Дата рождения:
06.05.1802 Дварэц, в., Камянецкі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
03.05.1864
Краткая справка:
батанік-фларыст, медык, педагог, адзін з першых даследчыкаў флоры Белавежскай пушчы
Имена на других языках:
Górski Stanisław Batys (польский); Gorskis Stanislovas Batys (литовский); Горский Станислав Батис (русский);
2193 символа
Справка
Горскі Станіслаў Батыс нарадзіўся ў в. Дварэц Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Сярэднюю адукацыю атрымаў у навучальных установах Гродна i Свіслачы. У 1820–1825 гг. вучыўся ў Віленскім універсітэце, дзе займаўся спачатку прыродазнаўчымі навукамі, потым медыцынай са спецыялізацыяй у фармацыі i фармакалогіі. Пасля заканчэння атрымаў дыплом лекара I ступені. З 1829 г. С.Б. Горскі працаваў загадчыкам батанічнага сада Віленскага ўніверсітэта, потым у Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі (там займаў пасаду ад’юнкта і атрымаў званне прафесара). У 1840 г. напярэдадні закрыцця акадэміі выехаў за мяжу, дзе паглыблена вывучаў батаніку i энтамалогію. Пасля вяртання на радзіму ў 1842 г. некаторы час працаваў у Паставах у арнітолага К. Тызенгаўза. З 1847 г. вучоны ўдасканальваў веды ў музеях i бібліятэках Берліна. 3 1851 г. жыў у маёнтку А. Кубліцкага ў Свянцянскім павеце, дзе займаўся батанікай i энтамалогіяй, бясплатна лячыў мясцовых жыхароў. Па падазрэнні ў спачуванні нацыянальна-вызваленчаму руху ў 1863 г. высланы ў Сібір. У ссылцы 3 мая 1864 г. скончыў жыццё самагубствам.
Станіслаў Батыс Горскі вывучаў флору i энтамалогію. Быў адным з першых даследчыкаў Белавежскай пушчы. Яшчэ ў 1826 г. апісаў яе расліннасць, цікавіўся, чым кормяцца зубры. Яго матэрыялы выкарыстаў у 1830 г. Э. Эйхвальд (расійскі вучоны) у працах па гісторыі прыроды Літвы, Валыні i Падолля. Асноўным клопатам С.Б. Горскага было падтрыманне ў добрым стане i развіццё батанічнага саду ў Вільні. У сваіх публікацыях ён апісваў многія батанічныя сады Заходняй Еўропы, выступаў за цесныя сувязі з заходнееўрапейскай навукай, забяспечваў гербарыямі i ўзорамі расліннасці Беларусі i Літвы вучоных-прыродазнаўцаў Вены, Неапаля, Палерма, Жэневы, Падуі, Фларэнцыі; падрыхтаваў для дрэздэнскага прафесара Л. Рэйхенвальда ўзоры флоры для працы «Германскі гербарый», перадаў гербарыі расліннасці музеям Берліна i Парыжа. Станіслаў Батыс Горскі аўтар некалькіх дзесяткаў публікацый па батаніцы i энтамалогіі. Многія адкрытыя ім новыя віды раслін названы яго імем (напрыклад Copaifera Gorskiana i інш.).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У.М. Ігнатоўскага.