Краткая справка:
мастак, які працуе ў кніжнай графіцы, афармляе кнігі для дзяцей, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя В. Віткі (2004), лаўрэат тэатральнай прэміі імя К. Крапівы (2006)
Варианты имени:
Волкаў Сяргей Анатольевіч
Имена на других языках:
Volkau Syarghei Anatolyevitch (не определен); Волков Сергей Анатольевич (русский);
5149 символов
Справка
Першыя згадкі пра знакамітую беларускую мастакоўскую сям'ю Волкавых адносяцца да канца XVIII ст. У родзе па бацькоўскай лініі ўсе былі іканапісцамі, а пачынаючы з прадзеда – прафесійнымі мастакамі. Сяргей Волкаў працягнуў сямейную справу свядома, па ўласным жаданні. У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь праводзілася выстава “Волкавы. Малюнак. Тры пакаленні”, на якой па графічных работах можна было прасачыць шляхі развіцця майстэрства малюнка, захаванне традыцый і змены поглядаў на творчасць у прадстаўнікоў трох пакаленняў майстроў. Валянцін Волкаў быў максімальна аб'ектыўны, работы Анатоля Волкава вылучаюцца падкрэсленым рэалізмам з адценнем вострай характарнасці і пэўнай дэкаратыўнасці. Сяргей Волкаў у малюнку рамантык, звяртае ўвагу не толькі на выраз твару і стан душы, але і на асяроддзе вакол героя. Для яго характэрны ўласная творчая манера, свой арыгінальны почырк. Работы мастака вылучаюцца дакладнасцю, празрыстасцю і завершанасцю форм.
Нарадзіўся С. Волкаў у акупіраваным Мінску. У юнацкія гады займаўся (разам з сястрой Ірынай) у студыі выяўленчага мастацтва С. Каткова пры Мінскім палацы піянераў і школьнікаў, пасябраваў там з У. Пашчасцевым. Затым была спроба паступіць у Мінскае мастацкае вучылішча. Па просьбе маці на першы курс яго залічылі вольным слухачом. Праз год, пасля ўдзелу ў гадавым праглядзе работ, камісія дазволіла вучыцца далей. Разам з У. Пашчасцевым пасля чацвёртага курса паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Вучыўся ў Л. Асецкага, П. Любамудрава, А. Кашкурэвіча. На ўсё жыццё запомніў лекцыю свайго дзеда В. Волкава, які аднойчы завітаў да навучэнцаў на заняткі.
Працаваў С. Волкаў у часопісах “Вожык” (1962–1982), “Вясёлка” (з 1968). З 1971 г. пачаў прымаць удзел у выстаўках. З 1973 г. ён член Беларускага саюза мастакоў. У 1984–1989 гг. кіраваў секцыяй графікі, быў членам праўлення Саюза мастакоў СССР (1985–1990).
Працуе Сяргей Волкаў у кніжнай і станковай графіцы у тэхніках акварэлі, малюнка, літаграфіі, шаўкаграфіі. Аформіў больш за 300 кніг (у асноўным дзіцячых) у выдавецтвах Беларусі і Расіі. У час працы на студыі “Дыяфільм” пазнаёміўся са спецыялістам па беларускай міфалогіі, кандыдатам навук А. Шамаком. Менавіта ён заахвоціў мастака на стварэнне кнігі “Боги и мифы древних славян” (2004), да якой С. Волкаў прыдумаў не толькі ілюстрацыі, але і напісаў тэксты. Кніга вытрымала некалькі выданняў (перапрацаваная і дапоўненая выйшла пад назвай “Волшебный сундучок”, 2010 г.). Вельмі дарагая сэрцу майстра кніга “Казкі дзяцей Беларусі” (1995), дзе сабраны лепшыя дзіцячыя творы. Да кожнага з іх мастак стараўся намаляваць ілюстрацыю. На яго рахунку таксама “Палескія рабінзоны” Я. Маўра, “Няхай сонца не заходзіць” І. Муравейкі (абедзве 1981), “Спех – курам на смех” Э. Валасевіча, “Пра нашу Дашу” П. Кавалёва, “Беларускія народныя загадкі” (усе 1982), “Кыонг і яго сябры” У. Карызны, “Дзед і ўнучка” М. Маляўкі, “На двары Алімпіяда” Э. Агняцвет (усе 1984) і многія іншыя. Мастак аформіў зборнік вершаў, загадак, лічылак, скорагаворак “Когда дети смеются” В. Кудлачова (2006). Шматпланавай кнізе ён паспрабаваў надаць сваю ілюстрацыйную цэласнасць. Звяры ў яго дзейнічаюць самастойна, у малюнках ёсць рух, дынаміка. Малюнак да казкі “Смелый козел”, дзе тэкст нагадвае выразны спектакль-батлейку, выглядае нібы сапраўдны выяўленчы “сцэнарый” на тэму твора. Мастак аформіў таксама серыю казак “Мароз Іванавіч” па матывах У. Адоеўскага (1997–2005), кнігі “Падарожжа ў краіну загадак” (2007) і “У родным краі” (2009) М. Пазнякова, “Самы разумны”, “Церамок казак” (абедзве 2009), “Саламяны бычок” (2010). Цікава задуманыя, выразныя па колеру малюнкі да кніг адпавядаюць літаратурнаму тэксту, багаццем дакладных дэталей і падрабязнасцей узмацняюць пазнавальную каштоўнасць дзіцячага твора.
Сяргей Волкаў вядомы сваімі манументальнымі па памерах графічнымі серыямі. Найбольш цікавыя з іх “Тое-сёе пра птушак” і “Старонкі гісторыі” (абедзве 1989). Менавіта за стварэнне апошняй у 1989 г. ён атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. Сяргей Волкаў аўтар станковых серый “Спартыўныя суддзі” (1971), “Працоўны Мінск” (1977), “Армейскія будні” (1979), “Абаронцы роднай зямлі” (1980), “Начныя палёты” (1982), “Будучыя алімпійцы” (1983) і інш. Асаблівай гордасцю мастака з'яўляюцца жаночыя партрэты. Вобразы вытанчаных, арыстакратычных прыгажунь уражваюць сваёй прыгажосцю.
Значнае месца ў творчасці мастака займае жанр плаката (больш за 100). Яму належаць таксама серыі сяброўскіх шаржаў на Н. Гілевіча, В. Зуёнка, А. Грачанікава, Р. Барадуліна і інш., выкананыя з добрым гумарам, дакладна заўважанай характэрнасцю знешняга вобліку беларускіх пісьменнікаў.
У творчым багажы Сяргея Волкава больш за 20 усесаюзных, 60 рэспубліканскіх, каля дзесятка міжнародных выставак. Многія з аформленых ім кніг узнагароджаны дыпломамі. Работы майстра захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, фондах Міністэрства культуры Расіі.