Дата рождения:
22.05.1942 Вялікія Арлы, в., Столінскі раён, Брэсцкая вобласць
Краткая справка:
жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2004)
Варианты имени:
Уродніч Уладзімір Васілевіч
Имена на других языках:
Urodnitch Uladzimir Vasilyevitch (не определен); Уроднич Владимир Васильевич (русский);
4233 символа
Справка
Уладзімір Васілевіч Уродніч нарадзіўся ў в. Вялікія Арлы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Дзяцінства было азмрочана вайной і цяжкімі пасляваеннымі нягодамі. Яго выхоўвалі маці і дзед, які ў вольны ад працы час адкрываў унуку казачныя краявіды родных мясцін, абуджаў любоў да малой радзімы, разуменне прыгажосці палескай прыроды. Яшчэ хлопчыкам Валодзя спрабаваў свае сілы ў малюнку. Дзіцячае захапленне перайшло ў непахіснае рашэнне вучыцца жывапісу і прывяло шаснаццацігадовага юнака пасля заканчэння сярэдняй школы ў Мінскае мастацкае вучылішча. Першыя настаўнікі Н. Галоўчанка і А. Шаўчэнка навучылі У. Уродніча майстэрству малюнка, жывапісу, кампазіцыі. У 1963 г. ён стаў студэнтам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Уладзімір Васілевіч і сёння ганарыцца сваімі інстытуцкімі выкладчыкамі – І. Ахрэмчыкам, Н. Воранавым і А. Казлоўскім. У 1972 г. У. Уродніч скончыў інстытут і пачаў працаваць у Міністэрстве культуры Беларусі (да 2002 г.), некаторы час быў дэканам мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 2003 г. ён член студыі ваенных мастакоў, якая дзейнічае пры Цэнтральным Доме афіцэраў у Мінску, з’яўляецца таксама старшынёй бюро секцыі аб’яднання “Традыцыя” пры Беларускім саюзе мастакоў.
Уладзімір Васілевіч пачаў удзельнічаць у мастацкіх выстаўках з 1973 г., а ў 1974 г. стаў членам Беларускага саюза мастакоў. Ён працуе ў станковым жывапісе ў жанрах фігуратыўнай карціны, пейзажа, нацюрморта, партрэта. Адной з галоўных тэм творчасці мастака з’яўляецца тэма малой радзімы (Століншчыны) і яе жыхароў – мудрых, ветлівых, добрых людзей. Пражыўшы большую частку жыцця ў горадзе, У. Уродніч заставаўся ў душы вяскоўцам. Думкамі ён заўжды там, у родных Вялікіх Арлах. З такіх думак-успамінаў нарадзіліся карціны “Дарога майго юнацтва” (1979) “Гоман Палесся” (1981), “Рытмы Прыпяці” (1982), “Тумановая раніца” (1989), “Чаканне” (1990) і іншыя, цыкл “Людзі Століншчыны” (1977–2001), які быў адзначаны ў 2004 г. спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Выяўленчае мастацтва”. Тэмы побыту і працы родных і блізкіх людзей адлюстраваны таксама ў трыпціху “Смаловы пах” (1994) і ў серыі карцін “Хутарскія апавяданні” (1999–2002). Людзі на карцінах У. Уродніча нібыта частка цудоўнага, авеянага паданнямі краю, гістарычная спадчына якога адлюстравана мастаком у работах “Сказ аб Страціме” (1991), “Калі я на пошце служыў ямшчыком” (1999), “Раніца Гарыні” (2001). Чарнобыльская бяда стала таксама старонкай гісторыі Століншчыны, яе горам і болем. Не абмінула яна і творчасць У. Уродніча. Трагізм чарнобыльскай катастрофы мастак увасобіў у карцінах “Трывожны крык” (1989), “Пах бэзу” (1996), “Сад” (2001).
Значнае месца ў творчасці У. Уродніча займаюць карціны на ваенна-патрыятычную тэму. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны, памяць пра бацьку, партызанскі рух, што развярнуўся на Століншчыне, – усё гэта адлюстравана ў творах “Дарогамі Перамогі” (1972), “Сынам нашым” (1978), “Хлеб” (1979), “Думы аб былым” (1981), “На хлебаробным полі” (1984), “Вышыня” (1985), “Лістапад” (1995), “І агні партызанскіх кастроў” (2000) і інш. Гэта тэма знайшла свой працяг і ў наш час. Карціны апошніх гадоў “На магілёўскім напрамку”, “Слова Айчыне”, “Дарога да Вялікай Мядзведзіцы”, “Час цвіцення лілей” і іншыя цалкам адпавядаюць ваенна-патрыятычнаму напрамку творчасці мастака.
На працягу ўсёй творчай дзейнасці У. Уродніч імкнецца прытрымлівацца рэалістычных прынцыпаў адлюстравання рэчаіснасці. Карціны Уладзіміра Васілевіча вызначаюцца вобразнасцю пластычнага і кампазіцыйнага вырашэння, эмацыянальнасцю, каларытнасцю, глыбокім веданнем псіхалогіі чалавека, цікаўнасцю да самабытнасці беларускай культуры, гісторыі роднага краю. Яны знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, фондах Беларускага саюза мастакоў, літаратурных музеях Я. Купалы і М. Багдановіча, Літаратурна-мемарыяльным музеі Я. Коласа, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, галерэях і прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой.