Дата рождения: 30.05.1937
Дата смерти: 02.04.2008
Краткая справка: жывапісец, графік, мастак тэатра, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі
Имена на других языках: Kazakou Barys Ivanavitch (не определен); Казаков Борис Иванович (русский);
Барыс Іванавіч Казакоў нарадзіўся ў г. Балахна Горкаўскай вобласці Расіі (цяпер – Ніжагародская). Скончыў Горкаўскае мастацкае вучылішча (1958), вучыўся ў І. Мяснікова, потым паступіў на аддзяленне тэатральнай дэкарацыі Беларускага дзяржаўнага тэтральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў). Вучыўся ў Я. Чамадурава, А. Марыкса. Пасля заканчэння інстытута (1964) працаваў мастаком-пастаноўшчыкам у тэатрах Мінска, Магілёва і Гомеля. У творчым саюзе з выбітным рэжысёрам У. Маланкіным ён аформіў 14 спектакляў Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, у тым ліку: “Яны і мы” Н. Далінінай, “Пузыркі” А. Хмеліка (абодва 1965), “Варшаўскі набат” В. Карастылёва (адзначаны дыпломам як лепшая сцэнаграфія года), “Будзьце гатовы, ваша вялікасць!” Л. Касіля і П. Хомскага (абодва 1966), “Зорка Венера” М. Алтухова і Б. Бур’яна, “Кожнаму сваё” С. Алёшына, “Чырвоны губернатар” У. Мехава (усе 1967), “Горад на світанні” А. Арбузава (1968), “Вялікі канспіратар” А. Кузняцова (1969). У Магілёўскім абласным драматычным тэатры стварыў сцэнаграфію спектакляў “Каварства і каханне” Ф. Шылера (1965) і “Мільянерка” Б. Шоу (1967). У 1968 г. мастак пакінуў тэатр і цалкам прысвяціў сябе станковаму жывапісу. У яго творчай біяграфіі было месца і для педагагічнай працы: у 1970–1974 гг. Б. Казакоў працаваў выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута.
Як напамінак пра тэатр засталіся ў яго творчасці дэкарацыйныя прыёмы: выразныя франтальныя кампазіцыйныя схемы, сцэнічны тып прасторавасці, жаданне ўразіць гледача дзействам. Беларускі жывапіс набыў у асобе Барыса Казакова аднаго з надзвычай арыгінальных майстроў, які меў своеасаблівую тэхніку, якую называў “стэрэажывапісам”: пад слоем фарбаў стваралася буйназярністая фактурная паверхня. Дзякуючы выкарыстанню такой тэхналогіі кожны мазок набываў сваю ўнутраную дынаміку, карціна станавілася зменлівай, рухомай. Штодзённая праца за мальбертам, без свят і выхадных была для жывапісца неаабходнасцю. Натхнёная і карпатлівая праца прынесла свае вынікі: на ўсесаюзных і рэспубліканскіх выставах сюжэтныя карціны, партрэты і пейзажы мастака прыцягвалі ўвагу. Асноўныя творы 1970-х гг: “Яблыня” (1974), “Будаўнікі”, “У майстэрні” (абодва 1975), “Перад навальніцай”, “Рака”, “Таня” (ёсць звесткі, што карціна створана ў 1975), “Раніца вызваленай вёскі”, “Іван Сцяпанавіч” (усе 1976), “Дары зямныя”, “Калгас “Рассвет”. 1944 год” (абодва 1977), “Пра першага трактарыста”, “Партызанская карміцелька”, “Снеданне” (усе 1978), “Атака”, “Грыбы”, “Чорны грузд” (усе 1979).
У 1980-я гг. мастак дасягае творчай і жыццёвай сталасці: з’яўляюцца выдатныя, напоўненыя інтымным перажываннем і філасофіяй работы “Малако 1942 года” (1980), “Прысвячэнне маці” (1983), “Жнівень. Вяртанне дадому /дамоў” (ёсць звесткі, што карціна створана ў 1984), “Восень у садах зніклай вёскі” (1989), “Карміцелька”, “Срэбная” (1992). У працах мастака “Мурашнік” (1986), “Пчаліная калода” (1990), “Свет пянька” (1997), “Валун” (2003) заўважаецца прыхільнасць да выявы фактурна і танальна насычаных прадметаў, што патрабуюць складанай і дбайнай дэталіроўкі. У гэты перыяд мастаком створаны цыклы: “Поры года” (1980–1984), галерэя партрэтаў рускіх і беларускіх вучоных для залы пасяджэнняў Інстытута глебазнаўства і аграхіміі ў Мінску (1980–1982).
