Дата рождения: 14.07.1952 Зарэчча, в., Гарадоцкі раён, Віцебская вобласць
Краткая справка: мастак, які працуе ў розных жанрах станковога жывапісу, графікі
Имена на других языках: Shylko Viktar Aliaxandravitch (не определен); Шилко Виктор Александрович (русский);
Выбітнага прадстаўніка сярэдняга пакалення беларускіх мастакоў Віктара Аляксандравіча Шылко ў мастацкіх колах называюць майстрам каларыту, сапраўдным жывапісцам, якому ўласціва ўласная энергетыка і індывідуальная выяўленчая манера. Фарбы для яго – музычны інструмент, якім ён валодае віртуозна.
Нарадзіўся будучы жывапісец 14 ліпеня 1952 г. у в. Зарэчча на Віцебшчыне. У дзяцінстве марыў стаць музыкантам, добра граў на гармоніку. Захапленне маляваннем прыйшло да яго ад В.А. Праснякова – настаўніка матэматыкі і малявання Даўгапольскай сярэдняй школы. Пэўны час хлопец рыхтаваўся стаць архітэктарам, чытаў шмат кніг па дойлідстве. Аднак у 1969 г. вырашыў паступіць на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Вучыўся ў вопытнага педагога Д.П. Генеральніцкага, які адразу разгледзеў у маладым чалавеку жывапісца. Але галоўным сваім настаўнікам В. Шылко лічыць вядомага маскоўскага графіка і жывапісца М.З. Рудакова, з якім пазнаёміўся на пленэры ў Гурзуфе. Наватар і мысліцель, ён змяніў уяўленні пачынаючага мастака аб сутнасці мастацтва і ролі творцы ў ім, стаў для яго сапраўдным духоўным настаўнікам і сябрам. Віктар Шылко зразумеў, што будзе пісаць не прыгожыя карцінкі, а пачне ствараць свой мір, сваю філасофію колеру. З 1976 г. мастак стаў пастаянным удзельнікам абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаў выяўленчага мастацтва, а ў 1986 г. – членам Саюза мастакоў СССР.
Раннім творам В. Шылко ўласціва рэалістычная трактоўка вобразаў: “Вясна” (1976), “Антонаўскія яблыкі” (1979), “Каляды” (1981), “Гандляр кветкамі” (1983), “Мір на зямлі” (1985) і інш. З сярэдзіны 1980-х гг. яго кампазіцыі пачалі набываць фармальна-жывапісны характар: “Падзенне”, “Малевічу прысвячаецца”, “Стыхія” (усе 1988), “Апошні трамвай”, “Белая карціна” (абедзве 1989), “Космас” (1990), “Утро” (1993), “Яблык Евы” (2000), “Два”, “Рытмы вечара”, “Ноч уваходзіць у горад” (усе 2002) і інш.
У сакавіку 1987 г. В. Шылко актыўна ўключыўся ў дзейнасць творчага аб’яднання мастакоў Віцебска “Квадрат”, куды ўвайшлі дзесяць прадстаўнікоў розных накірункаў і відаў мастацтва. Мэта аб’яднання – арганізаваная апазіцыя афіцыйнаму мастацтву і зацвярджэнне эстэтычных прынцыпаў рускага авангарду і постмадэрнізму ў мастацкім жыцці Беларусі. Мастакі “Квадрата” прадстаўлялі віцебскую школу ў Маскве, Берліне, Варшаве, Іспаніі, удзельнічалі ў міжнародных выставах у Італіі, Фінляндыі, Южнай Карэі, Канадзе, ЗША, Ізраілі, Аўстраліі. У 1994 г. В. Шылко стаў лаўрэатам І Міжнароднага Шагалаўскага пленэру ў Віцебску.
У канцы 1990-х гг. В. Шылко ў складзе творчай суполкі “Аршыца”, удзельнічаў у яе выставах у Мінску, Санкт-Пецярбургу, Маскве. У 2001–2003 гг. мастак з’яўляўся старшынёй Віцебскага абласнога аддзялення Саюза мастакоў Беларусі. У гэты перыяд ён займаўся канцэптуальным жывапісам, працягваў традыцыі рускага авангарда 1910–1920-х гг. За апошнія гады мастаком створаны серыі графічных работ “Адчуванне далучанасці” і жывапісных работ “Ландшафты”, творы якіх вылучаюцца асацыятыўнай вобразнасцю, дынамікай кампазіцыйных рытмаў, эмацыянальнай выразнасцю колераў. Плённым быў для Віктара Аляксандравіча і 2008 г., калі ён прымаў удзел у І Рэспубліканскім біенале жывапісу, графікі і скульптуры (Мінск), выставе віцебскіх мастакоў у Франкфурце-на-Одэры (Германія), Міжнародным пленэры імя Марка Роткі ў Даўгаўпілсе (Латвія). У 2011 г. творы майстра экспанаваліся на выставе “Мастакі Віцебска” ў Смаленску (Расія).
У дакладна прапрацаванай структуры жывапісных твораў мастака спалучаны ў адзінае цэлае мноства адчуванняў – зрокавых, слыхавых, асязальных і тых, што не маюць дакладных слоўных абазначэнняў. У спалучэнні з неабмежаванай колеравай палітрай, пластыкай плям гэта нараджае выразны і эфектны твор. Не меншую цікавасць уяўляе графіка В. Шылко, прычым на паперы ён таксама застаецца арыгінальным і смелым каларыстам, майстрам колеравых кантрастаў.
Работы майстра знаходяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), Музея сучаснага еўрапейскага мастацтва (г. Сеул, Паўднёвая Карэя), Музея сучаснага мастацтва (г. Зялёна Гура, Польшча), музеяў Віцебска. Творы мастака ёсць таксама ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Латвіі, Аўстрыі, Германіі, Галандыі, ЗША, Іспаніі, Польшчы, Канады, Фінляндыі. Не менш важным і каштоўным для Віктара Аляксандравіча з’яўляецца і тое, што больш за 20 яго карцін радуюць позірк і “лечаць” пацыентаў звычайнай вясковай бальніцы ў в. Халамеры Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці.
Яркая асоба Віктара Шылко ў віцебскім мастакоўскім коле вылучаецца рэдкім талентам паглыбляцца ў сам працэс творчасці, аналізаваць зробленае, абагульняць вынікі, знаходзіць галоўнае. Гэтыя рысы характару надзвычай жыватворныя і змяшчаюць у сабе рух наперад, вяртанне да прачытанага, імкненне да невядомага. Менавіта ў такім бесперапынным руху В.А. Шылко знайшоў свой непаўторны шлях развіцця, які доўжыцца ўжо не адзін год.
Матэрыял падрыхтаваны Віцебскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна ў 2012 г.