Дата рождения:
05.06.1937 Бачэйкава, в., Бешанковіцкі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
2016
Краткая справка:
пісьменнік, журналіст, лаўрэат прэміі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі (1989), Літаратурнай прэміі імя У. Караткевіча (2008), рэспубліканскага літаратурнага конкурсу "Лепшы твор" (2008, 2009)
Варианты имени:
Бележэнка Барыс Паўлавіч; Беліжэнка Барыс Паўлавіч
Имена на других языках:
Бележенко Борис Павлович (русский); Белиженко Борис Павлович (русский);
3532 символа
Справка
Ёсць творчыя людзі – мастакі, музыканты, пісьменнікі – без працы якіх немагчыма ўявіць культурную прастору Віцебшчыны. Да іх адносіцца Барыс Паўлавіч Беляжэнка – празаік, паэт, журналіст.
Ён нарадзіўся ў в. Бачэйкава Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачага. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі з 1955 па 1957 г. працаваў старшым піянерважатым Новікаўскай сярэдняй школы Шумілінскага раёна. Потым служыў на Чырвонасцяжным Балтыйскім ваенна-марскім флоце. У 1958 г. дэмабілізаваўся. Настаўнічаў, быў дырэктарам Бешанковіцкага дома піянераў і школьнікаў, супрацоўнікам раённай газеты «Зара», сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса «Герой працы», інструктарам райкама партыі, дырэктарам Пуськаўскай васьмігадовай школы. У 1965 г. Б. Беляжэнка завочна скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. З 1965 па 1968 г. загадваў Чашніцкім раённым аддзелам адукацыі, займаў пасаду намесніка старшыні Чашніцкага райвыканкама. У 1970 г. скончыў Мінскую вышэйшую партыйную школу. Некалькі гадоў працаваў у апараце Віцебскага абласнога камітэта партыі (інструктарам, лектарам, з 1975 г. загадчыкам сектара друку тэлебачання і радыё). У 1980–1986 гг. з'яўляўся супрацоўнікам абласной газеты «Віцебскі рабочы». У 1979 г. быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР.
Шлях у літаратуру Б. Беляжэнка пачынаў з паэзіі. Галоўная тэма твораў, што ўвайшлі ў першыя зборнікі «Крыгалом» (1973) і «Жытнёвае поле» (1977), – прасякнуты шчырай любоўю да роднай Беларусі і яе гераічнага народа. Запамінальнымі сталі вершы пра вайну, народжаныя горкім вопытам маленства (маці паэта трапіла ў канцлагер), а таксама творы, прысвечаныя мужнасці і адвазе партызан. Многія вобразы ранніх вершаў, а таксама паэм «Свята пумы» і «Нейтроны» (1977) сведчылі пра высокае майстэрства аўтара, якое прывяло да напісання прозы. У 1988 г. у газеце «Віцебскі рабочы» быў надрукаваны скарочаны варыянт аповесці «Каляровыя фотакарткі», праз некаторы час з'явіліся нарысы аб жыцці і дзейнасці выдатнага беларускага асветніка XVI ст. В. Цяпінскага, а таксама апавяданні і байкі. У 1997 г. Б. Беляжэнка выдаў кнігу «Крык у ціхай затоцы». Дынамічныя сюжэты, вобразная мова дэтэктыўных вострасюжэтных аповесцей, што склаў яе змест, выклікалі вялікую папулярнасць сярод чытачоў і станоўчыя водгукі беларускіх крытыкаў. Наступная кніга «Пушкин – древо рода – Белая Русь» (2001) пацвердзіла, што яе аўтар валодае эпічным і лірычным майстэрствам. Канцэптуальная ідэя славянскага адзінства выяўляецца ў назве твора, двухмоўі паэзіі і ў вершах, прысвечаных пушкінскім мясцінам. Сведчаннем шырыні творчага дыяпазону пісьменніка стала кніга «Званочак і цюльпан» (2004), у якую ўвайшлі сатырычныя і гумарыстычныя вершы, празаічныя гумарэскі, афарызмы, дыялогі, жартоўны слоўнік. Як творчы поспех успрымаецца лірычны зборнік «Тайна иволги» (2007), які быў выдадзены да сямідзесяцігоддзя аўтара. У кнізе адлюстраваны падзеі былой вайны і гаворыцца пра сённяшнія шматлікія міжнародныя крывавыя канфлікты, якія выкліканы непаразуменнем паміж людзьмі, іх жорсткасцю. Аднак у вершах ёсць і светлыя пейзажныя замалёўкі, успаміны маленства і юнацтва, аптымістычныя надзеі на будучае. У 2008 г. Б. Беляжэнка падрыхтаваў да друку розныя па жанры, тэматыцы і мове кнігі «Успаміны пра майго асла», «Волшебная мельница», «Сны и дороги». Разнастайнасць таленту пісьменніка выяўляецца ў творах апошніх гадоў «Круги земные» (2009), «Затерянные путники» (2010), «Дарога Бачэйкава – Бешанковічы» (2014).