“Прырода, тое, што створана Богам, мае ўсё неабходнае для стварэння карціны. Мастаку застаецца толькі абраць патрэбнае яго розуму і сэрцу”, — лічыў Казакоў і так запісаў ён у сваіх разважаннях пра прафесію.* (У архіве ўдавы Б. І. Казакова – Галіі Казаковай – знаходзіцца рукапіс мастака, куды ён уносіў свае роздумы і развагі “пра час і пра сябе”. Газета “Культура” на сваіх старонках часткова апублікавала вытрымкі з гэтага рукапісу). Ён лічыў сябе рэалістам, разумеючы пад гэтым паняццем адлюстраванне ў творах рэальных аб’ектаў у іх матэрыяльнасці. Яго “Нацюрморт з салам і часнаком”, “Снежань” (абодва 1980), “Лазневы дзень”, “Каля жытняга поля” (абодва 1981), “У хляве”, “У Сяргеевічах” (абодва 1982) паказваюць з’явы жыцця ва ўсім багацці іх узаемасувязей. Яго работы “У канцы стагоддзя” (1991–1998), “Міхайлаўскае. Вяртанне да волі” (1992–1999), “Май. Сад у квецені” (2002), “Зямля продкаў”, “Белая Русь” (усе 2003), “Стол на дваіх” (2006) адметныя дэталёвым малюнкам прадметаў, тонка распрацаванымі пераходамі колеравых адценняў.
У 1988–1992 гг. Б. Казакоў стварыў свой самы маштабны твор – трыпціх з сімвалічнай назвай “Дарогі, па якіх ніхто не ходзіць”. Праца ўражвае вялікім фарматам: памеры работы 200?510 см. Цэнтральная частка трыпціха атрымала назву “Зачынены храм” (сам мастак называў яе “Забітая вера”). Прататыпам будынка стаў Георгіеўскі сабор у Юр’еве-Польскім Уладзімірскай вобласці (Расія). Левая частка трыпціха, “Зона”, з растрэсканай стужкай даўно няходжанай дарогі, прысвечана чарнобыльскай трагедыі. На правай частцы трыпціха, “Горад пад вадой”, адлюстравана званіца, якая засталася ад прыволжскага горада Малогі, затопленага пры будаўніцтве Рыбінскага вадасховішча. У 2012 г. на працягу месяца з 15 чэрвеня па 16 ліпеня гэты маштабны твор Б. Казакова экспанаваўся ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.
“Мастак, які малюе ўсё тое, дзе ён жыве, – нацыянальны мастак”**, – гэтыя словы таксама з рукапісу Б. Казакова. І яны самым непасрэдным вобразам адносяцца і да асобы аўтара. Ён – выдатны беларускі творца, які добра разумеў нашу зямлю і яе насельнікаў, баяўся і перажываў за яе будучыню.
З 1962 г. Б.І. Казакоў прымаў удзел у шматлікіх замежных і амаль ва ўсіх рэспубліканскіх мастацкіх выстаўках, правёў чатыры персанальныя экспазіцыі ў Мінску (1989, 1994, 1999, 2004). Дзве яго работы – “Аб першым трактарысце” (дыплом ІІ ступені на конкурсе “Маладая гвардыя Краіны Саветаў”) і “Малако 1942 года” (сярэбраны медаль ВДНГ СССР) набыла Дзяржаўная Траццякоўская галерэя ў Маскве. У 1991 г. Барысу Казакову было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь”, мастак быў узнагароджаны шматлікімі ганаровымі граматамі, медалём Беларускага саюза мастакоў за заслугі ў выяўленчым мастацтве (1999).
Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, фондах Беларускага саюза мастакоў, Траццякоўскай галерэі ў Маскве. У жніўні 2010 г. у залах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь з вялікім поспехам прайшла персанальная выстаўка “Паэзія ў штодзённасці”, прысвечаная выдатнаму беларускаму творцу Барысу Казакову.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.
*Культура. – 2010. –21–27 жніўня (№ 34). – С. 7.
**Там жа.