія часам набліжаюцца да станковай скульптуры. Гэта прыгожая “Мазырчанка” ў беларускім дэкаратыўным уборы, “Мара”, трохфігурная кампазіцыя “Дзяўчаты Смаргоншчыны”. Углядаючыся ў гэтыя творы, выдатныя па вобразнасці і тэхнічным рашэнні, нельга не адзначыць творчую смеласць аўтара.
У суаўтарстве з Ф. Зільбертам мастак стварыў серыю керамічных пласцін “Ураджай”, “Палявод”, “Эстафета”, “Гусі-лебедзі”, “Па ваду” для гасцініцы “Турыст” у Мінску. Выкарыстоўваючы шамот і солі металаў, валодаючы арыгінальнымі прыёмамі работы, майстры дабіліся высокай вобразнай выразнасці. Міхаіл Бяляеў займаўся таксама мастацка-керамічнай абліцоўкай вытворчага корпуса Беларускага тэлебачання (1985).
Значнае месца ў творчасці М. Бяляева займае дробная дэкаратыўная пластыка – невялікія скульптурныя кампазіцыі, зробленыя па матывах літаратурных твораў і народных казак. Створаныя ім дзіўныя, арыгінальныя звяры і птушкі жывуць у творах нібы ў звычайным для іх акружэнні, валодаюць сваім характарам, павадкамі. Да ўсяго гэтага казачнага хараства майстар прапаноўваў яшчэ і насценныя размаляваныя рэльефныя пано, дэкаратыўныя талеркі, вазы для кветак, падлогавыя і проста дэкаратыўныя прадметы для сервіроўкі стала, кафейныя і чайныя наборы і інш. Радуюць колерам, прыгажосцю яго дэкаратыўная серыя невялікіх статуэтак у фарфоры (“На каменьчыку”, “Частушкі”, “Птушка”). Кожная такая работа майстра з'яўляецца элементам убрання, здольная ўпрыгожыць быт і стварыць адмысловы настрой, а галоўнае – выхоўвае густ і дае разуменне прыгажосці.
Чалавек высокай культуры Міхаіл Веніямінавіч Бяляеў здолеў зразумець і адчуць нацыянальныя рысы беларускай культуры, ацаніць традыцыі народнага мастацтва. Работы майстра знаходзяцца ў фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.