Краткая справка:
вучоны-медык, хірург, асветнік, удзельнік Айчыннай вайны 1812 г., адзін са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў першага ў Расіі Таварыства рускіх урачоў
Варианты имени:
Нагумовіч Леон-Казімір Якаўлевіч; Нагумовіч Леў Казіміравіч; Нагумовч Леў Якаўлевіч
Имена на других языках:
Нагумович Лев Яковлевич (русский); Нагумович Лев-Казимир Яковлевич (русский); Нагумович Леон-Казимир Яковлевич (русский);
2569 символов
Справка
Хірург Леў Якаўлевіч Нагумовіч стаў вядомым дзякуючы сваёй самаадданай урачэбнай і навуковай дзейнасці. Займаўся ў асноўным пытаннямі лячэння інфекцыйных захворванняў, асвятляў іх у літаратуры.
Нарадзіўся Л. Нагумовіч у Магілёве. Скончыў Магілёўскае езуіцкае вучылішча, затым лячэбна-медыцынскае аддзяленне Віленскага ўніверсітэта. Атрымаў пасля вучобы званне доктара медыцыны (1812). У яго дысертацыі, прысвечанай гартаннай ангіне, упершыню ў Расіі апісвалася дастаткова рэдкае, але цяжкае захворванне. З 1812 г. Л. Нагумовіч быў ваенным урачом. Служыў у Фанагарыйскім грэнадзёрскім палку. Удзельнічаў у вайне 1812 г. у бітвах пры Барадзіне, Малым Яраслаўцы, пад Люцэнам, Кульмам, Лейпцыгам. У 1814 г. разам з палком уступіў у Парыж. У Парыжскай медыцынскай акадэміі Л. Нагумовіч прачытаў даклад «Об употреблении фосфора при лечении перемежающейся лихорадки» і быў выбраны членам-карэспандэнтам гэтай акадэміі. Пасля вяртання войск з-за мяжы яго прызначылі старшым урачом 40-га егерскага палка. З 1818 па 1826 г. (акрамя 1822 г., калі працаваў у Віцебскім ваенным шпіталі) з’яўляўся ардынатарам Беларуска-Магілёўскага ваеннага шпіталя. У 1826 г. быў штаб-лекарам Фінляндскага палка. Як ваенны медык прымаў удзел у турэцкай (1828), польскай (1831) і венгерскай (1848) кампаніях. У 1830 г. Л. Нагумовіч працаваў у цэнтральнай камісіі па барацьбе з халерай у Саратаве. Стаў адным са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў першага ў Расіі Таварыства рускіх урачоў. З 1852 г. ён знаходзіўся ў адстаўцы. Быў стацкім саветнікам.
Адначасова з медыцынскай практыкай Л. Нагумовіч займаўся навуковай працай. З’яўляўся актыўным папулярызатарам медыцынскіх ведаў. Заслугоўвае ўвагі работа «Руководство к лечению огнестрельных ран по правилам, предлагаемым знаменитыми хирургами в Европе» (1822). Ён таксама аўтар 1, 7, 8-га раздзелаў «Трактата о повальной, заразной болезни, называемой холера» (1831). Пераклаў з французскай мовы працу вядомага ўрача Ланцыо. Супрацоўнічаў у «Военно-медицинском журнале», газеце «Друг здравия» і інш. У работах Л. Нагумовіча выявіліся характэрныя для яго рысы ўрача-гуманіста: пільнасць пры назіранні за сімптомамі захворвання ў дынаміцы, пастаянны пошук новых, найбольш эфектыўных метадаў і спосабаў лячэння.
За заслугі ў ваеннай медыцыне Л. Нагумовіч быў прызначаны ганаровым членам Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, Віленскага медыцынскага таварыства і Ваенна-медыцынскага навуковага камітэта. Узнагароджаны Імператарскім ордэнам Святой Ганны (1830), сярэбраным медалём «За Парыж» (1814).