“Казачніца наша дарагая” – менавіта так называюць калегі і ўдзячныя чытачы вядомую ў славянскім свеце даследчыцу-фалькларыстку, таленавітую выкладчыцу, чалавека з актыўнай жыццёвай пазіцыяй – Галіну Аляксандраўну Барташэвіч. І гэта нездарма, бо Галіна Аляксандраўна – аўтар больш за 300 навуковых прац, прысвечаных традыцыйнай культуры і народнай паэтычнай спадчыне беларусаў.
Нарадзілася будучая фалькларыстка 18 чэрвеня 1932 г. у Слуцку. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1956) працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У пошуках скарбаў народнай культуры шмат вандравала па далёкіх і блізкіх вёсачках. Збіральніцкай працай займалася заўсёды з вялікім энтузіязмам, бо ва ўменні наладжваць кантакты з людзьмі ёй не было роўных. Незабыўныя ўражанні ад сустрэч з носьбітамі вуснай паэтычнай творчасці і карпатлівая навуковая праца ў Інстытуце пад кіраўніцтвам паэта, вучонага-лінгвіста, акадэміка НАН Беларусі П.Ф. Глебкі прынеслі Галіне Аляксандраўне заслужанае прызнанне.
Падчас сваіх вандровак даследчыца сабрала больш за 10 тыс. фальклорных твораў, многія з якіх увайшлі ў тамы серыі “Беларуская народная творчасць”: “Радзінная паэзія” (1971), “Загадкі” (1972), “Жартоўныя песні” (1974), “Прыказкі і прымаўкі” (кн.1, 1976), “Балады (кн.1, 1977), “Вяселле. Абрад” (1978), “Выслоўі” (1979), “Вяселле. Песні” (кн. 1–3, 1980–1983), “Восеньскія і талочныя песні” (1981), “Легенды і паданні” (1983), “Купальскія і пятроўскія песні” (1985), “Пахаванні. Памінкі. Галашэнні” (1986), “Прыпеўкі” (1989), “Паэзія беларусага земляробчага календара” (1992). За значны ўклад у падрыхтоўку гэтага шматтомнага навуковага выдання ў 1986 г. Г.А. Барташэвіч была ўзнагароджана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Працы фалькларысткі надрукаваны таксама ў зборніках “Песні савецкага часу” (1970), “Бабуля так лячыла” (1992), “Ходзіць жораў па таку” (1993), “Ішоў бай па сцяне” (1995), “Чарадзейныя казкі” (ч.1–2, 1973–1978), “Веснавыя песні” (1979), “Валачобныя песні” (1980), “Беларускія народныя казкі” (1981), “Казкі ў сучасных запісах” (1989) і інш. Экспедыцыйныя матэрыялы і назіранні дазволілі ёй таксама абгрунтаваць культ галоўнага язычніцкага бога Перуна ў веснавым абрадзе «Пахаванне “стралы”», даць тлумачэнне каляндарнай гульні “Жаніцьба Цярэшкі” і яе сувязі з фалічным культам.
Манаграфія Г.А. Барташэвіч “Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору” (1976) і складзены ёю зборнік “Дзіцячы фальклор” (1972) з’яўляюцца першымі ў беларускай фалькларыстыцы даследаваннямі па дзіцячым фальклоры. Параўнальнаму вывучэнню міжславянскіх сувязяў фальклору прысвечана яе кніга “Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя” (1985), а таксама раздзел “Жанравая спецыфіка каляндарна-абрадавай паэзіі ўсходніх славян” у калектыўнай працы “Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян” (1993). Галіна Аляксандраўна – суаўтар слоўніка “Усходнеславянскі фальклор” (1993).
Асабліва дарагім сэрцу фалькларысткі з’яўляецца адзін з найбольш старажытных жанраў фальклору – замовы. Упершыню ў беларускай фалькларыстыцы яна апублікавала абагульняльную тэарэтычную працу “Магічнае слова: вопыт даследавання светапогляднай і мастацкай асновы замоў” (1990), дзе прааналізавала эстэтычныя прынцыпы адлюстравання рэчаіснасці, сэнсавае багацце замоўных сюжэтаў. Яшчэ больш за 1 300 тэкстаў замоў, сабраных падчас экспедыцый, увайшлі ў том “Замовы”, які быў выдадзены ў 1992 г. у серыі “Беларуская народная творчасць” і адразу стаў рарытэтным выданнем не толькі ў Беларусі, але і ў краінах Балтыі, Расіі і Украіны.
З 1994 г. Галіна Аляксандраўна – прафесар кафедры зместу і метадаў выхавання ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Яе багаты навуковы вопыт трансфарміраваўся ў асноўны кірунак педагагічнай дзейнасці – этнапедагогіку беларусаў, якая, на думку вучонага, забяспечвае бесперапыннасць духоўнага развіцця нацыі, сацыяльную пераемнасць і этнічнае даўгалецце. Даследчыца распрацавала праграму курса “Этнапедагогіка беларусаў” (1996). Акрамя гэтага яна з’яўляецца аўтарам артыкулаў па народнай педагогіцы, якія грунтуюцца пераважна на беларускай вуснапаэтычнай творчасці: “Фальклор і дзеці” (1994), “Фальклор у сістэме выхавання” (1995), “Агульначалавечыя і нацыянальныя каштоўнасці – аснова зместу выхавання гуманістычнай асобы” (1997) і інш. Высокай ацэнкай лекцый і майстар-класаў Галіны Аляксандраўны з’яўляюцца ўсхваляваныя водгукі слухачоў, якія выказваюць вялікую падзяку за далучэнне да беларушчыны і адчуванне светлага пачуцця Бацькаўшчыны.
Зараз Г.А. Барташэвіч – першы намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Народная асвета”. Яна шчыра дбае пра захаванне традыцый народнай педагогікі ў часопісе, клапоціцца пра ўдасканаленне зместу, пашырэнне інфармацыйнай прасторы выдання, прапагандуе педагагічныя ідэі і напрацоўкі.
Матэрыял падрыхтаваны Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкай у 2012 г.