Дата рождения:
02.11.1717 Браслаўскі павет, Віленскае ваяводства
Дата смерти:
06.06.1793
Краткая справка:
гісторык, географ, філосаф, педагог
Варианты имени:
Вырвіч Кароль
Имена на других языках:
Wyrwicz Karol (не определен); Вырвич Кароль (русский);
3258 символов
Справка
Важная роля ў распаўсюджанні геаграфічных ведаў у Рэчы Паспалітай у канцы XVIII ст. належала Каралю Вырвічу.
Ён нарадзіўся ў Браслаўскім павеце Віленскага ваяводства (цяпер Браслаўскі раён Віцебскай вобласці) у небагатай шляхецкай сям’і. Першапачатковую адукацыю атрымаў у езуіцкіх калегіумах Пінска і Дынабурга (сучасны Даўгаўпілс, Латвія). У 1734 г. уступіў у ордэн езуітаў. Праз некалькі гадоў К. Вырвіч пачаў навучанне на філасофскім факультэце Віленскай акадэміі, дзе рыхтавалі служыцеляў культу і выкладчыкаў для езуіцкіх сярэдніх навучальных устаноў. Пасля заканчэння першага этапу адукацыі некаторы час выкладаў у пачатковых класах навучальных устаноў ордэна ў Вільні і Пінску. У 1742 г. ён працягнуў навучанне на тэалагічным факультэце Віленскай акадэміі. Пасля атрымання святарскага пасвячэння і заканчэння адукацыі (1746) выкладаў рыторыку, гісторыю і геаграфію ў Пінскім, Крожскім і Навагрудскім езуіцкіх калегіумах. У 1751–1757 гг. К. Вырвіч быў хатнім настаўнікам сына віленскага ваяводы Яна Гільзена. Жыў пры двары Гільзенаў у Дынабургу і Полацку. Разам з імі наведаў Францыю, Галандыю і Германію, дзе вывучаў арганізацыю асветы гэтых краін. З 1757 г. К. Вырвіч выкладаў этыку і гісторыю ў Калегіум Нобіліум у Варшаве – узорнай у той час навучальнай установе для магнатаў і багатай шляхты. Адначасова быў бібліятэкарам і прэфектам друкарні калегіума, працаваў у Скарбовай камісіі Польшчы. У 1760–1761 гг. К. Вырвіч узначальваў Мазавецкую правінцыю ордэна езуітаў. У 1762–1776 гг. выконваў абавязкі рэктара калегіума, прымаў удзел у рэформе езуіцкіх навучальных устаноў. Быў узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава. Пасля скасавання ордэна езуітаў (1773) у 1775–1791 гг. з’яўляўся абатам гебдоўскім.
Шырокую вядомасць К. Вырвіч атрымаў дзякуючы сваім падручнікам «Сучасная геаграфія» (т. 1, 1768; 2-е выданне 1794) і «Усеагульная геаграфія» (1773), якія шырока выкарыстоўваліся ў працэсе навучання ў Польшчы, Літве і Беларусі. Выкладаў таксама палітыку, якую лічыў навукай, блізкай да геаграфіі. У раздзеле «Аб палітыцы» ў кнізе «Усеагульная геаграфія» ён асвятляў асновы прыродазнаўчага, царкоўнага, грамадзянскага права, апісаў дзяржаўны лад еўрапейскіх краін, іх рэлігію. Сярод іншых прац – «Кароткае сістэматычнае выкладанне ўсеагульнай гісторыі» (т. 1–2, 1766–1771), «Паходжанне сучасных дзяржаў і народаў» (1769), «Галэмбская канфедэрацыя» (1853).
Важнае месца ў яго работах займалі пытанні ролі эканомікі ў жыцці грамадства, а таксама эканамічнага развіцця Рэчы Паспалітай. Вялікае значэнне К. Вырвіч надаваў гандлю, у якім бачыў галоўную крыніцу багацця краіны. На яго погляд, сродкам пашырэння гандлю з’яўляецца развіццё прамысловасці і земляробства; асуджаў вываз сыравіны за межы краіны і выступаў за стварэнне ўласных мануфактур па яе перапрацоўцы. Асаблівы ўплыў на К. Вырвіча, як гісторыка, аказалі французскія філосафы Ш. Мантэск’е і Вальтэр. Вучоны адмоўна ставіўся да традыцыйнага разумення гісторыі як гісторыі палітычных падзей і войнаў; тлумачыў гісторыю народа як сукупнасць змен у палітычным жыцці, звычаях, рэлігіі, навуцы, мастацтве, эканоміцы; падкрэсліваў, што вывучэнне гісторыі дазваляе атрымаць веды, неабходныя для накіраванай змены ладу сучасных дзяржаў.