Дата рождения: 08.04.1937
Дата смерти: 08.10.2011
Краткая справка: артыст оперы (лірыка-драматычны барытон), народны артыст Беларусі
Имена на других языках: Бастриков Юрий Георгиевич (русский);
Юрый Георгіевіч Бастрыкаў нарадзіўся ў Екацярынбургу (Расія). У 1966 г. скончыў Уральскую дзяржаўную кансерваторыю імя М.П. Мусаргскага ў Свярдлоўску і пачаў працаваць ў якасці саліста оперы Свярдлоўскага акадэмічнага тэатра оперы і балета. Больш за 30 гадоў (з 1969 па 2002 гг.) Ю. Бастрыкаў аддаў служэнню Нацыянальнаму акадэмічнаму Вялікаму тэатру оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Вакальную выканальніцкую манеру артыста, які валодаў моцным, выразным голасам шырокага дыяпазону, вылучала высокае майстэрства. Ім створана галерэя мастацкіх вобразаў па творах сучасных беларускіх кампазітараў, сусветнай і рускай класікі.
У 1970 г. на сцэне тэатра была пастаўлена опера «Зорка Венера» Ю. Семянякі, прысвечаная жыццю і творчасці М. Багдановіча. Выканаўца ролі паэта Ю. Бастрыкаў пераканаўча раскрыў такія рысы свайго героя, як паэтычнасць натуры, любоў да жыцця, да прыгожага і добрага. Партыя М. Багдановіча з'явілася першай роляй у беларускай оперы, заснаванай на эстэтыцы «тэатра прадстаўлення». У 1970 г. адбылася прэм'ера оперы «Андрэй Касценя» М. Аладава, прымеркаваная да 25-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Партыя галоўнага персанажа была ў оперы безумоўна самая няпростая. У ёй шмат вакальных складанасцей, вострых драматычных сітуацый, якія выканаўца Ю. Бастрыкаў паспяхова пераадолеў. У адпаведнасці з асаблівасцямі музычнай драматургіі ён ствараў свайго героя то пяшчотным, то рашучым, то насцярожаным у хвіліны небяспекі, якая пагражала яму і яго сябрам. Юрый Бастрыкаў упэўнена правёў партыю і ў складаных драматычных сітуацыях, і ў адказных вакальных эпізодах. Акцёр максімальна набліжаўся да арганічнай узгодненасці сцэнічнай ігры і вакальнага выканання.
Імкненне да ёмістай канцэнтрацыі пачуццяў і думак, да шырокіх эмацыянальна-сэнсавых абагульненняў, вобразнай асацыятыўнасці, афарыстычнасці вызначалі спектакль «Залаты пеўнік» М. Рымскага-Корсакава (1971). Выканаўца партыі Афрона Ю. Бастрыкаў стварыў каларытны і характарны вобраз. У 1970-я гг. у беларускага опернага калектыву ўсталяваліся трывалыя сувязі з Вроцлаўскім тэатрам оперы і балета Польскай Народнай Рэспублікі. Гэтыя сувязі набылі форму ўзаемных абменаў выканаўцамі і пастаноўшчыкамі. У прыватнасці, галоўны рэжысёр гэтага тэатра Б. Янкоўскі ў 1975 г. паставіў у Мінску оперу С. Манюшкі «Галька». Юрый Бастрыкаў выканаў ролю Януша. Артыст знайшоў выразныя магчымасці і арыгінальныя прыёмы для ўвасаблення гэтага складанага ў сцэнічных адносінах вобраза, адышоўшы ад штампаў «опернага злодзея», трактуючы яго лагічна і па-мастацку пераканаўча.
У 1977 г. у тэатры адбылася прэм'ера оперы «Джардана Бруна» С. Картэса. Пастаноўка ўвабрала шырокае кола асацыяцый і абагульненняў. Пошукі новых музычных сродкаў выразнасці і іх драматургічнага асэнсавання выклікалі да жыцця шэраг спецыфічных складаных прыёмаў. Аўтарская ідэя накіраванасці оперы на сучаснасць была падхоплена пастановачным калектывам, які стварыў яркі публіцыстычны спектакль пра лёс вялікага вучонага, праклаўшы тым самым шлях музычна-публіцыстычнаму паказу, які ў 1970-я гг. толькі асвойваўся. Юрый Бастрыкаў стварыў у спектаклі светлы вобраз маладога двараніна Ладавіка да Мельеры, вучня і паслядоўніка Джардана Бруна. Яго партыя невялікая, але драматургічна значная, бо ў гэтым вобразе закладзены парасткі будучыні, за якой – прагрэс і прызнанне вучэння вялікага мысліцеля. Паэтычна дэкламацыйны пачатак вакальнай партыі ў спалучэнні з фактурай суправаджэння рамансавага тыпу складаюць істотныя элементы інтанацыйнай сферы гэтага ўзвышанага і высакароднага героя, партыю якога Ю. Бастрыкаў выканаў з вялікай пранікнёнасцю.
