Генрых Яўгенавіч Ціхановіч – прадстаўнік знакамітай мастацкай дынастыі. Яго дзед – Уладзіслаў Галубок – адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага тэатра, выдатны рэжысёр, драматург і мастак. Бацька – Яўген Ціхановіч – адзін са старэйшых беларускіх мастакоў, аўтар шэрагу твораў, што ўвайшлі ў залаты фонд выяўленчага мастацтва краіны.
У 1957 г. Генрых Ціхановіч скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (цяпер Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава), у 1963 г. – Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Вучыўся ў А. Малішэўскага, В. Цвіркі. З 1963 г. стаў прымаць удзел у мастацкіх выстаўках, у 1970 г. стаў членам Беларускага саюза мастакоў, у 1997–1998 гг. выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў.
Генрых Ціхановіч працаваў у станковым жывапісе і графіцы, экслібрысе. Мастак любіў вандраваць, аб’ездзіў Браслаўшчыну, Палессе, ваколіцы Нарачы, наведаў запаветныя куточкі барысаўскіх лясоў, славутую Полацкую зямлю, пабываў у Сярэдняй Азіі, Сібіры, Малдавіі, Карэліі, у складзе групы мастакоў з СССР наведаў Парыж і Лісабон. Уражанні ад гэтых падарожжаў адлюстроўваў у шматлікіх замалёўках, акварэлях, афортах: “Начная Бухара”, “Маўзалей у Самаркандзе” (абодва 1963), “Бухара” (1968), “Салавецкі крэмль” (1969), “Іслач. Вялікая вада” (1970), “Нарачанскія хвоі” (1971), “Возера Нарач” (1972), “Восень на Байкале” (1976), “Дождж у Лісабоне” (1980), “Квітнеючы Браслаў” (1981), “Восень у Батанічным садзе” (1982), “Браслаўская вясна”, “За акном майстэрні” (абодва 1985) і інш. Аўтар шэрагу вельмі выразных жаночых партрэтаў: “Лілія” (1959), “Зося” (1961), “Партрэт жонкі” (1970), “Партрэт кабеты ў чырвоным берэце” (1972).
Генрых Ціхановіч – карэнны мінчанін. Яму не было і пяці гадоў, калі пачалася вайна, але яго памяць назаўсёды захавала той дзень, калі гарэў горад. Многа пазней ён напіша сваю першую карціну на антываенную тэму – “Мірная раніца” (1965). А яшчэ пазней перажытае ў вайну і асэнсаванае ўжо ў сталым узросце стане эмацыянальным штуршком для стварэння серыі работ антываеннай тэматыкі: “Хто з мячом да нас прыйдзе…”, “Апошняя вайна” (абедзве 1967), “Трывалы мір”, “Людзі, будзьце пільнымі!” (абедзве 1968), “Аблічча вайны”, “Мірнае неба” (абедзве 1985), “Толькі б не было вайны” (2000).
Генрыха Ціхановіча заўсёды цікавіла гісторыя Беларусі, тэмы гістарычнага і сацыяльнага характару. Яго пэндзлю належаць работы: “На бітву з крыжакамі” (1974), “Г. Дмахоўскі з паўстанцамі” (1987), “Бітва пад Оршай” (1994), “Веру, уваскрэснеш!”, “Благое прадчуванне” (абедзве 1997), “Не спі, Радзіма!” (1998). Мастак прымаў актыўны ўдзел у працэсах культурнага адраджэння, што дазволіла яму стварыць выдатныя вобразы знакамітых дзеячаў нацыянальнай гісторыі і культуры: “Мікола Гусоўскі” (1980), “Ля сіняй бухты. М. Багдановіч” (1981), “Янка Купала. Сорак першы год” (1982), “Францыск Скарына” (1987), “Мой дзед Галубок” (1992), “А. Міцкевіч. Вязень” (1998) і інш.
Генрых Ціхановіч з’яўляецца прызнаным беларускім майстрам экслібрыса, ён стварыў больш за сто кніжных знакаў, прымаў удзел у прэстыжных выстаўках кніжнага знака, што праходзілі ў Польшчы, Чэхаславакіі, Партугаліі, Аўстрыі. На Міжнароднай выстаўцы ЭКСПО – 70, на біенале экслібрыса ў Мальборку (Польшча) яго працы былі адзначаны медалём.
У жыцці і творчасці мастак Г. Ціхановіч не прыстасоўваўся да абставін, а пазней – не імкнуўся ўпісацца ў сучасны рынак. Адзіная персанальная прыжыццёвая выстава работ мастака была арганізавана ў 1987 г. з нагоды яго 50-годдзя. Экспазіцыя налічвала каля трох соцень жывапісных і графічных работ і дала магчымасць прасачыць творчую эвалюцыю майстра. У 2007 г. сябрамі і калегамі была падрыхтавана выстава, прысвечаная 70-гадоваму юбілею з дня нараджэння мастака.
Творы Генрыха Ціхановіча знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е.Р. Раманава, фондах Беларускага саюза мастакоў, Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Баранавіцкім краязнаўчым музеі. Ёсць яго творы і ў прыватных калекцыях.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.