Дата рождения:
16.05.1762 Пінскі павет, Брэсцкае ваяводства
Дата смерти:
1827
Краткая справка:
падарожнік-мемуарыст, удзельнік нацыянальна-вызвалнчага паўстання 1794 г.
Варианты имени:
Копаць Іосіф Станіслававіч
Имена на других языках:
Kopeć Józef (польский); Копать Юзеф (русский); Копец Юзеф (русский); Копоть Иосиф (русский);
3586 символов
Справка
Славуты рэвалюцыянер, удзельнік паўстання 1794 г., падарожнік і мемуарыст Юзаф Копаць нарадзіўся 16 мая 1762 г. у Пінскім павеце ў сям’і пінскага ротмістра войска Вялiкага Княства Лiтоўскага. Хлопчык выхоўваўся дома, вывучаў родную мову, латынь, геаметрыю. Ваенная прафесія бацькі абумовіла і далейшы вайсковы лёс сына, які з 16 гадоў быў аддадзены на службу у Пінскую кавалерыйскую брыгаду. Апекуном маладога Копаця быў прызначаны палкоўнік Г. Калантай. Пачаўшы са звання радавога, Юзаф прайшоў усе ступені вайсковай службы: унтэр-афіцэр, таварыш, падпрапаршчык, падпаручнік, маёр і г.д.
У 1794 г. Ю. Копаць, які быў прыхільнікам Канстытуцыi 1791 г. і грамадска-палiтычных рэформ у Рэчы Паспалітай, далучыўся да паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі. Ён адвёў падначаленых людзей на злучэнне з асноўнымі войскамі паўстанцаў на Заходнім Бугу і актыўна ўключыўся ў баявыя дзеянні. За ўмелае вядзенне баявых аперацый паручнiк Ю. Копаць быў павышаны ў званнi да брыгадзiра – вышэйшага афіцэрскага чыну паміж званнем палкоўніка і генерал-маёра. Пра асабісты гераізм брыгадзіра Копаця сведчыць таксама ўзнагароджанне яго залатым пярсцёнкам з надпісам “Айчына – свайму абаронцу”, чаго ўдастойваліся нямногія. Гэту ўзнагароду галоўнакамандуючы паўстаннем увёў, каб замянiць ёю каралеўскiя ордэны. Пярсцёнак Ю. Копаця пад № 8 зараз захоўваецца ў музеi Войска Польскага ў Варшаве, дзе лічыцца адной з найкаштоўнейшых рэлiквiй.
У бiтве пад Мацяёвiцамi ў кастрычніку 1794 г. Ю. Копаць быў цяжка паранены і разам з Т. Касцюшкам трапіў у расійскі палон. Пасля ваеннага суда ў Смаленску яго прыгаварылі да пажыццёвай ссылкі на Далёкі Усход. Так ён апынуўся ў Ніжнекамчацку, дзе пражыў каля двух гадоў. У 1796 г. новы расійскі iмператар Павел І выдаў дэкрэт пра вызваленне з турмаў i ссылкi ўсiх “польскiх мяцежнiкаў”. Юзафу дапамагло некалi напiсанае i перададзенае ў Пецярбург прашэнне аб памілаванні, і ён вярнуўся на радзіму.
Пасля вяртання былы брыгадзір жыў у Вiльнi, Нясвiжы, на Валынi. Па парадзе вядомага лiтаратара графа Ю. Нямцэвiча ён занатаваў і выдаў асобнай кніжкай свае ўражанні пра падарожжа да Камчаткі і аб жыцці ў ссылцы. Ён быў першым беларусам, які наведаў гэтыя мясціны. “Дзённік падарожніка Юзафа Копаця праз усю Азію” высока ацанiў А. Мiцкевiч, якi прысвяцiў гэтаму твору лекцыi ў Сарбонскiм унiверсiтэце, знаёмячы студэнтаў з духоўнымi набыткамi ўсходнiх славян. Гэтыя лекцыi пазней былi змешчаны ў выглядзе прадмоў да некалькiх выданняў “Дзённiка”. Кніга шмат разоў перавыдавалася на польскай мове ў Львове, Берлiне, Хэлме, Вроцлаве, Парыжы і ў іншых гарадах Еўропы. Поўны пераклад на рускую мову быў апублікаваны ў 1896 г. у пецярбургскім часопісе “Исторический вестник”.
Нават сёння “Дзённік” Ю. Копаця застаецца найкаштоўнейшай крыніцай ведаў аб карэнных жыхарах паўночна-усходняй Азіі: якутах, чукчах, караках, тунгусах і інш. У ім шмат трапных назiранняў карцiн побыту, апiсанняў сустрэч з рознымi людзьмi, цiкавых замалёвак прыроды далёкага краю. Асаблiва ўразiлi нашага земляка незвычайныя для Палесся з'явы прыроды – землятрусы, вывяржэннi вулканаў, паўночныя ззяннi i палярныя ночы. Ключаўскi вулкан нагадваў аўтару гіганцкі факел, а пры землятрусе, па прызнанні былога баявога афiцэра, ён згубiў душэўную раўнавагу, чаго нiколi не здаралася з iм нават на полi бою.
Юзаф Копаць не марыў стаць вучоным. Ён быў ваенным чалавекам, які даслужыўся да звання брыгаднага генерала, але міжволі стаў этнографам, даследчыкам прыроды і жыцця насельніцтва самага ўсходняга паўвострава Расіі.