Дата рождения:
06.03.1937 Асіповічы, г., Магілёўская вобласць
Краткая справка:
мастак-плакатыст, творы якога захоўваюцца ў вядучых музеях Беларусі, мастацкі рэдактар часопісаў "Маладосць", "Мастацтва Беларусі", "Спадчына"
Имена на других языках:
Krukousky Uladzimir Yakaulevitch (не определен); Круковский Владимир Яковлевич (русский);
3046 символов
Справка
Немагчыма ўявіць сучасны беларускі плакат без твораў Уладзіміра Крукоўскага. Цікавыя яны і самі па сябе, і як праявы некаторых істотна важных працэсаў, што ўплываюць на развіццё гэтага віду мастацтва. Яго стыль адметны лаканізмам адлюстравання, дакументальнасцю, выразнасцю колеру, змястоўнасцю, ёмістасцю і трапнасцю сюжэту.
Нарадзіўся У.Я. Крукоўскі ў г. Асіповічы. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута (1972). Творчую працу пачаў у канцы 1960-х гадоў. Удзельнік мастацкіх выставак з 1972 г. У гэты час малады мастак вызначае кірунак пошуку і паступова фарміруе ўласную вобразную сістэму, знаходзіць строгую і лаканічную выяўленчую мову. Яго плакатныя аркушы адгукаюцца на жыццёва важныя праблемы: “Помнікі архітэктуры – нацыянальны скарб” (1973), “Памятай! Кожны чацвёрты загінуў!” (1974), “Назаўсёды ў памяці народа” (1974), “Слава героям падполля” (1975), “Народ стварае хараство” (1975) і інш.
З 1975 г. становіцца членам Беларускага саюза мастакоў. Працяглы час працаваў мастацкім рэдактарам часопісаў “Маладосць” (1979–1982), “Мастацтва Беларусі” (1982–1984), “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”, “Спадчына” (з 1989 г.). Аўтар публікацый па гісторыі беларускай прыватнай геральдыкі.
Адным з першых на Беларусі ўвёў прыёмы проціпастаўлення вобразаў-сімвалаў, стварыў “інтэлектуальныя” плакаты. Мастак свабодна валодае плакатнай мовай, умела спалучае публіцыстычную завостранасць з выразнасцю выяўленчай метафары. Сілу плаката У. Крукоўскі бачыць у надзённасці, у вычарпальнай дакладнасці выказвання, нагляднасці і даходлівасці. Мастак звяртае ўвагу на вострасацыяльныя пытанні, што патрабуюць маштабнага вырашэння: “Раззбраенне” (1977), “SOS” (1978), “У бітвах за волю, у бітвах за лёс!..” (1980), “Мір, Ленін, камунізм!” (1982), “1986 – год міру” (1986) і інш.
У кожным плакаце мастак здольны знайсці патрэбную кампазіцыйна-колеравую дамінанту як аснову вобразна-асацыятыўнага ладу: трыпціх “Памяці Кастуся Каліноўскага” (1983), “Мір і сацыялізм – непадзельныя” (1985), “30 гадоў Варшаўскаму Дагавору” (1985), “Homo sapiens” (1980) і інш. Колер для мастака – не проста сродак дэкаратыўнасці, а важны элемент твора. Менавіта праз колер У. Крукоўскі выяўляе свае адносіны да свету. Аўтар трыпціха “Дзень X” (1996), “Што ж мы за людзі?” (1998), шэрагу плакатаў, прысвечаных славутым дзеячам Беларусі: Ф. Скарыне, М. Гусоўскаму, В. Цяпінскаму, К. Каліноўскаму, М. Багдановічу, Я. Купале, Я. Коласу і інш.
У. Крукоўскі – майстар з індывідуальным творчым почыркам, нязменны ўдзельнік рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных мастацкіх выставак. Яго творы добра ведаюць не толькі спецыялісты, але і шматлікія аматары выяўленчага мастацтва.
Творы майстра знаходзяцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь, Літаратурным музеі імя Я. Купалы, Літаратурна-мемарыяльным музеі імя Я. Коласа, Літаратурным музеі імя М. Багдановіча.
Жыве ў Мінску.
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна ў 2011 г.