Значную з'яву ў развіцці нацыянальнага музычнага тэатра ўявіла сабою пастаноўка оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» У. Солтана. Дзякуючы вялікаму прафесійнаму вопыту і акцёрскаму майстэрству Ю. Бастрыкава вобраз галоўнага героя Беларэцкага набыў актыўнасць паводзін, а разам з ёю і жывую непасрэднасць і душэўнасць, якімі надзяліў яго аўтар аповесці У. Караткевіч. Артыст здолеў правесці скразную лінію развіцця гэтага вобраза ад пачатку і да канца, раскрыць у ім «жыццё чалавечага духу».
Этапнай для тэатральнага калектыву з'явілася пастаноўка оперы «Вайна і мір» С. Пракоф'ева (1985). Выканаўца ролі Напалеона Ю. Бастрыкаў падкрэсліваў асаблівыя рысы характару свайго героя – уладарнасць, унутраную сілу і розум, якія акцёр перадаваў пры дапамозе адточанага малюнка жэста, позы, асобай манеры інтанавання, бездакорнай дыкцыі. Вобраз, створаны Ю. Бастрыкавым, выклікаў супярэчлівае ўражанне – у ім спалучаліся самаўпэўненасць, велічнасць і ў той жа час разгубленасць і ўнутраная скаванасць. У выніку перад слухачом паўставаў скульптурна-пластычны вобраз улюбёнага ў сябе выбранніка лёсу, які прывык загадваць і перамагаць, але прадчуваў непазбежную катастрофу.
У 1983 г. быў пастаўлены яркі і рамантычны спектакль «Казкі Гофмана» Ж. Афенбаха, які пашырыў жанравы дыяпазон рэпертуару тэатра. Юрый Бастрыкаў сыграў драматычна насычаную ролю злога генія Ліндорфа, якая патрабавала высокага прафесіяналізму. Яго герой не пазбаўлены чалавечых рыс характару. Ён саркастычны, жорсткі, зласлівы, аднак не так рэзка супрацьстаіць іншым персанажам, а часам быццам бы «раствараецца» сярод іх, каб затым у патрэбны момант зноў з'явіцца і нанесці ўдар таму, каму ён зайздросціць і не можа дараваць геніяльнасці. Трактоўка вобраза артыстам пераканальная і садзейнічае абвастрэнню псіхалагічных паядынкаў паэта са сваім дэманам, што ўвасабляе барацьбу дабра са злом, чыстасардэчнасці з вераломствам. Гэта напружаная сутычка двух супрацьлеглых пачаткаў, якая адбываецца на працягу ўсяго музычна-сцэнічнага дзеяння, і складае драматургічны касцяк твора Ж. Афенбаха.
Маляўнічны і выразны вобраз Томскага стварыў Ю. Бастрыкаў у оперы «Пікавая дама» П. Чайкоўскага (1983). У цікавым і яркім спектаклі «Баль-маскарад» Дж. Вердзі (1988) артыст выканаў ролю Рэната, якая з'яўляецца адной з самых складаных у гэтай оперы. У ёй адлюстраваны цяжкі шлях пераўвасаблення чалавечага характару. Гэту эвалюцыю Ю. Бастрыкаў увасобіў вельмі пераканаўча. Вобраз бліскучага, самаўпэўненага Эскамільё стварыў спявак у оперным спектаклі «Кармэн» Ж. Бізэ (1990).
Сярод іншых роляў Ю. Бастрыкава вылучаюцца Рыгалета, Аманасра, маркіз ды Поза, Жэрмон («Рыгалета», «Аіда», «Дон Карлас», «Травіята» Дж. Вердзі), Фігара («Вяселле Фігара» В.А. Моцарта), Валянцін («Фауст» Ш. Гуно), Гразной («Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава), Раберт («Іаланта» П. Чайкоўскага), Скарпія («Тоска» Дж. Пучыні) і інш. Усяго ў рэпертуары артыста было больш за 20 буйных партый опернай класікі і сучасных аўтараў.
Дзякуючы выдатнаму таленту, моцнаму голасу, яркаму артыстызму Ю. Бастрыкаў стаў адным з самых вядомых майстроў беларускай опернай сцэны.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.