Юрый Уладзіміравіч Голуб паходзіць з сялянскай сям’і з вёскі Горна Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці. Бацька быў краўцом, спраўна абшываў усю акругу, а таму ў хаце варочалася шмат люду — “ад раённага начальства да вясковага дзядзькі-гаваруна”. З ранняга дзяцінства чуў хлопчык безліч цікавых жыццёвых гісторый, здарэнняў “усур’ёз і жартам, з выдумкай і салёным слоўцам, а падчас і з песняй”. Пасля заканчэння Зэльвенскай сярэдняй школы паступіў на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філфака БДУ, якое скончыў у 1970 г. У гады вучобы ўдзельнічаў у рабоце універсітэцкага літаб’яднання “Узлёт” пад кіраўніцтвам А. Лойкі. Пасля 1970 г. працаваў рэдактарам у рэдакцыі літаратурна-музычных перадач на Гродзенскай студыі тэлебачання, загадваў аддзелам культуры абласной газеты “Гродненская правда”. З 1979 г. загадчык аддзела мастацкага вяшчання аблтэлерадыё. Зараз вядзе на абласной студыі тэлебачання штомесячную перадачу “Гродзеншчына літаратурная”, у якой знаёміць з творчасцю пісьменнікаў-землякоў, з маладымі літаратарамі.
Першыя публікацыі Юркі Голуба ў друку з’явіліся яшчэ на пачатку 60-х гадоў у зэльвенскай газеце, дзе змяшчаліся яго шматлікія карэспандэнцыі на тэмы мясцовага жыцця. На гэтым матэрыяле вырасталі і раннія вершаваныя творы. Пазней вершы пачынаючага паэта пачалі друкавацца на старонках рэспубліканскай перыёдыкі.
Першая кніга Ю. Голуба “Гром на зялёнае голле” выйшла ў 1969 г. Вельмі імкліва ён увайшоў у паэзію. Яго вершы адразу адрозніваліся ад іншых, вызначаліся экспрэсіўнасцю радка, яркай метафарызацыяй, багатай рыфмоўкай. “Пачуццё даверу да старэйшых, да тых, хто быў ахоўнікам твайго лёсу, — вось гэта пачуццё здаецца мне дамінуючым у першай кнізе Юркі Голуба”, — пісаў А. Лойка. Потым з’яўляліся зборнікі паэзіі “Дрэва навальніцы” (1973), “Векапомнае поле” (1976), “Помню пра цябе” (1983). Апошні з іх —чацвёртая кніга паэта, што само па сабе прадугледжвае творчую спеласць. Ужо дарэчы падвесці вынік. Гэта разумее і сам аўтар:
На сцяжыну, што сам пратаптаў,
Азірацца няўзнак, можа, рана?
Толькі ўсё ж азірнецца ратай,
Ці па-добраму поле ўзарана.*
(Трывожнае)
Гэты зборнік Ю. Голуба напачатку робіць уражанне нейкай стракатасці: і тэматычнай, і жанравай. Але потым становіцца зразумела, што гэта ад аўтарскага імкнення пашырыць сэнсавыя і выяўленчыя межы свайго верша. У кнізе радуе шырата жанравага дыяпазону, намаганні паэта ў распрацоўцы такіх форм вершаскладання, як трыялет і верлібр. Прадстаўлена і баладная лірыка (“Балада залатой пчалы”, “Балада цішыні”).
Ю. Голуб у сваёй паэзіі ідзе ад жыцця. Яго лірычны герой — гэта і рамантык, што “заходзіць весела ў вагон адлегласць браць на пробу”, і дзед, які “верыў: лепшы дзень чакае, і ведаў: горшы дзень — нябыт”, і салдат, у якога наперадзе “як бяссмерце — жыццё”, і зямляк-энергетык у далёкім таёжным краі. Пра характар лірычнага героя можна сказаць, што ён — жыццялюб, заўжды адкрыты жыццю і свету. Паэт умее стварыць у сваіх вершах атмасферу непадробнага жыццялюбства, якое ідзе ад паўнаты жыцця, яго важкасці. У многіх вершах Ю. Голуб апявае працу, што з’яўляецца асновай чалавечага быцця.
Ю. Голуб — паэт сучасны і ў сваёй творчай манеры, і ў тэматыцы. Але сённяшні дзень абапіраецца на мінулы, на гісторыю народа і яго культуру. Пра гэта гавораць вершы “Радкі пра Гродна”, “Ля дарог не стаптаных брыдою”, “Цётка ў Закапанэ”. Ад кніжкі да кніжкі паэт ідзе нялёгкім шляхам, дзе ў кожнага свой поспех і свае няўдачы, але ёсць на гэтым шляху і агульнае: чэснасць, сумленнасць, праўдзівасць пачуцця. Ю. Голуб умее заглыбіць свой радок, укласці ў яго змест, які наводзіць на роздум. Ён паэт з акрэсленай грамадзянскай пазіцыяй, можа зайздросна здзівіць смелай свежай метафарай, прывабіць арыгінальнай формай, здольнасцю трапна і сціпла выказаць важкую думку.
Ашчаднае стаўленне да слова, імкненне да заглыбленасці і метафарычнасці, непрадбачанай і нечаканай асацыятыўнасці, напоўненасці радка і страфы ёмістым зместам, уменне надаць прывычнаму словазлучэнню новую афарбоўку і гучанне — вось няпоўны пералік тых якасцей, што складаюць паэтычную манеру пісьма Ю. Голуба. Нямала глыбокіх, па-мастацку напісаных вершаў рассыпана па старонках зборніка “Сын небасхілу” (1989). Яны нагадваюць грыбныя нерушы, дапаўшы да якіх, радуешся і душой і сэрцам. Паэт эксперыментуе, як бы спрабуе слова на гнуткасць і трываласць, стараецца паставіць у такі рад, што яно само ўзгараецца новым святлом. Пра тое, што Ю. Голуб працуе плённа і паспяхова, сведчаць многія вершы, напісаныя на высокім прафесійным узроўні, з багатай фантазіяй. Ён валодае вострым паэтычным зрокам. Для яго стала прывычным выкарыстоўваць поўныя экзатычнай афарбоўкі параўнанні, мастацкія дэталі:
Гудзе бруя ў рацэ —
Адвечная гаворка.
Радзімка на шчацэ.
Радзіма на пагорку.*
(Радзімае)
У гэтым вершы Радзіма намалявана паэтам у агульным плане. Пра канкрэтную радзіму Ю. Голуб гаворыць у цыкле “Ваўкавыскія накіды”. У зборніку аўтар заявіў пра сябе як паэт-партрэтыст. Намаляваны вобразы канкрэтных гістарычных асоб, якія пайшлі ад нас ці яшчэ жывуць (А. Твардоўскі, П. Пестрак). Ю. Голуб падарожнічае па краіне, бывае за яе межамі. Паездкі — гэта новыя ўражанні, новыя творы.
* Голуб Ю. Помню пра цябе. Мн., 1983. С. 38.
* Голуб Ю. Сын небасхілу. Мн., 1989. С. 19.