Чалавек вельмі сціплы, тактычны Уладзімір Андрэевіч Бойка заўсёды сур'ёзна, з усёй адказнасцю адносіўся да справы і ніколі не клапаціўся аб тытулах і ўзнагародах. Творчасць для яго – натуральны жыццёвы працэс. Адначасова займаўся гісторыяй мастацтва, тэле- і радыёжурналістыкай, публіцыстыкай, літаратурнай крытыкай, кніжнай графікай. Для У. Бойкі мела вялікае значэнне, як будзе ўспрыняты створаны вобраз, ці стане зразумелым глыбокі сэнс твора. Ён лічыў, што мастацтва цікавае само па сабе, неабходнае як сродак выхавання, фарміравання ў людзей высакародных пачуццяў.
Нарадзіўся У. Бойка ў г. Мінску. З ранніх гадоў яго жыццё праходзіла побач з мастакамі, пісьменнікамі, акцёрамі. У 1955 г. скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У 1956–1993 гг. працаваў у газеце “Літаратура і мастацтва” загадчыкам аддзела выяўленчага мастацтва, архітэктуры і тэхнічнай эстэтыкі, часопісе “Родная прырода”. Адначасова ў 1970–1990-я гг. быў аўтарам і вядучым на Беларускім радыё бясед “Выхавай у сабе прыгожае”, тэлевізійнага цыкла “Роздум”, тэлевізійных партрэтаў А. Бембеля, С. Катковай і інш.
Філолаг па адукацыі ён працаваў у галіне мастацкай і літаратурнай крытыкі, публіцыстыкі, а таксама ў станковай і кніжнай графіцы, акварэлі. Заўсёды актуальныя, з уласным пунктам гледжання артыкулы (больш за сто) мастацтвазнаўца друкаваліся з 1956 г.
З 1970 г. У. Бойка з'яўляўся членам Саюза мастакоў Беларусі (у 1973–1974 гг. – адказны сакратар праўлення). З 1972 г. ён удзельнік мастацкіх выставак. Праілюстраваў зборнікі твораў З. Бядулі, А. Адамовіча, А. Асіпенкі, М. Тычыны, Б. Сачанкі, А. Александровіча, В. Тараса і інш. Зрабіў ілюстрацыі да літаратурна-мастацкіх і навуковых выданняў “Шляхі вялі праз Беларусь” В. Грыцкевіча і А. Мальдзіса (1980), “Народ і вайна” М. Тычыны (1985), Збор твораў у 5 тамах З. Бядулі (1985–1989), “Нічога важней” (1987) і Выбраныя творы ў 4 тамах (т. 1, 1995) А. Адамовіча і інш. Яго акварэлі, манатыпіі, малюнкі, калажы ўтвараюць цыклы “Міншчына”, “Вільня”, “Рыбачае (Крым)”, “Калабрыйскія імгненні (Італія)” і інш.
Уладзімір Бойка – аўтар і афарміцель кніг і альбомаў “Маўклівая размова” (1964), “Беларуская палітра XX стагоддзя” (1976), “Бессмертие подвига” (1980), “Глебаў Аляксей Канстанцінавіч” (1974), “Віктар Аляксандравіч Грамыка” (1979). У “Маўклівай размове” і “Беларускай палітры XX стагоддзя” ён выпрацаваў стылістычны прыём літаратурнага калажа з асобных, але аб'яднаных агульнай задумай невялікіх навэл, эсэ, нарысаў. Для іх характэрны шчырасць, эмацыянальнасць выкладання фактаў, здабытых карпатлівай працай. У “Маўклівай размове” аўтару ўдалося ў параўнальна невялікай па памерах кнізе расказаць пра найбольш тыповыя плыні ў мастацтве, на канкрэтных прыкладах паказаць ідэйна-эстэтычную перавагу рэалістычнага напрамку над мадэрнісцкімі школамі мінулага і сучаснага. Гаворачы пра найвялікшыя скарбы сусветнага мастацтва, аўтар удумліва разгледзеў і лепшыя творы беларускіх майстроў – карціны І. Ахрэмчыка, В. Волкава, Я. Зайцава, А. Бембеля, В. Цвіркі. Ён напісаў таксама сцэнарыі дакументальных фільмаў “Паэзія графікі” (1971), “Прафесар прыгажосці” (1972, з А. Белавусавым), “Мастак Арлен Кашкурэвіч” (1976), “Васіль Быкаў. Праўдай адзінай” (1992).
Уладзімір Бойка пакінуў пасля сябе шмат мастацтвазнаўчых і літаратурна-крытычных артыкулаў і даследаванняў, нарысаў і эсэ, кніг і фатаграфій, акварэляў і замалёвак алоўкам, філасофскіх эцюдаў і вершаў, кніжных ілюстрацый і інш. У 1997 г. у Палацы мастацтваў была праведзена незвычайная мастацка-літаратурная выстава-праект “Кабінет”, прысвечаная светлай памяці мастака.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.