Напрыканцы 1970-х гг. Віктар Леанідавіч Доўнар працаваў мультыплікатарам на кінастудыі «Беларусьфільм» і адначасова атрымліваў спецыяльнасць рэжысёра тэлебачання на завочным аддзяленні тэатральнага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Падчас працы на кінастудыі пазнаёміўся з Наталляй Уладзіміраўнай Лось, якая стала жонкай, аднадумцам, паплечнікам мастака. Разам з ёю здымаў мультыплікацыйныя фільмы для дзяцей і дарослых, працаваў як мультыплікатар, мастак, сцэнарыст, рэжысёр.
Найбольш выдатнымі і вядомымі фільмамі Віктара Доўнара для дзяцей з’яўляюцца: “Ліса, мядзведзь і мужык” (1982), “На заре, во дворе” (1985), “Отшельник и Роза” (1980), “Пинчер Боб и семь колокольчиков” (1984), “Сказки-небылицы деда Егора” (1986). В.Л. Доўнар стварыў шэраг мультфільмаў для дарослых: “Как Василь хозяйничал” (1983), “Последний прилёт марсиан” (1986), “Осторожно! Караси!” (1987), “Меч” (1989).
Першая сустрэча з хрысціянскай культурай адбылася ў Віктара Доўнара яшчэ ў дзяцінстве, калі ён знайшоў у сваёй мамы Біблію. Да ўсвядомленай веры Віктару Леанідавічу дапамагла прыйсці яго жонка Наталля Уладзіміраўна, дзякуюы якой мастак сур'ёзна зацікавіўся царкоўным жывапісам. Першае знаёмства Віктара Леанідавіча з тэхнікай іканапіснага мастацтва адбылося ў 1982 г., калі яму давялося ўпрыгожваць храм у Лагойску разам са знакамітымі маскоўскімі мастакамі-іканапісцамі.
У пачатку 1990-х гг. на кінастудыі «Беларусьфільм» склалася даволі цяжкае становішча: спынілася фінансаванне, скарацілася колькасць пастановак. Прыйшлося шукаць іншую працу, Віктар Леанідавіч цалкам прысвяціў сваё жыццё манументальнаму жывапісу і стварэнню абразоў. У 1992 г. ён адкрыў іканапісную майстэрню “ИКОНИК”, якая афармляе інтэр'еры храмаў на Беларусі, у краінах Еўрасаюза, на Балканах. Мастакі майстэрні маюць мноства ўзнагарод, з’яўляюцца членамі саюзаў мастакоў і дызайнераў, удзельнічаюць у міжнародных канферэнцыях і выставах, чытаюць лекцыі і праводзяць майстар-класы.
Віктар Леанідавіч Доўнар – іканапісец са шматгадовым стажам, на яго рахунку сотні абразоў і сем распісаных храмаў. Самыя значныя з іх: царква Уваскрэсення Хрыстова ў Беластоку і царква Марыі Магдаліны ў Мінску. Прафесійная дзейнасць групы Віктара Доўнара пачалася ў Польшчы. Вынікам гэтай паездкі стала афармленне іканастаса царквы Успення Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Чыжы Беластоцкага ваяводства. У 1994–1995 гг. Віктар Доўнар з памочнікамі распісвалі храм Пятра і Паўла ў польскім горадзе Семяцічы, аформілі іканастас царквы Жон-Міраносіц у горадзе Чарно-Беластоцка. У 1995–2000 гг. напісалі каля 250 ікон для іканастасаў, перагародак, кіётаў беластоцкай царквы Святога Духа.
Пэўны час павандраваўшы па свеце, В.Л. Доўнар вярнуўся на Радзіму і прыступіў да роспісу царквы Марыі Магдаліны ў Мінску. Праца вялася згодна з традыцыямі праваслаўнага роспісу XIV–XV стст. – былі выкарыстаны старажытныя рэцэпты фарбаў і пісьмо па сырой тынкоўцы. Пазней распісваліся алтарная частка і калоны мінскай царквы Уваскрэсення Хрыстова. Віктарам Леанідавічам і яго вучнямі былі распісаны іконы для цэркваў Лагойска, Плешчаніц, Светлагорска і Налібок, манастыроў Польшчы і Чарнагорыі, цэркваў Узбекістана.
Віктар Леанідавіч займаецца адраджэннем старажытнай традыцыі: уручэнне мернай іконы ў якасці падарунка на свята хрышчэння. Мерная ікона – незвычайны абраз, які пішацца на дошцы вышынёй у рост нованароджанага. На гэтым абразе даецца выява святога, у гонар якога называецца дзіця. Абраз захоўвае памяць пра тое, калі нарадзілася немаўля і дае яму персанальную абарону ад агрэсіі, хвароб, бед і няшчасцяў. Сёння Віктар Леанідавіч выкарыстоўвае тыя ж матэрыялы і тэхналогіі, якімі карысталіся старажытныя майстры.
Аляксей Віктаравіч Доўнар, старэйшы сын мастака, прайшоў школу храмавага роспісу ў свайго бацькі і плённа працуе ў майстэрні “ИКОНИК”. Яго першая самастойная праца – роспіс царквы Раства Багародзіцы ў в. Тарасава Мінскага раёна.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.