Дата рождения:
27.05.1932 Андрыеўшчына, в., Дзяржынскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
06.04.2012
Краткая справка:
тэатразнавец, педагог, літаратуразнавец, адзін з вядучых даследчыкаў айчыннага тэатра і драматургіі, лаўрэат Міжнароднай прэміі UNITY "Адзінства" (1994), тэатральнай прэміі імя К. Крапівы (2001)
Имена на других языках:
Соболевский Анатолий Викентьевич (русский);
4610 символов
Справка
У кожнай галіне навукі ёсць людзі, чый талент і даследчая дзейнасць вызначаюць яе найвышэйшы ўзровень і найбольш буйныя дасягненні. У беларускім тэатразнаўстве такой асобай быў доктар мастацтвазнаўства, прафесар Анатоль Вікенцьевіч Сабалеўскі.
Ён нарадзіўся ў в. Андрыеўшчына Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сямігодкі ў в. Баравое (1949) паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча імя Н.К. Крупскай. У 1953 г. стаў студэнтам аддзялення журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. У гады вучобы ў перыядычным друку пачаў публікаваць крытычныя артыкулы, прысвечаныя тэатру. У 1957 г. перайшоў на завочнае аддзяленне і ўладкаваўся на работу ў газету «Літаратура і мастацтва». У 1958 г. А. Сабалеўскі скончыў універсітэт і паступіў у аспірантуру Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва імя А.В. Луначарскага ў Маскве, дзе была заснавана кафедра тэатра народаў СССР. Пасля заканчэння (1961) вярнуўся ў Мінск і пачаў выкладаць у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Чытаў лекцыі па гісторыі тэатра, вёў заняткі па тэатральнай крытыцы. У 1972 г. стаў загадчыкам кафедры гісторыі і тэорыі мастацтва, мовы і літаратуры. У 1973 г. А. Сабалеўскі абараніў доктарскую дысертацыю, у 1975 г. атрымаў званне прафесара. З 1984 па 1989 г. быў рэктарам Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. З 1993 па 2000 г. загадваў кафедрай тэатральнай творчасці ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. У 1998 г. стаў акадэмікам Міжнароднай акадэміі навук аб прыродзе і грамадстве, ганаровым доктарам навук Ташкенцкага інстытута мастацтваў імя М. Уйгура. Вучоны з’яўляўся экспертам па тэатральным мастацтве ў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі пры Савеце Міністраў СССР (1985–1989), узначальваў савет па абароне дысертацый у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «тэорыя мастацтва» (1998–2001), быў членам саветаў па абароне дысертацый па сцэнічным мастацтве ў Маскве, Ленінградзе, Тбілісі і Ташкенце. Адначасова з педагагічнай работай А. Сабалеўскі займаўся навукова-даследчай дзейнасцю. У розныя гады ён з’яўляўся супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (у 1990–1993 гг. – загадчык аддзела міжнародных культурных працэсаў). Даследаваў пытанні гісторыі, тэорыі і сучаснай практыкі беларускага тэатра, праблемы нацыянальнага ў сцэнічным мастацтве, узаемасувязі тэатральных культур розных народаў, творчасць драматургаў, рэжысёраў, акцёраў. Анатоль Сабалеўскі – адзін з заснавальнікаў часопіса «Тэатральная Беларусь» («Тэатральная творчасць»). З 1992 па 1998 г. быў галоўным рэдактарам.
Шырокае ўяўленне пра стан беларускай драматургіі, рэжысёрскае і акцёрскае майстэрства, а таксама пра творчасць беларускіх мастакоў слова, якія працавалі для тэатра, прадстаўлена ў артыкулах і кнігах А. Сабалеўскага. Сярод іх – «Рампай асветленае» (1962), «Ад п’есы – да спектакля» (1965), «Беларуская савецкая драма» (кн. 1–2, 1969–1972), «Театр открывает занавес» (1970), «Беларуская савецкая драматургія і яе сцэнічнае ўвасабленне» (1971), «Белорусская драматургия в театрах народов СССР» (1972), «Жыццё тэатра» (1980), «Сучаснасць і гісторыя» (1985), «Асоба мастака» (1992). Манаграфіі вучонага пра Б. Платонава, Г. Глебава, К. Крапіву вытрымалі некалькі перавыданняў. Пад агульнай рэдакцыяй А. Сабалеўскага апублікавана двухтомная энцыклапедыя «Тэатральная Беларусь» (2002–2003). Ён адзін з аўтараў і рэдактараў трохтомнай у чатырох кнігах «Гісторыі беларускага тэатра» (1983–1987), напісаў раздзел «Белорусский театр» для маскоўскага выдання «Советское актерское искусство, 50–70-е годы» (1982). Вынікам шматгадовай збіральніцкай дзейнасці вучонага стала «Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі» (т. 1–2, 1975; 2-е выданне ў 3 т., 1997–2000), якая адлюстроўвае багатую гісторыю беларускага тэатра, аднаўляе яго невядомыя старонкі, вяртае забытыя імёны і творы, знаёміць з лепшымі майстрамі нацыянальнай сцэны. У 2001 г. выданне адзначана тэатральнай прэміяй імя К. Крапівы. У апошняй кнізе «Майстры, падзеі і акалічнасці» (2011) вучоны падводзіць вынікі сваёй плённай тэатральна-крытычнай працы.
За значны ўклад у развіццё мастацтвазнаўчай навукі, падрыхтоўку спецыялістаў высокай кваліфікацыі і ўдзел у прапагандзе ідэй міру, дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі А. Сабалеўскаму ў 1994 г. прысвоена званне лаўрэата Міжнароднай прэміі «UNITY» («Адзінства» з прысуджэннем залатога медаля).