Творы знакамітага мастака з Піншчыны Яўгена Сяргеевіча Шатохіна захоўваюцца ў шматлікіх музеях нашай краіны: Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (г. Мінск), гісторыка-культурным музеі (г. Заслаўе, Мінскі раён), Музеі Беларускага Палесся (г. Пінск, Брэсцкая вобласць), Брэсцкiм абласным краязнаўчым музеi, галерэі імя Н. Орды (в. Варацэвічы, Іванаўскі раён) і інш. Ведаюць яго таксама ў Расіі, Украіне, Германіі, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Ірландыі, Фінляндыі, Францыі, Паўднёвай Афрыцы, Егіпце і ЗША. Паклоннікаў яго таленту прываблівае ў карцінах перш за ўсё не фатаграфічная дакладнасць, а праўдзівасць вобразаў і іх унутраная энергія. На жаль, у 2012 г. выдатнага мастака не стала, аднак памяць аб ім жыве ў яго творах па ўсім свеце.
Нарадзіўся Я.С. Шатохін 25 лютага 1947 г. у Пінску. Займаўся маляваннем у выяўленчай студыі Дома піянераў пад кіраўніцтвам цудоўнага педагога Я.П. Пулхава. Дзякуючы свайму першаму настаўніку Яўген ужо ў 10 гадоў вырашыў стаць мастаком. Далей вучыўся ў Арлоўскім педагагічным інстытуце і Харкаўскім мастацка-прамысловым інстытуце (зараз – Украінская акадэмія дызайну і мастацтва). З 1972 г. пачаў удзельнічаць у шматлікіх абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных мастацкіх выстаўках: Усесаюзнай выстаўцы ў Маскве (1972), выстаўцы “Маладыя мастакі Савецкай Украіны” (Кіеў, 1973), Усесаюзнай выстаўцы маладых мастакоў у Ташкенце (1980) і інш. У 1982 г. быў прыняты ў склад Беларускага саюза мастакоў.
У 1970–1980-я гг. жыў і працаваў у Валагодскай і Архангельскай абласцях Расіі. Пятнаццаць гадоў, праведзеных на Поўначы, сталі для Я. Шатохіна той школай, калі колішні падмайстар вырас у самабытнага і сталага майстра. Менавіта адсюль мастак на сваім вельбоце, пабудаваным уласнымі рукамі, пад ветразямі выходзіў па Паўночнай Дзвіне ў Белае мора, на Салаўкі. У выніку гэтых вандровак з’яўляліся новыя творы, тэматыка якіх часта насіла далёка не марскі характар: на лістах ватмана нібы ажывалі людзі, якія сустракаліся на шляху, вёскі, у якіх прыходзілася спыняцца. Шмат твораў мастак прысвяціў роднаму гораду і яго наваколлю: створаны ім цыкл “Пейзажи родительского края” ўсхваляў рэдкія па прыгажосці мясціны Палесся. Любімымі тэхнікамі майстра былі акварэль і аловак. Яго творы – як пераказ вершаў у прозе, іх трэба бачыць і мець пры гэтым лірычны настрой у душы, і тады трапяткія лініі загамоняць, а на карцінах зазіхаціць вясёлка.
У 1987 г. Яўген Сяргеевіч вярнуўся ў родны горад, арганізаваў тут Пінскую дзіцячую школу выяўленчага мастацтва, якой кіраваў да 1997 г. Са сваімі вучнямі ён шчодра дзяліўся часам і ведамі: яму было вельмі важна выхаваць у іх характар, асабісты пачатак, патрэбнасць будаваць уласны лёс.
Пэўны час выкладчыцкую працу мастак сумяшчаў з пасадай старшыні дэпутацкай камісіі па культуры і справах рэлігіі Пінскага гарвыканкама. У 1990-я гг. Я. Шатохін адкрыў для сябе “далёкае замежжа”, а яно ў сваю чаргу пазнаёмілася з беларускім творцам. Яўген Сяргеевіч арганізаваў некалькі персанальных выставак ў Польшчы, Германіі і Францыі. Стаў стыпендыятам майстэрні “Альтэна” (г. Альтэна, Германія, 1992), быў узнагароджаны медалём Conseiller General а Corbie (Францыя, 1993), прызам Conseiller General a Perrone (Францыя, 1997 і 2003), прызам Нацыянальнай Асамблеі (Францыя, 2002), медалём горада Перон (Францыя, 2004). У 2003 г. быў прызнаны ганаровым грамадзянінам г. Альбер (Францыя). Аднак, дзе б ні знаходзіўся мастак, ён заўсёды заставаўся патрыётам сваёй радзімы.
У 2004 г. Яўген Сяргеевіч быў узнагароджаны медалём Беларускага саюза мастакоў “За заслугі ў выяўленчым мастацтве”.
Матэрыял падрыхтаваны Пінскай гарадской цэнтральнай бібліятэкай у 2012 г.