Дата рождения:
25.04.1867 Калантаёва, маёнт., Сенненскі павет, Магілёўская губерня (цяпер в. Калантаёва, Сенненскі раён, Віцебская вобласць)
Дата смерти:
15.05.1931
Краткая справка:
расійскі і польскі вучоны-правазнавец, сацыёлаг, філосаф, дзяржаўны дзеяч
Имена на других языках:
Petrazycki Leon (польск.) (не определен); Петражицкий Лев Иосифович (русский); Петражицкий Леон Иосифович (русский);
4907 символов
Справка
Адзін з вядучых правазнаўцаў Расіі, выдатны філосаф права пачатку ХХ ст. Леў Іосіфавіч Петражыцкі стаў заснавальнікам псіхалагічнай школы права, якая аказала вялікае ўздзеянне на развіццё сусветнай прававой навукі першай паловы ХХ ст. Згодна з яго разважаннямі права трэба разглядаць у якасці з’явы псіхічнага жыцця, а ўсе прававыя падзеі інтэрпрэтаваць з пазіцыі псіхалогіі чалавека.
Будучы вучоны нарадзіўся ў маёнтку Калантаёва Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер вёска ў Сенненскім раёне Віцебскай вобласці). Дзяцінства правёў у маёнтку сваёй бабулі на Міншчыне. Падчас хатняга навучання добра засвоіў рускую і французскую мовы, а ў Віцебскай класічнай гімназіі, куды паступіў у 1877 г., авалодаў лацінскай, старажытнагрэчаскай і нямецкай мовамі. У час вучобы паказваў выдатныя здольнасці, гімназію скончыў з сярэбраным медалём. У далейшым адукацыю працягнуў у Кіеўскім Імператарскім універсітэце святога Уладзіміра (1885–1890). Вучыўся спачатку на медыцынскім факультэце, потым перавёўся на юрыдычны. У студэнцкія гады зарабляў перакладамі (падручнік «Система римского гражданского права» Ю. Барона ў перакладзе з нямецкай мовы Л.І. Петражыцкага карыстаўся вялікім попытам і неаднаразова перавыдаваўся). Пасля заканчэння вучобы як адзін з таленавітых выпускнікоў малады правазнавец накіраваны за мяжу для ўдасканальвання ведаў. У 1891–1895 гг. быў стыпендыятам у знакамітага юрыста Г. Дэрнбурга ў Берліне, наведваў лекцыі вядомых вучоных у Гейдэльбергскім, Парыжскім і іншых універсітэтах. У гэты перыяд выйшлі з друку яго першыя працы на нямецкай мове, якія прынеслі вядомасць у юрыдычных колах, – «Предисловие и введение в науку политики права» (1892), «Учение о доходах» (1893–1895) і інш.
Пасля вяртання ў Расійскую Імперыю ў 1896 г. Л.І. Петражыцкі некаторы час выкладаў у Кіеўскім Імператарскім універсітэце святога Уладзіміра. У гэтым жа годзе абараніў дысертацыю на тэму «Деление дотальных плодов по римскому праву» і атрымаў ступень магістра рымскага права. З 1897 г. малады вучоны выкладаў у Імператарскім Санкт-Пецярбургскім універсітэце, узначальваў кафедру энцыклапедыі і гісторыі філасофіі права юрыдычнага факультэта. Абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Права добросовестного владельца на доходы с точек зрения догмы и политики гражданского права» (1897). У 1901–1915 гг. уваходзіў у рэдкалегію выданняў «Право» і «Юридический вестник». Сярод асноўных прац гэтага перыяду – «Очерки философии права» (1900), «О мотивах человеческих поступков» (1904), «Введение в изучение права и нравственности. Эмоциональная психология» (1905), «Теория права и государства в связи с теорией нравственности» (1909–1910) і інш.
Леў Іосіфавіч прымаў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці. Ён быў адным з арганізатараў і лідараў партыі кадэтаў. У 1906 г. абраны дэпутатам Першай Дзяржаўнай думы. Пасля яе роспуску падпісаў Выбаргскую адозву, за што быў арыштаваны і асуджаны на тры месяцы турэмнага зняволення. Пасля адбыцця пакарання вучоны працягваў займацца навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю. З друку выйшлі яго працы «Акции, биржевая игра и теория экономических кризисов» (1911), «О ритуальных убийствах и деле Бейлиса» (1913), «О женском равноправии» (1915) і інш. Таксама выступаў з артыкуламі ў перыядычных выданнях. Правазнавец абраны членам Кракаўскай акадэміі мастацтваў (1912), старшынёй Таварыства польскіх юрыстаў і эканамістаў у Петраградзе (1915), быў удзельнікам Вышэйшых польскіх курсаў.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Л.І. Петражыцкі прымаў актыўны ўдзел у руху па адраджэнні Польшчы, у 1917 г. эмігрыраваў. З 1918 г. быў прафесарам у Варшаўскім універсітэце, дзе ўзначальваў кафедру сацыялогіі на факультэце права і палітычных навук, выступаў з лекцыямі аб грамадскім ідэале, марксізме і сацыялізме. Шмат працаваў, аднак большая частка яго твораў засталася неапублікаванай з-за складанасцей у арганізацыі выдання (вялікая колькасць рукапісаў вучонага загінула ў час Другой сусветнай вайны). У гэты перыяд былі падрыхтаваны працы «Философские очерки. О так называемом критическом методе и о метафизике и практической философии Канта» (1920–1923), «Новые основания логики и классификация наук» (1925–1926) і інш. У 1925 г. правазнавец абраны членам-карэспандэнтам Міжнароднай акадэміі параўнальнага права ў Гаазе, а таксама віцэ-прэзідэнтам Міжнароднага інстытута сацыялогіі ў Парыжы. З-за рэакцыйнага рэжыму санацыі, уведзенага ў Польшчы Ю. Пілсудскім, быў зволены з пасады прафесара ўніверсітэта. У выніку дэпрэсіі, выкліканай усплёскам нацыяналізму, негатыўнымі адносінамі да яго з боку кіраўніцтва ўніверсітэта і ганеннямі ў прэсе, вучоны ў 1931 г. скончыў жыццё самагубствам.
Леў Іосіфавіч Петражыцкі пакінуў пасля сябе вялікую навуковую спадчыну, якая не губляе сваёй актуальнасці і ў нашы дні. Многія вучні правазнаўца працягнулі яго справу і сталі знакамітымі вучонымі ў галіне права і сацыялогіі.