Мікола Капыловіч нарадзіўся ў в. Астражанка Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1956 г. ён скончыў Астражанскую сярэднюю школу. Потым працаваў загадчыкам сельскага клуба, інструктарам Лельчыцкага райкама камсамола. У 1958 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На апошнім курсе вучобу сумяшчаў з работай на Беларускім радыё ў якасці рэдактара Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных перадач. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1963 г. выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Цудзенішскай сярэдняй школе Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1964 г. пераехаў у Мінск, дзе працаваў рэдактарам выдавецтва «Беларусь» (1964–1971, 1981–1983), літаратурным сакратаром газеты «Звязда» (1971–1981), рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1973–1981). З 1983 г. жыў у Маладзечне. У 1986 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Літаратурнай дзейнасцю М. Капыловіч пачаў займацца яшчэ ў студэнцкія гады. У рэспубліканскім друку ўпершыню выступіў у 1960 г. Публікаваўся пад уласным прозвішчам і псеўданімамі М. Капыл, М. Корч, М. Астражанскі, Мікола Думейка. Асноўная тэматыка творчасці М. Капыловіча – сучаснае жыццё вёскі, маральна-этычныя праблемы, падзеі мінулай вайны, чарнобыльская катастрофа. Першы зборнік апавяданняў «Скрозь жывуць людзі» выйшаў у 1968 г. У ім выявіўся адметны стыль пісьменніка, галоўныя складальнікі якога – лаканізм выяўленчых і лексічных прыёмаў і сродкаў, стрымана-лірычная танальнасць, моцны суб'ектыўны пачатак. У кнігу ўключаны апавяданні «Сірата», «У ружовым тумане», «Птушыны бацька», «Па хлеб» і іншыя, у якіх расказваецца пра дзяцінства, на долю якога выпала перажыць жудасныя жахі вайны, зведаць сіроцтва і нішчымніцу. Праз яркія і выразныя ўспаміны-эпізоды аўтар раскрывае духоўны свет свайго маленькага героя, дакладна перадае няпростыя душэўныя зносіны дзяцінства з дарослым светам. У наступных кнігах прозы «Засада» (1979), «Дні ціхай восені» (1981), «Чужы сваяк» (1987) стылёвая мадэль атрымала аналітычна-эстэтычнае паглыбленне і развіццё. У творчай спадчыне пісьменніка асобае месца займае аповесць «Палескае лета» (1996). У ёй моцная лірычная плынь. Асоба аўтара адчуваецца ва ўсім. Яго роздум, трывогі, турботы – гэта аснова, на якой трымаецца ўвесь мастацкі твор. Таму ў аповесці значная роля аўтара-апавядальніка. Яго адчуванні і пачуцці звязваюць паміж сабой раздзелы, якія атрымліваюць цэласнасць і завершанасць у мастацкай прасторы твора. Каб перадаць сваю замілаванасць родным краем і данесці да чытача тое, што яму знаёма з дзяцінства, пісьменнік выкарыстоўвае адпаведную танальнасць і мастацкія дэталі, апісанні і адступленні. Праз малюнкі, дадзеныя ў сузіраннях, адчуваннях і ўяўленнях, пазнаецца Палессе, яго багацці ў лясах, на лугах і рэчках, дзе аўтар знаходзіць шмат прыгожага. Аповеды пра дрэвы («Дуб», «Хвоя», «Асіна»), у якіх М. Капыловіч змясціў цікавыя звесткі, экскурсы ў мінулае, маюць пазнавальна-асветніцкі змест, з'яўляюцца яркімі штрыхамі да непаўторнага вобраза роднага краю. Ёсць у пісьменніка і творы для дзяцей. Проза М. Капыловіча перакладалася на рускую, літоўскую, латышскую, эстонскую мовы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.