Дата рождения:
27.09.1952 Ганцавічы, г., Брэсцкая вобласць
Краткая справка:
пісьменнік, лаўрэат Міжнароднай прэміі ў галіне літаратуры і мастацтва імя М.А. Шолахава (2006)
Варианты имени:
Кажадуб Алесь
Имена на других языках:
Кожедуб Александр Константинович (русский); Кожедуб Алесь (русский);
3240 символов
Справка
“Зямля ў атачэнні рэк і балотаў, зямля з дубовымі і сасновымі барамі, з чыстымі бярэзнікамі і шапатлівымі ельнікамі, з паплавамі на рэках і ўдзірванелымі палянамі – найлепшая”,* – так па-мастацку маляўніча, запамінальна і шчыра выявіў свае адносіны да роднага Палесся беларускі пісьменнік Алесь Кажадуб.
Нарадзіўся Аляксандр Канстанцiнавiч у г. Ганцавічы Брэсцкай вобласці ў сям’і служачых. У дзесяцiгадовым узросце разам з бацькамi пераехаў у Рэчыцу, потым у Навагрудак, дзе закончыў сярэднюю школу. У 1969 г. паступіў на рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. Спачатку працаваў настаўнікам у в. Крайск на Лагойшчыне, потым малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства АН БССР (1975–1977), рэдактарам літаратурна-драматычных перадач рэспубліканскага тэлебачання (1977–1981). Неацэнны вопыт работы з мастацкім словам атрымаў на пасадзе літсупрацоўніка аддзела публіцыстыкі часопіса “Маладосць” (1981–1983), але сапраўднай школай творчага майстэрства сталі Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве.
У 1976 г. адбыўся дэбют А. Кажадуба ў літаратуры: у часопісе “Маладосць” было апублікавана яго першае апавяданне “У канцы лета”, а праз чатыры гады выйшла першая кніга пісьменніка “Гарадок” (1980). Маладога аўтара палюбілі чытачы, а яго талент і творчыя перспектывы заўважылі крытыкі. Празаічныя творы А. Кажадуба вылучаліся веданнем і глыбокім шанаваннем народных традыцый, шчырым захапленнем сучаснікамі-землякамі, майстэрствам нязначнай мастацкай дэталлю выявіць істотнае ў характары літаратурнага героя, трапным ужываннем дасціпных палескіх выслоўяў. Яго героі былі тыповымі асобамі свайго часу: чытачы лёгка пазнавалі ў іх сваіх родзічаў, суседзяў, знаёмых – жыхароў шматлікіх палескіх гарадкоў. У 1981 г. А. Кажадуб быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР.
Апавяданне і аповесць сталі любімымі жанрамі пісьменніка і склалі яго наступныя кнігі: “Размова” (1985), “Лесавік” (1987), “Дарога на замчышча” (1990), “Святы калодзеж” (1994) і інш. Аўтара хвалявалі праблемы маральнага здароўя грамадства, узаемаадносіны бацькоў і дзяцей, клопаты вяскоўцаў. Асаблівую вастрыню ў творах А. Кажадуба, прысвечаных родным мясцінам, набывала праблема экалогіі, што не страціла актуальнасці ў наш час. Прычынай небеспадстаўнай трывогі аўтар лічыць прагматычнае, але часта бяздумнае, недальнабачнае ўмяшанне чалавека ў прыроду, памылковае адчуванне яго паўнаўладным гаспадаром на зямлі.
З 1990 г. А. Кажадуб жыве ў Маскве, пiша на беларускай i рускай мовах. Вяртанне да сваіх вытокаў, успаміны дзяцінства і сёння натхняюць на напісанне новых кніг. У творах, што ўвайшлі ў зборнікі “Полёт в прошлое” (2005), “Без ностальгии” (2008), прыгадваецца маладосць, вучоба ва ўніверсітэце, праца ў Мінску. Кніга “Русь и Литва” прысвечана гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Алесь Кажадуб з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Расіі, лаўрэатам Міжнароднай прэміі ў галіне літаратуры і мастацтва імя М.А. Шолахава (2006), узнагароджаны медалём у гонар 850-годдзя з часу заснавання Масквы.
*Цыт. па: Ганцаўшчына – край легенд і талентаў народных. – Мінск, 2011. – С. 122.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Ганцавiцкай цэнтральнай раённай бiблiятэкай iмя В. Праскурава.