Дата рождения:
16.09.1952 Лышчыкі, в., Кобрынскі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
07.11.2024
Краткая справка:
літаратуразнавец, крытык, перакладчык, акадэмік Сербскай акадэміі навук і мастацтваў, лаўрэат прэміі "За духоўнае адраджэнне" (2003, 2018), Міжнароднай прэміі імя К. Астрожскага (Польшча, 1999), Патрыяршай літаратурнай прэміі імя св. Кірылы і Мяфодзія (2012), літаратурнай прэміі імя Драінца (Сербія, 2014), кавалер ордэнаў прападобнага Сергія Раданежскага III ст., Рускай праваслаўнай царквы, Святога Савы III ст. Сербскай праваслаўнай царквы і інш.
Имена на других языках:
Чарота Иван Алексеевич (русский); Черота Иван Алексеевич (русский);
4832 символа
Справка
Іван Аляксеевіч Чарота, выдатны літаратуразнавец, вядомы крытык і перакладчык, таленавіты выкладчык, вядучы ў рэспубліцы вучоны-славіст, займае адметнае месца ў беларускай культуры і літаратуры. Член саюзаў пісьменнікаў Беларусі, Расіі і Сербіі, ён піша пра лёсы людзей і цэлых пакаленняў, даследуе гісторыю літаратур і культур славянскіх народаў, гісторыю праваслаўя.
Нарадзіўся І. А. Чарота ў в. Лышчыкі Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і селяніна. Вёска размясцілася на мяжы Беларусі, Украіны і Польшчы. Будучы вучоны з маленства асвойваў беларускую, рускую, украінскую і польскую мовы. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1969 г. І. А. Чарота стаў студэнтам філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ). Тут захапіўся сербскай мовай і нават быў рэкамендаваны ў гіды-перакладчыкі, што дало магчымасць атрымання моўнай практыкі. Дзякуючы сербскай мове ён вывучыў іншыя паўднёваславянскія мовы – славенскую і македонскую. У 1974 г. І. А. Чарота скончыў БДУ і тры гады выкладаў рускую мову і літаратуру ў Паляцкішскай сярэдняй школе Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1977 г. пачаў працаваць у БДУ, дзе займаў пасады выкладчыка, старшага выкладчыка, дацэнта. Кандыдацкую дысертацыю абараніў у 1987 г. у Ленінградскім дзяржаўным педагагічным інстытуце. З 1991 па 1994 г. вучыўся ў дактарантуры. Праца “Беларуская літаратура XX стагоддзя і працэсы нацыянальнага самавызначэння” (1998) стала яго доктарскай дысертацыяй. Зараз І. А. Чарота загадвае кафедрай славянскіх літаратур у БДУ.
Свае навуковыя інтарэсы ён засяроджвае перш за ўсё на літаратурах і культурах славянскіх народаў. Больш за 40 гадоў займаецца вывучэннем беларуска-сербскіх, беларуска-харвацкіх, беларуска-славенскіх, беларуска-рускіх, руска-сербскіх літаратурных сувязей. Іван Аляксеевіч – аўтар шматлікіх навуковых і літаратурна-крытычных прац. Сярод іх асноўнымі з’яўляюцца “Беларуская савецкая літаратура за мяжой” (1988, у суаўтарстве); “Советская литература в связях и взаимодействиях: начало сравнительного и системного анализа” (1989); “Пошук спрадвечнай існасці: беларуская літаратура XX ст. у працэсах нацыянальнага самавызначэння” (1995); “Мастацкі пераклад на беларускую мову: асновы тэорыі і практычныя рэкамендацыі” (1997); “Сербская праваслаўная царква” (1998); “Югаславянскія літаратуры і культуры” (1999, у суаўтарстве з М. Трусам); “Беларуская мова і царква” (2000) і інш. Ён з’яўляецца таксама складальнікам кніг “Косовская битва продолжается” (2000); “Насустрач Духу. Анталогія беларускай хрысціянскай паэзіі” (2001); “Насустрач Духу. Анталогія беларускай хрысціянскай прозы” (2002); “Слово и Дух: антология русской духовной поэзии (X–XX вв.)” (2003, изд. 2-е 2005, 3-е 2010); “Народ сербскі: яго абрады і звычаі, святы і святыні” (2006) і інш. Усе працы прафесара І. А. Чароты вызначаюцца шырынёй погляду, веданнем літаратур славянскіх народаў, выяўленнем спецыфікі і тыпалогіі генетычна блізкіх культур. Шмат гадоў вучоны займаецца перакладамі. Яшчэ з пачатку 1980-х гг. выдавецтвы актыўна прыцягвалі яго да працы над перакладамі мастацкай літаратуры. Іван Аляксеевіч ведае славянскія мовы, а таксама царкоўнаславянскую, лацінскую, нямецкую, іспанскую і англійскую. У яго перакладзе выйшлі кнігі Б. Зупанчыча, Б. Нушыча, Ё. Юрчыча, П. Воранца, Д. Янчара і інш. Як перакладчык І. А. Чарота ўнёс значны ўклад ва ўмацаванне сувязей паміж праваслаўнай інтэлігенцыяй Беларусі, Расіі, Сербіі, Украіны, Польшчы, Славакіі. Ён падрыхтаваў на рускай мове варыянт кнігі “Свет с Востока – Light from the East. Православие в Польше” (Беласток, 2005); стаў ініцыятарам праекта “Сербское богословие XX века”, куды ўвайшлі кнігі, перакладзеныя ім. Больш за 15 гадоў вучоны ўдзельнічае ў перакладзе Святога Пісання на сучасную літаратурную беларускую мову.
Іван Аляксеевіч Чарота – акадэмік Сербскай акадэміі навук і мастацтваў; акадэмік Міжнароднай славянскай акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры; старшыня Экспертнага савета Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь; навуковы кансультант “Беларускай Энцыклапедыі” па пытаннях, якія тычацца Сербіі, Югаславіі і славянства; сакратар Біблейскай камісіі Беларускага экзархата па распрацоўцы беларускай багаслоўскай тэрміналогіі; выканаўчы рэдактар часопіса “Праваслаўе” і інш. Ён лаўрэат Міжнароднай прэміі імя К. Астрожскага (Польшча) за 1999 г.; прэміі Саюза пісьменнікаў Сербіі (2000) і прэміі Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” (2003). Сінод Рускай праваслаўнай царквы ўзнагародзіў вучонага ордэнам Прападобнага Сергія Раданежскага III ступені (2002), а Сінод Сербскай праваслаўнай царквы – ордэнам Святога Савы III ступені (2007). У 2012 г. І. А. Чарота стаў лаўрэатам Патрыяршай літаратурнай прэміі імя святых Кірылы і Мяфодзія (уручана 29 мая ў храме Хрыста Збавіцеля ў Маскве).