Вядомы беларускі скульптар, удзельнік шматлікіх мастацкіх выстаў, паспяхова працуючы ў галіне манументальнага мастацтва Алесь Дранец, нарадзіўся 31 студзеня 1962 г. у в. Харомск на Брэстчыне. Скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве (1981), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1987). Працаваў у творчай майстэрні скульптуры Акадэміі мастацтваў СССР (1989–1993). З 1990 г. з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў. У 1993 г. перайшоў на выкладчыцкую працу ў Мінскае мастацкае вучылішча, з 1996 г. – у Беларускую акадэмію мастацтваў. У 2004–2007 гг. Аляксандр Валянцінавіч узначальваў скульптурны камбінат у Мінску.
Асноўнымі рысамі творчасці А.В. Дранца з’яўляюцца багацце, бездакорнае валоданне пластычнай мовай, лаканічнасць вобразнай сістэмы, а таксама цікавасць да славутых дзеячаў беларускай гісторыі. Менавіта гэта цікавасць прывяла яго ў 1991 г. да ўдзелу ў конкурсе на стварэнне помніка выдатнаму беларускаму дзеячу Адраджэння Францыску Скарыну. На конкурс былі прадстаўлены праекты 20 прэтэндэнтаў – асобных мастакоў і аўтарскіх калектываў. Аднак журы вырашыла прысудзіць права ўвасобіць гэты вельмі знакавы для Беларусі вобраз зусім маладому на той час скульптару Алесю Дранцу.
Работа над праектам доўжылася да 1997 г. Помнік быў адліты ў бронзе, завершаная манументальная выява першадрукара захоўвалася на Мінскім скульптурным камбінаце і толькі ў 2006 г. была ўсталявана каля новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі на праспекце Незалежнасці ў Мінску. Вобраз Скарыны майстар увасобіў таксама і на мемарыяльных дошках, усталяваных на будынках Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Мінску (1990) і Нацыянальнай бібліятэкі ў Празе (Чэхiя, 1996).
Акрамя працы над вельмі значным для сваёй творчасці праектам А. Дранец разам з групай архітэктараў, якую ўзначальваў Л.М. Левін, у 1999–2000 гг. працаваў над помнікам князю Давыду – заснавальніку Давыд-Гарадка. Энергічны рытм у пабудове сілуэта, агульная дынаміка помніка падкрэсліваецца дзідай, якую трымае ў руках князь Давыд. Скульптар з асаблівай дакладнасцю прапрацаваў усе дэталі, вялікую ўвагу надаў рукам, узору аблямоўкі і складкам на адзенні. Эстэтычная і мастацкая каштоўнасць помніка была адзначана ў 2002 г. Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь.
Важнай старонкай творчай біяграфіі А.В. Дранца стала стварэнне помнікаў загінуўшым воінам-інтэрнацыяналістам (г. Асіповічы Магілёўскай вобласці, 2009 г.) і супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў, якія загінулі пры выкананні воінскага і службовага абавязкаў (у суаўтарстве з В. Антановічам, г. Мінск, 2003; г. Магілёў, 2004).
Цалкам іншай тэматычна і канцэптуальна ў параўнанні з астатнімі манументальнымі работамі А.В. Дранца з’яўляецца памятная дошка “Взыскание погибших” для храма-помніка іконы Божай Маці ў Мінску (2006). Тут скульптар паспрабаваў асвоіць прастору, дзе валадараць любоў і мацярынства. Адкрыццё мемарыяльнай дошкі было прымеркавана да 20-годдзя Чарнобыльскай катастрофы. Гэта работа адзначана Граматай Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта.
А.В. Дранец працуе таксама ў станковай скульптуры: “Сон у мармуры”, “Дунін-Марцінкевіч”, “Францішак Багушэвіч”, праект помніка Цётцы (А. Пашкевіч), “Кірыла Тураўскі”. У гэтых працах – нязменная цікавасць аўтара да партрэтных вобразаў вядомых беларускіх дзеячаў культуры, якая вырашаецца экспрэсіўнай пластычнай мовай.
Сярод іншых буйных праектаў скульптара – удзел у афармленні Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Аляксандр Валянцінавіч з’яўляўся адным з аўтараў генеральнага рашэння мастацкага афармлення бібліятэкі: удзельнічаў у распрацоўцы эскізаў манументальных пано, прысвечаных абласцям Беларусі, двух рэльефаў на тарцовых “крылах” увахода з тэмай славянскага і сусветнага пісьменства.
Творы скульптара захоўваюцца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі і інш.
Матэрыял падрыхтаваны Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай у 2011 г.