Дата рождения:
16.11.1937 Полацк, г., Віцебская вобласць
Дата смерти:
15.09.2012
Краткая справка:
пісьменнік, перакладчык, публіцыст, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя П. Броўкі (1994), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1996)
Имена на других языках:
Лукша Валентин Антонович (русский);
4350 символов
Справка
Ёсць літаратары, творчае жыццё якіх немагчыма аддзяліць ад жыцця грамадства. Галоўнае мастацкае крэда іх – рабіць гэта жыццё больш прываблівым, а чалавека больш прыгожым і высакародным. Гэта адносіцца і да Валянціна Антонавіча Лукшы.
Нарадзіўся будучы пісьменнік у горадзе Полацку. Пасля заканчэння сямігодкі вучыўся ў Полацкім лясным тэхнікуме. Працаваў памочнікам таксатара Пензенскай аэрафоталесаўпарадчай экспедыцыі. Пасля вяртання на радзіму В. Лукша пачаў працаваць на нафтабудоўлі, адначасова спалучаючы працу з журналісцкай дзейнасцю. Быў літсупрацоўнікам полацкай газеты “Сцяг камунізма”, загадчыкам аддзела міжраённай газеты “Ленінская іскра”. Калі ў 70-х гг. ХХ ст. В. Лукша пераехаў у Мінск, ён пачаў працаваць на Беларускім радыё: быў карэспандэнтам, галоўным рэдактарам Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё. Некаторы час працаваў у газеце “Чырвоная змена”, у штомесячніку “На экранах Беларусі”. З 1980 г. па 1998 г. ён узначальваў выдавецтва “Юнацтва”. Вялікай заслугай выдавецтва і яго дырэктара, як аўтара ідэі, арганізатара, складальніка, перакладчыка, з'яўляецца выпуск у свет серыі “Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР” у 15 тамах (16 кнігах). Калектыў на чале з В. Лукшам быў адзначаны вышэйшай узнагародай – Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь за 1996 г.
Пісаць В. Лукша пачаў яшчэ ў юнацтве. У 1956 г. у газеце “Віцебскі рабочы” надрукаваны яго першы верш “Я зайздрошчу пачтару...”. У 1964 г. выйшаў зборнік паэзіі “Гарады нараджаюцца сёння”, які склаўся з перажытага падчас працы ў тайзе і пасля вяртання ў Полацк. Свае вершы В. Лукша ствараў не ў кабінетнай цішы. Ён усё пабачыў на ўласныя вочы і ў лепшых сваіх вершах дасягнуў вялікай пераканаўчасці. Па-сапраўднаму імя В. Лукшы стала вядомым тады, калі загучала яго песня “Стаяць на рэйдзе нашы брыганціны...”, напісаная на словы паэта кампазітарам І. Лучанком. І сёння гэта песня – гімн рамантыкам, падарожнікам, першапраходцам – людзям, якім спакой толькі сніцца. На рахунку паэта паэтычныя зборнікі “Атава” (1969), “Споведзь” (1973), “Белыя берагі” (паэма-хроніка 1981), “Радзімыя плямы” (1982), “Сляды памяці” (1986), “Агонь і попел” (1989), якія разам з кнігамі публіцыстыкі “Наша полацкая прафесія” (1966), “Рамантыкі шасцідзесятых” (1967), “Дзесяць дарог да чароўнага” (1970) і “Полацк” (1973) склалі біяграфію пакалення пісьменніка, сталі своеасаблівым літаратурным летапісам беларускіх гарадоў, найперш Наваполацка.
Акрамя вядучых тэм працы, Радзімы, Полаччыны, адметнае месца ў творчасці паэта займае тэма вайны. Вершы “Хатынскі рэквіем”, “Дальва – сястра Хатыні”, “Трывожная памяць” пранізаны пачуццём болю і смутку, драматызмам. У 80-х гг. паэт звяртаецца да народных традыцый (вершы “Цярэшка”, “Батлейка”, “Чароўны камень”). Шмат твораў В. Лукша прысвяціў багаццю культур і жыццю іншых народаў (зборнік “Агні далёкіх гарадоў”, 1992). У 2006 г. выйшла ў свет кніга “І родны дом, і цэлы свет”, дзе многа месца займаюць творы ярка акрэсленага гістарычнага і публіцыстычнага кірунку. На яе старонках ажываюць вобразы Еўфрасінні Полацкай, Рагнеды, Кірылы Тураўскага, Сімяона Полацкага, Францыска Скарыны. Кніга стала дастойным папаўненнем бібліятэчкі “Беларуская паэзія ХХ стагоддзя”.
З-пад пяра В. Лукшы з'явіўся шэраг п'ес, якія ў розныя гады былі пастаўлены на радыё, тэлебачанні, на тэатральнай сцэне. Ім створаны: лібрэта радыёоперы К. Цесакова “Барвовы золак” паводле “Палескай хронікі” І. Мележа, музычны фільм “Беларусь мая сінявокая” (сцэнарый напісаны сумесна з Р. Барадуліным). Добрай глебай для кампазітараў сталі п'еса-казка “Чароўны камень”, драматычныя паэмы “Агонь і попел” і “Падснежнікі для Веры”, інсцэніроўка “Асоль” (паводле А. Грына) і інш.
В. Лукша належыць да вядучых дзіцячых паэтаў. У сваіх кнігах вершаў і казак для дзяцей “Аркестр” (1972), “Зялёная бальніца” (1974), “Лета – круглы год” (1978), “Крылаты цэх” (1982), “Чароўны камень” (1987), “Як Ліса вучылася лётаць” (1991), “Адзіны ў свеце край” (2004), насычаных вясёлай інтанацыйнай шчырасцю, дабрынёй і займальнасцю, ён імкнецца даць адказы на самыя розныя пытанні маленькіх. В. Лукша з'яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя П. Броўкі, узнагароджаны медалём Ю. Гагарына. Амерыканскім біяграфічным інстытутам В. Лукшу тройчы надаваўся прэстыжны тытул “Чалавек Года”.