Тамара Iванаўна нарадзiлася 9 красавiка 1942 г. у старажытным Тураве, што на Гомельшчыне. Скончыла манументальнае аддзяленне Мiнскага мастацкага вучылiшча (1966, клас I. Ейдэльмана), працавала ў мастацкiх майстэрнях Вiцебска. З 1972 г. пачала ўдзельнiчаць у айчынных і замежных мастацкiх выставах.
У 1977 г. мастачка перабралася ў Брэст. Падчас працы на брэсцкім камбінаце “Мастацтва” выканала манументальна-дэкаратыўныя роспісы ў будынках Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, школах і дзіцячых садках горада. Асноўнымі творамі гэтага перыяду з’яўляюцца: манументальны роспiс “Прырода i свет” у педуніверсітэце, “Гармонiя” ў Брэсцкiм тубдыспансеры, “Шчаслiвае дзяцiнства” ў брэсцкiм унiвермагу “Дзiцячы свет”, “Космас” у сярэдняй школе № 10 і інш. З цягам часу перайшла да станковага жывапісу, пісала нацюрморты. У сярэдзiне 1980-х гг. мастачка перанесла клiнiчную смерць, пасля чаго яе погляды на жыццё i творчасць значна змянiлiся.
Шырокую вядомасць Т. Паўлючук прынёс цыкл яе работ “Чарнобыль”, які яна пачала ствараць яшчэ да аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Першая карціна цыкла паўстала перад ёю ў жудасным і, на вялікі жаль, прарочым сне. Праўда, толькi пасля самой катастрофы мастачка да канца ўсвядомiла свой сон i назвала карцiну адпаведна – “Зона забруджання”. Твор уражвае гледача экспрэсiўнай выявай крыжа на фоне палескага разводдзя, цемрай, з якой намагаюцца выбрацца людзi, здзiўленым дзявочым тварам, падобным да iканапiснага аблiчча Мадонны. Такiм жа эмацыйным і трагедыйным напружаннем, болем і смуткам прасякнуты ўсе астатнiя творы гэтага цыклу.
Т.І. Паўлючук адгукалася і на іншыя балючыя тэмы грамадства: цёмныя старонкi савецкай гiсторыi, экалагiчныя праблемы, адносiны чалавека да прыроды. У кола яе мастацкай увагi папалі і вядомыя постацi з беларускай гісторыі: Ф. Скарына, А. Мiцкевiч, Н. Орда i iнш. Важнымі былі і касмiчныя тэмы, лiрычныя пейзажы, нацюрморты, духоўныя матывы, дзе пераважвалi светлыя палотны, напоўненыя вераю ў духоўнае, добрае, людскае. Сярод асноўных твораў палотны “Духоўнае адраджэнне”, “Мадонна Чарнобыля”, “Еўфрасiння Полацкая», “Пакаянныя”, “Пакiнутыя гнёзды”, “Рэквiем ахвярам Курапат”, “Экалагiчны хаас”, “Таямнiцы быцця” і інш. Тамара Iванаўна пісала да сваіх карцін і невялікія вершы.
З 1991 г. мастачка ў складзе Беларускага саюза мастакоў, узнагароджана медалём саюза “За заслугі ў выяўленчым мастацтве”. Творы яе захоўваюцца ў Брэсцкiм абласным краязнаўчым музеi, мастацкай галерэi “Дэса” (г. Люблiн, Польшча), галерэi г. Гамбург (Германiя), iншых музеях i прыватных зборах Беларусi, Еўропы і ЗША. У 1999 г. Т. Паўлючук стала лаўрэатам прэстыжнай абласной прэміі-конкурсу “Берасцейскія зоркі”. Брэсцкi паэт i журналiст А. Каско, па сутнасцi, адкрыў талент мастачкі, зняўшы пра яе тры дакументальныя стужкi на Брэсцкай студыi тэлебачання.
Матэрыял падрыхтаваны Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага ў 2012 г.