У Лагойскім раёне Мінскай вобласці размясцілася вёска Карпілаўка – невялікая, ціхая, маляўнічая і славутая. Доўгія гады там жыў А. Лявіцкі (Ядвігін Ш), адзін з пачынальнікаў новай беларускай прозы. У розныя часы вёску наведвалі Я. Купала, М. Багдановіч, З. Верас, У. Галубок, Я. Лёсік, Н. Гілевіч, Г. Бураўкін, А. Пісьмянкоў, У. Содаль і іншыя вядомыя людзі. У Карпілаўцы нарадзіўся Сяргей Фёдаравіч Давідовіч – таленавіты пісьменнік і самабытны мастак.
Ён вырас у звычайнай сялянскай сям'і, на долю якой выпала цяжкае ваеннае ліхалецце, акупацыя і голад. Пасля заканчэння сярэдняй школы С. Давідовіч застаўся ў саўгасе. У 1962 г. быў прызваны ў армію. Потым працаваў шафёрам у Мінску. У 1971 г. яго накіравалі ў міліцыю. Службу пачынаў у званні сяржанта. У 1981 г. завочна скончыў Мінскую вышэйшую школу Міністэрства ўнутраных спраў. Атрымаў юрыдычную адукацыю і даслужыўся да палкоўніка. У 1990 г. С. Давідовіч быў выбраны ў Вярхоўны Савет БССР дванаццатага склікання, дзе ў 1994–1995 гг. узначальваў пастаянную Камісію Вярхоўнага Савета па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, некаторы час з'яўляўся членам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
Літаратурную дзейнасць С. Давідовіч пачаў у 1990 г. Яго першыя вершы былі надрукаваны ў зборніку «Спасцігнуў я тайну» (1991). У 1992 г. асобным выданнем выйшла паэма «Люстэрка лёсу» (1992), праз год кніга паэм з аднайменнай назвай. У 1994 г. С. Давідовіч стаў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Тэматыка яго твораў вельмі разнастайная – ад пранікнёнай лірыкі і тонкага гумару да літаратурнага аналізу няпростага лёсу людзей і Радзімы ў розныя часы. На рахунку пісьменніка зборнікі вершаў, паэм, прозы, казкі для дзяцей. Сярод іх – «Нясу свой крыж» (1995), «Горкая кропля» (1997), «Душы маёй бяссонніца» (1999), «Гумарынку пад язык» (2002), «Развод па-славянску» (2005), «Зямлі святая памяць» і «Выбранае» (2010), «Званы часу» (2011), «Вяртанне з выраю» (2012), «У віры падзей» (2013), «Роздум» і «Дзівос з дзівосаў» (2014), «Баявая нічыя», «Залаты буліт», «Дзедава жалейка», «Грааль жыцця» (усе 2015) і інш. У 2016–2017 гг. быў выдадзены збор твораў у пяці тамах. Многія вершы вядомыя беларускія кампазітары І. Лучанок, Я. Глебаў, Э. Зарыцкі, В. Іваноў, У. Буднік і іншыя паклалі на музыку. У 2001 г. С. Давідовіч напісаў сцэнарый фільма «Свежына з салютам». Яркія, самабытныя героі, створаныя пісьменнікам у празаічных і паэтычных творах, сталі прататыпамі гэтай кінакамедыі.
У 50 гадоў, зачараваны краявідамі роднай Лагойшчыны, С. Давідовіч пачаў маляваць. Не маючы спецыяльнай адукакцыі і падрыхтоўкі, ён хутка авалодаў сакрэтамі жывапісу і ўпэўнена ўвайшоў у вялікае мастацтва. За неверагодна кароткі час напісаў шмат карцін і правёў больш за сорак персанальных выставак у Беларусі і за яе мяжамі. У 1995 г. С. Давідовіч быў прыняты ў Саюз мастакоў Беларусі. Ён працуе ў жанры сюжэтна-тэматычнай карціны («Святло Чарнобыля», 1994; «Мама-выратавальніца», 1996; «Валачобнікі» і «”Залатое” вяселле», абедзве 1998; «Калядны карагод», 2000; «Надзея», 2001; трыпціх «І кожны звернецца да Бога», 2001; «Гармонія», 2004), пейзажа («Зімовы туман», 1991; «Раніца», 1993; «Карпілаўка», 1998; «Беларуская сімфонія», 2001; «Веснавы серпанцін», 2003) і інш. Шмат карцін напісана мастаком на вяскова-побытавую тэму («Салоўка» і «Матрыярхат», абедзве 1998; «Перакур», 1999; «Хто каго?», 2000; «Дачнікі», 2001; «Гісторыя паўтараецца», 2003) і інш. Палотны С. Давідовіча напоўнены пранікнёным лірызмам, аптымізмам, вялікай любоўю да чалавека. Многія з іх знаходзяцца ў музеях Беларусі, прыватных калекцыях і галерэях за мяжой. У 2006 г. С. Давідовіч распісаў за свой кошт купал храма святых апосталаў Пятра і Паўла, пабудаванага ў 1706 г. у в. Жукаўка Мінскага раёна. За гэту працу быў узнагароджаны Беларускай Праваслаўнай Царквой медалём святога Кірылы Тураўскага. Мастак мае вышэйшыя ўзнагароды Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (знак «За ўклад у развіццё культуры Беларусі») і Саюза пісьменнікаў Беларусі (медаль «За ўклад у развіццё беларускай літаратуры»). Імя С. Давідовіча ўключана ў 18-ы том 80-томнай сусветнай энцыклапедыі «Мастакі ўсіх часоў і народаў», якая была выдадзена ў Мюнхене ў 1997 г. У 2004 г. Лагойскі райвыканкам прысвоіў яму званне «Ганаровы грамадзянін Лагойска». У 2016 г. С. Давідовіч стаў лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.