Дата рождения:
05.12.1947 Сялец, в., Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
26.08.2021
Краткая справка:
паэт, перакладчык, эсэіст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990)
Варианты имени:
Разанаў Алесь
Имена на других языках:
Рязанов Александр Степанович (русский); Рязанов Алесь (русский);
4843 символа
Справка
Алесь Разанаў — паэт-філосаф, выдатны прадстаўнік інтэлектуальнай плыні беларускай літаратуры. Ён адзін з нешматлікіх беларускіх аўтараў, чые творы ламаюць састарэлы міф аб традыцыяналізме, нязменнасці і правінцыялізме нацыянальнай літаратуры. Ужо каля дваццаці гадоў імя Разанава сімвалізуе нястрымны творчы пошук і эксперыментатарства. Сваім светаадчуваннем і творчай манерай ён ярка вылучаецца на фоне беларускай паэзіі, набывае ўсё большую міжнародную вядомасць.
Нарадзіўся Аляксандр Сцяпанавіч у в. Сялец Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і служачых. Паэтычная адоранасць праявілася рана: ужо з шостага класа ён актыўна друкаваўся амаль ва ўсіх тагачасных часопісах і газетах для дзяцей і юнацтва. У студзені 1966 г. з’явілася вялікая падборка яго вершаў у газеце “Літаратура і мастацтва”. Пасля заканчэння школы малады паэт накіраваўся ў сталічны універсітэт на філфак. Уступнае сачыненне “Шчасце трэба ў суровым змаганні здабыць” напісаў вершаванай мовай. Змагарства было для Разанава не толькі тэмай для развагі, яно стала часткай самой існасці паэта, што неўзабаве зразумелі ўсе, хто знаходзіўся побач. У 1968 г. у ліку першых ён падпісаў зварот студэнтаў універсітэта да кіраўніцтва рэспублікі з просьбай выкладаць прадметы на беларускім аддзяленні філфака на роднай мове. У адзін момант выдатнік, камсамольскі лідэр ператварыўся ў бунтаўшчыка, антысаветчыка, нацыяналіста. А.Разанаў быў выключаны з універсітэта і, толькі дзякуючы хадайніцтву М.Танка, змог прадоўжыць навучанне, але ўжо ў Брэсцкім педінстытуце. Пасля заканчэння вучобы ў 1970 г. малады настаўнік пачаў працу ў Кругельскай сярэдняй школе (Камянецкі раён). У гэтым жа годзе пабачыў свет яго першы зборнік “Адраджэнне”. Значная частка вершаў была бязлітасна скасавана цэнзурай. Аднак першая кніга дала Разанаву мажлівасць у 1972 г. стаць членам СП Беларусі і вярнуцца ў мінскае творчае асяроддзе. Працаваў ён у газеце “Літаратура і мастацтва”, у часопісе “Родная прырода”. У 1974—1986 гг. быў рэдактарам выдавец-тва “Мастацкая літаратура”. Вучыўся ў славістычнай школе ў Чэхаславакіі (1988 г.). З 1990 г. старшыня Беларускага рэспубліканскага фонду імя Рэрыхаў, з 1992 г. навуковы супрацоўнік Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф.Скарыны, віцэ-прэзідэнт Беларускага Пэн-цэнтра. У творчым актыве А.Разанава — пераклады з англійскай, нямецкай, балгарскай, чэшскай, сербахарвацкай, літоўскай, латышскай, грузінскай моў. Пэўны час перакладчыцкая дзейнасць была для яго ледзь не адзінай магчымасцю друкавацца. Ён аўтар паэтычных зборнікаў “Назаўжды” (1974), “Каардынаты быцця” (1976), “Шлях-360” (1981), “Вастрыё стралы” (1988; Дзяржаўная прэмія БССР імя Я.Купалы, 1990) і інш. У “Мастацкую літаратуру” здадзены рукапіс яго новай кнігі “Рэчаіснасць”. У “Залатой серыі” гэтага выдавецтва ў 1998 г. плануецца да выхаду кніга выбраных твораў паэта “Лясная дарога”. У 1995 г. у Берліне быў надрукаваны зборнік паэзіі А.Разанава “Знакі вертыкальнага часу” (“Zeichen vertikaler Zeit”). Пасля зборніка М.Багдановіча, выдадзенага ў 1949 г. у Гільдэсгайме, гэта першая кніга беларускага паэта на Нямеччыне*. А ў 1996 г. у Балгарыі выйшла яго кніга “Страшны суд” (“Страшният съд”).
Уведзеныя А.Разанавым новыя паэтычныя формы — квантэма, версэт, пункцір, вершаказ — не толькі зрабілі нашу паэзію больш разнастайнай, але і паўплывалі на характар яе далейшага развіцця. Свае разважанні пра сутнасць паэзіі А.Разанаў падсумаваў у афарыстычных, названых ім “філасафемамі”, празаічных тэкстах, аб’яднаных пад назвай “Зномы”. Духоўныя пошукі, трывога за лёс чалавецтва, якое стаіць на мяжы самазабойства, наша адзінота і прага зліцця з усім Сусветам, праблемы нацыянальнага адраджэння і канцэпцыя універсальнасці культурных каштоўнасцей — усё гэта знайшло адлюстраванне ў паэзіі А.Разанава. Адной з несумненных яе вартасцей можна лічыць з’яўленне новага героя, чалавека, які імкнецца знайсці шляхі адраджэння адзінай для ўсіх зямлян каштоўнасці — душы. “Кім я ёсць?! і кім не ёсць?!” — з гэтага пытання, зададзенага героем “Першай паэмы шляху” Разанава, пачынаецца працэс самапазнання чалавека.
Дэклараваная паэтам незалежнасць мастацтва ад сацыяльных катаклізмаў жыцця, своеасаблівая адасобленасць творцы ад створанага ім, калі аўтар уяўляецца толькі выказнікам <<голасу Сусвету, “ад-асобай”>>, па выразу самога Разанава, ускладняе ўспрыняцце яго паэзіі. Многія разумеюць творчасць паэта як “чыстае мастацтва”, “мастацтва дзеля мастацтва”. Аднак, мажліва, менавіта яго творы стануць той літаратурай, праз якую нашы нашчадкі створаць уяўленне пра нас, сучаснікаў. А.Разанаў вынайшаў свой шлях аднаўлення беларускай паэзіі. Ці пойдзе па ім сучасная літаратура, ці не, яшчэ невядома, аднак ужо сёння ясна, што гэты паэт упісаў яскравую старонку ў гісторыю нацыянальнай культуры.
* Публікацыі з кн. гл.: Культура. 1996. 14—20 лют. (№ 7). С. 7.