Дата рождения:
07.04.1947 Коханава, г. п., Талачынскі раён, Віцебская вобласць
Краткая справка:
графік, ілюстратар, педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1993), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2000), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры i мастацтва (2017)
Варианты имени:
Слаук Валерый Пятровіч
Имена на других языках:
Slavuk Valery Pyatrovitch (не определен); Славук Валерий Петрович (русский); Слаук Валерий Петрович (русский);
4515 символов
Справка
Валерый Пятровіч Славук (Слаук) – адзін з тых беларускіх графікаў, якія спалучаюць у сваіх творах высокі прафесіяналізм і надзвычай багатую творчую фантазію.
Нарадзіўся ён у г. п. Коханава Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. У час вучобы ў школе захапіўся маляваннем. Аднак толькі пасля заканчэння тэхнікума механізацыі сельскай гаспадаркі і службы ў арміі паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Вучыўся ў В. Шаранговіча і П. Любамудрава. У 1977 г. скончыў інстытут. З 1978 г. прымае ўдзел у мастацкіх выстаўках. З 1997 г. выкладае ў акадэміі мастацтваў.
Мастак працуе пераважна ў кніжнай графіцы, а таксама рысунку, афорце, аўталітаграфіі, робіць станковыя кампазіцыі. Творчая манера вылучаецца дакладнасцю і вытанчанасцю малюнка, мадэліроўкай форм, дробным лёгкім штрыхом, апавядальнасцю. Любімай тэхнікай мастака з’яўляюцца туш і пяро, якія дапамагаюць аўтару найбольш дакладна выказаць сваё светаадчуванне. Адной з галоўных тэм у творчасці В. Славука стала беларуская і славянская міфалогія. Для станковых твораў характэрны адыход ад канкрэтыкі сюжэтнага дзеяння, абагульненне вобразнай шматграннасці зместу, падрабязнае адлюстраванне прадметаў побыту і навакольнага асяроддзя – «Казкі летняга дня» (1975), «Пасля навальніцы» (1979), «Збор ягад» (1980), «На выпасе» (1981), «Пачатак чэрвеня» (1983), «Зіма» (1987), «Белы кот» (1995), «Аднарог» і «Прыцемкі» (1997), «Запаволены рух», «Эдэм», «Ператварэнне» (усе 1998) і інш. Яго карціны пакідаюць радаснае і светлае ўражанне, уводзяць гледача ў фантастычны свет, дзе чалавек і прырода зліты ў адно цэлае. У цыкле афортаў «Канфлікты» (1984) гэтае адзінства выліваецца ў проціборства, а спакой парушаецца памылкова-тэхнакратычным умяшаннем. Шырока вядомы яго ілюстрацыі да казак «Удовін сын» (1977–1980), «Піліпка-сынок» і «Курачка Раба» (1983), «Людзей слухай, а свой розум май» (1988), «Алёнка» (1989), «Залаты птах» (1993), зборнікаў казак «Вясна ўвосень» У. Караткевіча (2000), «Купалінка» Я. Сцяпанавай (2007, 2010) і інш. Прыхільнасць мастака да фантастычных сюжэтаў выявілася ўжо ў ранніх яго работах. Былі створаны цікавыя ілюстрацыі да навукова-фантастычнага рамана «Аэлита» А. Талстога (1978). Спалучэннем рэальнага і фантастычнага, глыбокім пранікненнем у сутнасць літаратурнага твора характарызуюцца афармленне і ілюстрацыі да кніг «Айвенго» В. Скота (1978), «Космолёт» М. Ганчарова (1979), «Энеіда навыварат. Тарас на Парнасе» (1982), «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Я. Баршчэўскага (1990), «Чароўны свет: з беларускіх міфаў, паданняў і казак» (2008, 2010) і інш. Вялікую папулярнасць набылі малюнкі В. Славука да двухтомнага энцыклапедычнага выдання «Беларускі фальклор» (2005–2006). «Ваўкалак», «Клікун», «Зазоўка», «Вужалкі», «Волат», «Ядзеркі», «Хіхітун», «Хапун», «Талака», «Русалкі», «Лазнік» – назвы работ заварожваюць. Істоты, якія В. Славук адлюстраваў (з крыламі і без іх, на конях, пешшу, у паветры), захапляюць, дзівяць і прымушаюць бясконца ўглядацца ў незлічоныя непаўторныя павароты аўтарскай сюжэтнай інтрыгі. Карункавыя штрыхі і фактуры мастака спалучаюцца з дэталямі фантастычнага сусвету: вычварнымі стварэннямі, сімваламі, алегорыямі, метамарфозамі. У работах В. Славука адчуваюцца розныя ўплывы. У іх прысутнічаюць вобразы, якія былі распаўсюджаны ў беларускіх народных казках, а таксама знойдзены ў рускім фальклоры. Аўтар ператварае міфічны сюжэт у рэальны, надзяляе чалавечымі рысамі выдуманых герояў казак, жывёл. Яркую эмацыянальную афарбоўку атрымліваюць не толькі каты і сабакі, але і самыя розныя насякомыя, прыдуманыя неўтаймаванай фантазіяй мастака нячысцікі.
Творчая дзейнасць В. Славука, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі (2015), адзначана прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1993), Дзяржаўнай прэміяй Беларусі (2000), а таксама прэміямі «Лепшы ілюстратар года» (2008), «Залаты фаліянт» у намінацыі «Лепшы майстар» Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі – 2008», дыпломамі Рэспубліканскага конкурсу «Мастак і кніга» ў намінацыі «Лепшы мастак» (2009), Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» (Масква, 2009). Ён узнагароджаны медалём Ф. Скарыны (2010) і медалём «За заслугі ў выяўленчым мастацтве» Беларускага саюза мастакоў. Творы В. Славука захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, прыватных калекцыях, музеях Аўстрыі, Італіі, Германіі і інш.