Больш за 80 пастановак сюжэтна-тэматычных харэаграфічных кампазіцый і народна-сцэнічных танцаў здзейсніў за сваё плённае творчае жыццё Леанід Сцяпанавіч Барадулька – чалавек вялікай душы і шчодрага сэрца, мастацкі кіраўнік, балетмайстар і душа праслаўленага калектыву – ансамбля танца “Лявоніха” Віцебскага гарадского Цэнтра культуры.
Нарадзіўся Леанід Сцяпанавіч у Оршы 1 лютага 1937 г. Яшчэ ў дзяцінстве і юнацтве музыка і танцы выклікалі ў яго вялікае захапленне, асабліва, калі даводзілася бываць на вясковых вечарынках. З народнымі танцамі ён у далейшым не развітваўся ніколі. У 17-гадовым узросце, ужо працуючы на Віцебскім заводзе імя Камінтэрна, малады чалавек пачаў займацца ў самадзейным танцавальным гуртку гарадскога Дома культуры. У тыя часы кіраўніком гуртка, створанага ў 1954 г., з’яўляўся С.Х. Партной, які адразу адзначыў выдатныя здольнасці юнака, яго працалюбівасць, жаданне самастойна зразумець усе тонкасці танцавальнага майстэрства. Праз некалькі гадоў Л. Барадулька атрымаў запрашэнне да ўдзелу ў конкурсе па адборы кандыдатаў у Дзяржаўны ансамбль танца БССР. Трапіўшы ў ансамбль, малады танцор вельмі сур’ёзна заявіў пра сябе, аб чым сведчаць запрашэнні ў Чырвонасцяжны ансамбль імя Аляксандрава і малдаўскі “Жок”.
Аднак у 1964 г. Леанід Сцяпанавіч вярнуўся ў Віцебск і ўзначаліў свой родны танцавальны калектыў у Доме культуры. У тыя часы будучая праслаўленая “Лявоніха” налічвала толькі некалькі танцавальных пар. Малады кіраўнік з вялікім азартам уключыўся ў работу. Леанід Сцяпанавіч вельмі хацеў зрабіць з простага танца маленькі спектакль, відовішчны, па-мастацку пабудаваны нумар. Для дэталёвага вывучэння беларускага танцавальнага фальклору ён з калектывам выязджаў у раёны Віцебшчыны. Дзякуючы гэтаму, напрыклад, была здзейснена пастаноўка танца “Беларуская кругавая кадрыля”, якая бытавала ў Бешанковіцкім раёне. Калектыў пачаў удзельнічаць ва ўсіх значных культурна-масавых мерапрыемствах горада і вобласці. Паступова ансамбль творча сталеў, набываў папулярнасць. У 1971 г. яму было прысвоена званне “Народны самадзейны калектыў”.
Шмат сіл і энергіі Леанід Сцяпанавіч аддаваў падрыхтоўцы разнастайных канцэртных праграм. Спецыяльна да святкавання 1000-гадовага юбілею Віцебска (1974) была створана харэаграфічная кампазіцыя “Віцязі”. Шмат увагі ўдзяляў мастацкі кіраўнік пытанням творчага станаўлення і выхавання моладзі ў калектыве. Пастаянную практычную дапамогу аказваў ён дзіцячаму танцавальнаму калектыву Лятчанскага Дома культуры Віцебскага раёна, за што быў узнагароджаны знакам “Выдатнік шэфскай работы на сяле”.
У 1979 г. Л.С. Барадулька скончыў Віцебскае культурна-асветніцкае вучылішча. Быў пастаянным удзельнікам рэспубліканскіх семінараў-практыкумаў па запісе народных танцаў, семінараў кіраўнікоў народных ансамбляў танца, рэспубліканскіх нарад работнікаў культуры. Адначасова балетмайстар працягваў вывучаць рэпертуар і кансультавацца ў Дзяржаўным ансамблі танца БССР. У 1980 г. менавіта народны ансамбль “Лявоніха” з харэаграфічнай кампазіцыяй “Алімпійскі факел” прадстаўляў культуру Прыдзвіння на ХХІІ Алімпійскіх гульнях у Маскве.
За 36-гадовую працу ў “Лявонісе” Л.С. Барадулька паставіў вялікую колькасць сюжэтна-тэматычных харэаграфічных кампазіцый і народна-сцэнічных танцаў, значная частка якіх была створана на фальклорным матэрыяле Віцебскага Падзвіння: “Старасельская кадрыля”, “Лявоніха”, “Крыжачок”, “Кросны”, “Таўкуша”, “Беларускія хлопцы” і інш. У аўтарскіх пастаноўках балетмайстар асаблівую ўвагу надаваў сродкам мастацкай выразнасці: прастораваму малюнку, пластыцы танца, якая інтанацыйна набліжалася да пластычнай мовы аўтэнтычных узораў Беларускага Паазер’я. Леанід Сцяпанавіч з’яўляўся кансультантам Віцебскага абласнога навукова-метадычнага цэнтра народнай творчасці і культасветработы, дапамагаў аматарскім харэаграфічным калектывам у фарміраванні беларускага рэпертуару, тым самым развіваючы рэгіянальную народную харэаграфію ў яе сцэнічных формах. Выкладаў беларускі народны танец на абласных семінарах харэографаў і курсах павышэння кваліфікацыі культработнікаў. У 1982 г. яму было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік культуры Беларусі”.
Талент і плённая праца Л.С. Барадулькі прынеслі вядомасць і славу не толькі роднаму калектыву, але і ўсёй Віцебшчыне. Балетмайстар імкнуўся спалучаць наватарскія пошукі з захаваннем традыцый нацыянальнай культуры, стварыў асаблівы варыянт тэатралізаванага дзейства, магічнае ўздзеянне якога было па заслугах ацэнена гледачамі розных краін. Ён змог прыўнесці ў народны танец інтэлігентнасць, надзіва тонкі псіхалагізм. Ансамбль паспяхова выступаў у міжнародных фальклорных фестывалях у Германіі, Грэцыі, Канадзе і іншых краінах, быў пераможцам усесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў. Праграма выступленняў заслужанага аматарскага калектыву “Лявоніха” заўсёды ўражвала і працягвае ўражваць непаўторнасцю бытавога каларыту і вытанчанасцю нацыянальнага духу. Калектыў з’яўляецца актыўным удзельнікам канцэртаў, прысвечаных дзяржаўным святам у горадзе і вобласці, выступае з сольнымі праграмамі.
Матэрыял падрыхтаваны Віцебскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна ў 2012 г.