Дата рождения:
11.05.1947 Пешкі, в., Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласць
Краткая справка:
паэтэса, празаік, перакладчык, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1987), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1994), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1998)
Имена на других языках:
Боровикова Раиса Андреевна (русский);
3818 символов
Справка
Раіса Андрэеўна Баравікова – адна з самых яркіх прадстаўніц беларускай паэзіі. Яе вершы – гэта канкрэтная жыццёвая споведзь, адлюстраванне тых падзей і момантаў, якія прайшлі праз сэрца. На працягу ўсёй сваёй творчасці Р. Баравікова сцвярджае, што самае цудоўнае пачуццё, якім чалавек выпрабоўваецца на вернасць, сумленнасць, высакароднасць, – каханне.
Нарадзілася Раіса Андрэеўна ў вёсцы Пешкі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям'і служачага. У 1965 г. скончыла Бярозаўскую сярэднюю школу, працавала ў быхаўскай раённай газеце “Маяк Прыдняпроўя”. Пасля вучобы ў Літаратурным інстытуце імя А.М. Горкага ў Маскве (1971) была накіравана на пасаду рэдактара кінастудыі “Беларусьфільм”. З 1972 да 1977 г. працавала карэспандэнтам газеты “Літаратура і мастацтва”, потым – у “Чырвонай змене”. У 1996 г. яна прызначана намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Алеся”, а з 2000 г. – яго галоўным рэдактарам. У 2002 г. Р. Баравікова стала галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць”.
Друкавацца паэтэса пачала яшчэ ў юнацкія гады. Першы верш быў апублікаваны ў бярозаўскай раённай газеце “Маяк камунізму”. З таго часу Р. Баравікова не спыняецца ў творчым самаразвіцці, працягвае рэалізоўваць прыроджаны лірычны талент у самых розных мастацкіх формах. З невялікім часавым прамежкам выходзілі яе паэтычныя зборнікі: “Рамонкавы бераг” (1974), “Слухаю сэрца” (1978), “Такое кароткае лета” (1981), “Адгукнуся голасам жалейкі” (1984), “Каханне” (1987, Літаратурная прэмія імя А. Куляшова 1988), “Пад небам першага спаткання” (1990), “Люстэрка для самотнай” (1992, Дзяржаўная прэмія Беларусі 1994). У паэзіі Р. Баравіковай вядучае месца займаюць тэма кахання, складаны свет думак і пачуццяў лірычнага героя, яго прага да высокага духоўнага ідэалу, пошук сапраўдных маральна-этычных асноў. Скразнымі вобразамі з'яўляюцца вобраз птушкі як сімвала імгненнасці чалавечага жыцця: “Усё жыццё – крыла ўзмах”; вобраз сонца, якое атаясамліваецца з гарманічным, шчаслівым суіснаваннем асобы і свету: “Пад сонцам грэшным можна жыць з ілжы, Пад сонцам ясным – толькі з думак чыстых…”; вобраз саду як ідэальнага свету ўзаемаадносін чалавека і прыроды: гэта і кожны сад Беларусі (“Мазурка”), і дзіўны сад-рай Афрадзіты (“Рамантычная дзяўчына шукае шчасце”), і сад, намаляваны на капялюшыку каханай (“Я памаўчу, Ты гавары”), які сімвалізуе сабой няспраўджаную мару, пачуццё, якое ніколі не вернецца. Гучыць у вершах і мацярынская трывога за духоўнае жыццё грамадства: “Так доўга з мары мы рабілі яву, што дзе-нідзе згубіўся чалавек…”, закранаецца праблема адзінокіх, састарэлых маці (“Маці”), упэўнена праяўляюцца філасофскія матывы, немагчымасць спасціжэння сэнсу быцця (“Як часта ў свеце, бы ў бязлюднай хаце…”, “Старэюць людзі, дрэвы і кусты…”).
Р. Баравікова з'яўляецца аўтарам драматычнай паэмы “Барбара Радзівіл” (1992), у якой адлюстраваны эпізоды беларускай гісторыі. У 1994 г. паэма была пастаўлена ў тэатры-студыі беларускай драматургіі “Вольная сцэна”. Р. Баравіковай былі напісаны п'есы “Цётка Малання з Асаўца” (1984); “Пятля часу” (1996); поўны сцэнічны варыянт лірычнай драмы “Барбара Радзівіл” (2001). Адметнымі з'яўляюцца адрасаваныя дзецям кнігі «Галенчыны “Я”, альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў» (1990), “Дзве аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і казка пра жабяня Квыш-Квыш” (1996). Значнае месца літаратуразнаўцы адводзяць і аповесці “Кватарантка”, якая расказвае пра маладое пакаленне, пошукі свайго месца ў жыцці.
У апошнія гады Р. Баравікова піша ў жанры прозы. Яна аўтар зборніка апавяданняў “Вячэра манекенаў”, напісаных у жанры псіхалагічнай фантастыкі, аповесці “Лён-Лянок, альбо Кампакт-дыск ад зялёнага Дрэйка” і цыкла фантастычных гісторый “З казак старога астранаўта”. Пісьменніца займаецца таксама перакладамі з рускай, украінскай і польскай моў.