Дата рождения:
26.06.1897 Навасёлкі, в., Пухавіцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
20.09.1977
Краткая справка:
хірург, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, выдатнік аховы здароўя, кавалер ордэнаў Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга
Имена на других языках:
Бабук Владимир Викентьевич (русский);
3424 символа
Справка
Вядомы беларускі хірург, тапографаанатам Уладзімір Вікенцьевіч Бабук нарадзіўся ў в. Навасёлкі Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям'і. Вучыўся ў Навасёлкаўскім народным вучылішчы. У 1917 г. скончыў Магілёўскую фельчарскую школу. У 1918 г. паступіў на медыцынскі факультэт Казанскага ўніверсітэта. Урачэбную дзейнасць пачаў у 1923 г. загадчыкам Чэрвеньскага павятовага аддзела аховы здароўя БССР. Праз год стаў ардынатарам, затым асістэнтам, старшым асістэнтам кафедры агульнай хірургіі медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (пазней факультэт быў рэарганізаваны ў Мінскі медыцынскі інстытут). У 1935 г. У.В. Бабуку прысвоена вучоная ступень кандыдата медыцынскіх навук, а ў 1937 г. – доктара медыцынскіх навук. У 1938 г. ён стаў прафесарам. Да 1941 г. загадваў кафедрамі агульнай хірургіі, аператыўнай хірургіі і тапаграфічнай анатоміі Мінскага медыцынскага інстытута. У час Вялікай Айчыннай вайны У.В. Бабук узначальваў кафедру агульнай і факультэцкай хірургіі Кіргізскага медыцынскага інстытута і быў кансультантам шэрага эвакашпіталяў Кіргізіі, а потым галоўным хірургам праўлення шпіталяў БССР. У 1943–1944 гг. У.В. Бабук загадваў кафедрай агульнай хірургіі Беларускага медыцынскага інстытута (Яраслаўль), у 1944–1949 гг. Мінскага медыцынскага інстытута. У 1946–1949 гг. быў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага інстытута ўдасканальвання ўрачоў. Затым загадчыкам кафедры аператыўнай хірургіі і тапаграфічнай анатоміі Мінскага медыцынскага інстытута (1949–1962). З 1962 па 1969 г. з'яўляўся кансультантам гэтай кафедры.
Уладзімір Вікенцьевіч Бабук унёс вялікі ўклад у развіццё медыцынскай навукі. Ён займаўся складанымі і актуальнымі пытаннямі практычнай хірургіі. Тэматыка навуковых даследаванняў цесна звязана кірункамі дзейнасці кафедры. Вяліся работы па эксперыментальным і клінічным лячэнні траўматычнага шоку і крывацёку, хірургічным лячэнні астэаміэліту, спантаннай гангрэны. Былі распрацаваны метады лячэння вострай прамянёвай хваробы, апендыкулятарных інфільтратаў, апёкаў, гангрэны, сепсісу. Вучоны з'яўляецца аўтарам больш за 90 навуковых публікацый, у тым ліку манаграфіі «Травматический шок и острые кровопотери» (1953), падручніка для студэнтаў медыцынскіх ВНУ «Оперативная хирургия» (1962). Пад яго рэдакцыяй у 1965 г. быў выдадзены «Практикум по топографической анатомии». Падрыхтаваў доктара і 22 кандыдата медыцынскіх навук.
Шмат увагі У.В. Бабук удзяляў арганізацыйным пытанням аховы здароўя. Быў старшынёй Вучонага медыцынскага савета Міністэрства аховы здароўя БССР (1962–1966), старшынёй праўлення Рэспубліканскага навуковага таварыства хірургаў БССР і членам праўлення Усесаюзнага таварыства хірургаў (1965–1967). Па яго ініцыятыве створаны абласныя і гарадскія навуковыя таварыствы хірургаў, распрацаваны устаў рэспубліканскага таварыства, арганізаваны V Рэспубліканскі з'езд хірургаў. Таксама У.В. Бабук займаўся грамадскай работай. Быў дэпутатам гарадскога савета Чэрвеня (1923–1924) і раённага савета Мінска (1937–1941).
За поспехі ў лячэбнай рабоце і падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў, правядзенні навуковых даследаванняў У.В. Бабуку ў 1948 г. прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі Беларусі. Таксама ён узнагароджаны ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі, значком «Выдатнік аховы здароўя», ганаровымі граматамі.