Дата рождения: 06.01.1942 Сушчоўская, былая в. (Сушчаўская ці Сушчэўская) Слабодка, Чавускі раён, Магілёўская вобласць
Краткая справка: жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі
Имена на других языках: Kireeu Mikalai Uladzimiravitch (английский); Киреев Николай Владимирович (русский);
Мікалай Уладзіміравіч Кірэеў – творца-шукальнік. Ён належыць да тых дзеячаў, якія творчай і педагагічнай пазіцыямі садзейнічаюць развіццю найбольш адметных якасцей сучаснай культуры Беларусі.
Нарадзіўся мастак на Магілёўшчыне. У 1962 г.скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (цяпер Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава). Потым былі дзевяць гадоў педагагічнай працы на кафедры малюнка і музыкі Магілёўскага педагагічнага інстытута (цяпер Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Куляшова). Раннія работы Міколы Кірэева ствараліся згодна з прынцыпам сацыялістычнага рэалізму і з шэрагу работ маладых мастакоў таго часу нічым асаблівым не вылучаліся: “Зімовы пейзаж” (1965), “Хімічны завод”, “Шэры дзень” (абедзве 1966), “Трубы”, “Дарога на Лаўсанбуд” (абедзве 1967).
У канцы 1970-х гг. мастак здолеў адмовіцца ад штампаў і здзейсніў пераход ад лінейна-графічнай манеры пісьма да колерапластычнай. Колер пачынае пераважаць у такіх работах, як “Светлы дзень” (1977), “Кветкі маёй Радзімы” (1978), “Чыстае возера” (1980), “Чавускае лета”, “У Купалаўскім краі”, “Прысвячэнне Я. Коласу”(усе 1982), “Свята ў Заслаўі” (1983), трыпціху “Доўгі дзень” (“Майскія грозы”, “Поўдзень”, “Цвіце верас”, 1981) і інш.
У 1988 г. М.У. Кірэеў быў запрошаны на педагагічную працу ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Пераезд мастака ў Мінск супаў з сур’ёзнымі пераменамі ў яго творчасці: пашырылася кола прафесійных кантактаў, з’явілася новая пластычная манера пісьма. Створаныя М. Кірэевым творы ад канца 1980-х гг. – летуценныя жаночыя партрэты, пейзажныя настраёвыя замалёўкі, жывапісныя пано. Сярод іх: “Чорныя дразды”, серыя “Туманы” (абедзве 1987), “Вялікі яблык” (1987) і інш. Мастацтвазнаўца Б. Крэпак назаве яго творы апошніх гадоў “колерамузыкай”, падкрэсліваючы асаблівую ролю колеру як выяўленчага сродку ў работах М. Кірэева. Гэтую ж адметнасць творчай манеры мастака адзначае і доктар мастацтвазнаўства В. Жук: “Мова жывапісу М. Кірэева нагадвае мову музыкі і валодае той жа самакаштоўнасцю, з’яўляецца формай выражэння. Мастак уносіць у кожную сваю работу асаблівую жывапісную інтанацыю. Колеравае вырашэнне часта вызначае сам змест карціны. Для М. Кірэева колер – гэта не проста фарба. Гэта нешта жывое, з чым можна імправізаваць, з дапамогай чаго можна надаваць форму адпаведна свайму бачанню і фантазіі”.*
Адным з любімых жанраў М. Кірэева з’яўляецца партрэт. Яго партрэты запамінаюцца, дзякуючы нестандарнаму бачанню мастаком асобы чалавека. Мікола Кірэеў піша свае карціны не з натуры, а згодна з унутраным уяўленнем пра рэчы і істоты. Партрэты мастака (пераважная большасць з іх жаночыя) прайшлі эвалюцыйны шлях ад пераважна рэалістычных да надзвычай жывапісных кампазіцый: “Ядвіга” (1971), “Дзяўчына з Чавусаў” (1976), “Надзея” (1980), “Студэнтка БДУ” (1981), партрэт дачкі (1984), “Блакітнае святло” (1990), “Зялёны бант” (2007) і інш. Ён аўтар партрэтаў мастакоў Л. Шчамялёва (1978) і М. Селешчука (1982), паэта А. Русака (1983), паэткі Л. Сільновай (2001).
З 1960-х гг. М. Кірэеў актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных мастацкіх выстаўках, арганізоўвае персанальныя паказы сваіх твораў у Францыі (1995), Германіі (2000), Італіі (2004, 2005). У 2005 г. яго творы былі паказаны на “малой радзіме”, у Чавусах. Значны грамадскі рэзананс мела яго персанальная выстаўка ў 2007 г. у Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава. У экспазіцыі было прадстаўлена 50 жывапісных палотнаў, створаных мастаком у апошнія гады: “Начны стажок”, “Лук Адысея”, “Спелыя яблыкі”, “Грушы” (усе 2003), “У майстэрні” (2005), “Вечар”, “Вершніца”, “Дзяўчынка з птушкамі”, “Новы дзень” (усе 2007) і інш. Выстаўка М. Кірэева, ураджэнца Магілёўшчыны, была наладжана з нагоды яго 65-годдзя.
Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, у мастацкіх і прыватных зборах Расіі, Грузіі, Галандыі, Эфіопіі, Францыі, Італіі, Ізраіля, Польшчы, ЗША. Праца мастака атрымала высокую адзнаку з боку дзяржавы: у 1992 г. М. Кірэеву было прысвоена званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь”. Ён таксама з’яўляецца лаўрэатам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Сёння Мікалай Уладзіміравіч загадвае кафедрай “Малюнак, жывапіс, скульптура” архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Армэн Сардараў, дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ, лічыць Мікалая Кірэева патрабавальным і строгім педагогам: да будучых архітэктараў ён падыходзіць так, як бы падыходзіў да будучых мастакоў. Педагагічная дзейнасць не спыніла творчай дзейнасці Міколы Кірэева, ён працягвае ствараць свае карціны, бо гэты занятак – галоўнае для мастака.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.
* Мікалай Кірэеў : каталог выставы / [склад. І. Гардзіёнак ; уступ. арт. В. І. Жука]. – Мінск : Юніпак, 2008. – 19 с.