У гісторыі беларускага мастацтва шматпланавая і рознабаковая творчасць Пятра Мікалаевіча Драчова, арыгінальнага і таленавітага майстра, займае пачэснае месца.
Ён нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу. У гады Вялікай Айчыннай вайны хлопчык застаўся без бацькоў, таму выхоўваўся ў Мсціслаўскім дзіцячым доме. Яго мастацкія здольнасці заўважылі і імкнуліся развіваць настаўнікі і выхавацелі. У 1953 г. паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча. Пасля заканчэння яго ў 1958 г. стаў студэнтам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), які скончыў у 1964 г. Вучыўся ў яркіх прадстаўнікоў беларускай школы мастакоў П. Любамудрава, А. Кашкурэвіча, А. Мазалёва. Пасля заканчэння інстытута больш за 20 гадоў працаваў у часопісе “Бярозка”, дзе быў мастацкім рэдактарам; у 1992–2005 гг. – у “Беларускім гістарычным часопісе”.
Пётр Драчоў заявіў пра сябе як майстар кніжнай і станковай графікі, у тэхніцы літаграфіі, акварэлі, лінагравюры. Для яго твораў характэрны гістарычная дакладнасць, эпічная шматпланавасць, грамадзянскі пафас. Сярод іх – серыя акварэлей “Помнікі архітэктуры Беларусі” (1970–1982, 1990–2005), “Бярэзінскі запаведнік” (1975–1979), “Прыпяць” (1975–1985, 1990–2005), “Чаплі Беларусі” (2000–2005), літаграфіі “Кастусь Каліноўскі” (1970), “Кірмаш канца XIX – пач. XX ст.” (1972), “Паўстанне 1863 г.”(1978), трыпціх “Жанчынам Беларусі прысвячаецца” (1997) і інш. Вынікам глыбокага філасофскага асэнсавання гісторыі, асуджэннем мілітарызму і вайны стала карціна “Спынім забойствы”, напісаная ў 1980 г. да 500-годдзя М. Гусоўскага. У 1989 г. у серыі “Асветнікі” мастак стварыў партрэты “Кірыла Тураўскі”, “Пётр Мсціславец”, “Лаўрэнцій Зізаній”, “Сімяон Полацкі”.
Пётр Драчоў многа вандраваў па родным краі, наведаў Сібір, Далёкі Усход, Японію, Фінляндыю, Югаславію. Ён добра ведаў побыт простых людзей, займаўся падводнай археалогіяй, падводным паляваннем. Вынікам дзейнасці майстра сталі дыярама “Падводны свет” (1984) у Музеі прыроды і экалогіі і першая ў рэспубліцы выстаўка, прысвечаная падводнай археалогіі, у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, якая была адкрыта ў 1986 г. Творчая індывідуальнасць П. Драчова ярка праявілася ў працы па афармленні экспазіцый музеяў. Ён з’яўляецца аўтарам праекта экспазіцыі Музея гісторыі медыцыны Беларусі, у рамках ажыццяўлення якога выканаў дыярамы “На старажытным гарадзішчы”, “Знахаркі”, “Францыск Скарына трымае экзамен перад прафесарамі ў Падуанскім універсітэце” і інш. Выстаўка была таленавіта прадумана. Прафесійна вырашаны пытанні асвятлення: закрыты вялікія вокны будынка, створана спецыяльная падсветка вітрын, што дазваляе добра разгледзець экспанаты ў глыбіні. Цудоўна выглядаюць экспанаты на фоне асветленых карцін, намаляваных мастаком. Уражвае выкананая П. Драчовым дыярама “На старажытным гарадзішчы”. Па ёй можна меркаваць пра звычаі, якія тычыліся харчавання, жылля, асабістай гігіены. Своеасаблівым і яркім завяршэннем вялікага раздзела пра багатыя традыцыі прымянення сродкаў народнай медыцыны ў беларускім краі з’яўляецца карціна “Знахаркі”. Самая буйная ў музеі дыярама “Францыск Скарына трымае экзамен перад прафесарамі ў Падуанскім універсітэце”. Мастак здолеў стварыць закончаны вобраз бліскучага вучонага-энцыклапедыста, яркага прадстаўніка беларускай навукі. Лаканічна і выразна паказана П. Драчовым аптэчная справа. Ён намаляваў карціну “Аптэка. Магілёў, пач. XX ст.”. Вялікую мастацкую каштоўнасць для Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі ўяўляюць дыярамы “Паселішча на Сенніцы”, “Пажар г. Магілёва ў 1700–1721 гг.”, “Крэменездабыўныя шахты ў Красным”, “Францыск Скарына ў друкарні” і іншыя, напісаныя ў 1992–1993 гг. Для Літаратурнага музея М. Багдановіча была выканана панарама “Мінск у 1890 г.” (1991). Тэма адзінства чалавека і навакольнага асяроддзя знайшла яркае адлюстраванне ў работах, падрыхтаваных для выстаўкі “Беларускі ручнік” у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі (1998), у афармленні залы “Прырода і экалогія” ў Столінскім краязнаўчым музеі (2001), экспазіцыі “Прырода” ў музеі Пінска (2003–2004). Шмат намаганняў прыклаў графік для распрацоўкі мастацкай канцэпцыі мемарыяльнага музея У. Караткевіча ў Оршы.
Пётр Драчоў працаваў і як ілюстратар, афарміцель, шрыфтыст. Яго эстампы ўражваюць манументальнасцю, навізной кампазіцыі і завершанасцю формы. Праілюстраваны і аформлены мастаком кнігі У. Дубоўкі, П. Броўкі, У. Караткевіча, І. Новікава. З усяго зробленага ім у аздабленні кніг найбольш вядомы малюнкі да твора У. Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”. Работа над кнігамі гэтага пісьменніка патрабавала ад мастака не толькі прафесійнага таленту, але і спецыяльных ведаў у пытаннях гісторыі, этнаграфіі, культуры Беларусі. У ілюстрацыях П. Драчова адчуваецца дух беларускай даўніны. Ён аўтар аздаблення кнігі вершаў “Быў. Ёсць. Буду”, якая рыхтавалася яшчэ пры жыцці У. Караткевіча, але была выдадзена пасля смерці пісьменніка. Мастак узнагароджаны рознымі дыпломамі і прэміямі ўсесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў на лепшае афармленне кнігі.
Заўчасная смерць П. Драчова спыніла ажыццяўленне шматлікіх творчых планаў. Ён пакінуў незакончаныя аб’ёмныя кампазіцыі, мастацкія палотны, макеты будучых музейных экспазіцый. Сёння творы майстра працягваюць жыць у кнігах, музеях, калекцыях сяброў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.