Краткая справка:
мастак, дыпламант айчынных і замежных конкурсаў кніжнай графікі, творы якога захоўваюцца ў вядучых музеях Беларусі
Имена на других языках:
Kulik Yaughen Syargheevitch (не определен); Кулик Евгений Сергеевич (русский);
5253 символа
Справка
Выдатны мастак-графік, грамадскі і культурны дзеяч Яўген Кулік усё сваё жыццё быў нястомным рупліўцам на ніве беларускай культуры.
Нарадзіўся ён у Мінску ў сям’і з гарадскога прадмесця, недалёка ад Кальварыі. Шлях у мастацтва пачаў з наведвання студыі Мінскага Палаца піянераў і школьнікаў (цяпер Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі). Потым займаўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы (цяпер Мінскае дзяржаўнае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава, 1952–1957), Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, 1957–1963). Вучыўся ў Л. Лейтмана, А. Малішэўскага, В. Цвіркі, А. Шаўчэнкі, А. Мазалёва, У. Стальмашонка. Яго дыпломнай работай стала жывапіснае палатно “1920-ы”.
Я. Кулік атрымаў адукацыю жывапісца, аднак працаваў у станковай і кніжнай графіцы, экслібрысе. У пачатку 1960-х гг. малады мастак з’яўляўся мастаком-ілюстратарам і мастацкім рэдактарам дзіцячага часопіса “Бярозка”, афармляў кнігі для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Работы таго часу вызначаюцца завершанасцю кампазіцыі, сінтэзам выяўленчых сродкаў. Мастак адным з першых пачаў выкарыстоўваць аплікацыю з паперы і фотакалажы для стварэння графічных вобразаў у спалучэнні з выразнымі сродкамі тыпаграфікі (“Чарнічка” А. Вольскага (1964), “Як звяры да зімы рыхтуюцца” І. Бурсава (1966), зборнік паэзіі “Маладзік” М. Багдановіча (1968)). Выдатнымі з’яўляюцца ілюстрацыі, выкананыя мастаком у тэхніцы акварэлі да беларускай народнай казкі “Пшанічны каласок” (выд. у 1974 і 1980), літаратурнай казкі М. Багдановіча “Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык” (выд. у 1975), да падручніка “Беларуская мова” для 1-га класа агульнаадукацыйнай школы (1969). Падручнік, аформлены Я. Куліком у садружнасці з П. Драчовым, атрымаў дыплом 2-й ступені на Усесаюзным конкурсе кнігі ў Маскве (1971).
У 1970-я – 1980-я гг. Я. Кулік займаецца вывучэннем гістарычнай і культурнай спадчыны беларускага народа, робіць фотаздымкі і замалёўкі помнікаў архітэктуры, займаецца гістарычнымі рэканструкцыямі: стварае шэраг партрэтаў славутых гістарычных постацей (Рагвалода, Рагнеды, Еўфрасінні Полацкай, Лазара Богшы); графічныя творы, прысвечаныя падзеям нацыянальнай гісторыі (“Кірмаш на Беларусі ў ХVІІІ ст.” (1977), “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” (па матывах аднайменнага рамана У. Караткевіча; 1978), “Паўстанцы ля кузні” з серыі “Паўстанне 1863 г. на Беларусі” (1988)); рэканструіруе гербы беларускіх гарадоў магдэбургскага перыяду (для кніг А. Цітова “Гербы беларускіх гарадоў” (1983) і “Гарадская геральдыка Беларусі” (1989)). Шырокавядомымі сталі графічныя серыі “Помнікі дойлідства Гродзеншчыны” (1974), малюнкі-рэканструкцыі “Замкі Беларусі” (1977), якія, дзякуючы сваёй гістарычнай дакладнасці, неаднаразова друкаваліся ў энцыклапедычных і навуковых выданнях.
У 1980-я гг. Я. Кулік працягваў супрацоўніцтва з выдавецтвамі. Сапраўдным шэдэўрам кніжнага мастацтва, па меркаванні спецыялістаў, з’яўляецца афармленне паэмы М. Гусоўскага “Песня пра зубра” (1980). Я. Кулік выкарыстаў кампазіцыйныя і вобразна-сімвалічныя прынцыпы афармлення старадрукаваных кніг і гравюр, дапаўняючы ілюстрацыі дэкаратыўнымі элементамі ўнутранага афармлення: ініцыяламі і канцоўкамі. У 1981 г. на рэспубліканскім конкурсе “Мастацтва кнігі” выданне было адзначана дыпломам імя Ф. Скарыны, а на ХХІІ Усесаюзным – дыпломам 1-й ступені. Ілюстрацыі да кнігі былі выстаўлены Я. Куліком у 1980 г. на мастацкай выстаўцы ў Мінску, прысвечанай 500-годдзю з дня нараджэння паэта-гуманіста М. Гусоўскага.
У 1990-я гг. Я. Кулік прадоўжыў працу над партрэтамі славутых дзеячаў Беларусі, стварыўшы графічныя аркушы “Мікола Гусоўскі. Беларускі паэт-лацініст. 1470–1533”, “Францішак Скарына. 1490–1552”, “Ян Вісліцкі. 1485 – пасля 1516” пяром і гуашшу.
Разам з аднадумцамі Яўген Кулік рыхтаваў выстаўкі да юбілеяў Цёткі (Алаізы Пашкевіч), М. Гусоўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каліноўскага і паўстання 1863 г., працаваў над падрыхтоўкай экспазіцый твораў народнага разьбяра А. Пупко, мастакоў М. Станюты, М. Сеўрука, Я. Драздовіча, П. Сергіевіча і інш. Выстаўкі далі беларускаму мастацтву шэраг твораў бясспрэчнай мастацкай і культурна-гістарычнай каштоўнасці, мелі значны грамадскі рэзананс і выконвалі пэўную асветна-выхаваўчую ролю. Удзел Я. Куліка ў падрыхтоўцы гэтых выставак надзвычай значны: ён распрацоўваў тэматыку выстаўкі, ствараў зыходную іканаграфію, выступаў дарадцам, кансультантам, крытыкам. Дзякуючы сваёй эрудыцыі, глыбокаму веданню і разуменню гісторыі, мастацтва, літаратуры, мастак надзвычай моцна ўплываў на сваіх калег.
Творы Я. Куліка захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Літаратурных музеях Я. Купалы і М. Багдановіча, Гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Заслаўе”, прыватных зборах.
З мэтай ушанавання памяці майстра яго аднадумцамі і сябрамі былі наладжаны ў Мінску яго персанальныя выстаўкі: у Палацы мастацтваў (2002, 2004), кавярні-фальварку “Добрыя Мыслі” (2005), у галерэі “Беларт” (студзень 2012). У лістападзе 2005 г. адбылося адкрыццё помнікаў на магіле Я. Куліка і яго маці на Кальварыйскіх могілках.