Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (да каранацыі Станіслаў Антоні)
Дата рождения:
17.01.1732 Воўчын, в., Камянецкі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
12.02.1798
Краткая справка:
апошні кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь літоўскі
Варианты имени:
Панятоўскі Станіслаў Аўгуст; Станіслаў Антоні Панятоўскі
Имена на других языках:
Poniatowski Stanisław August (польский); Stanisław II August (польский); Понятовский Станислав Август (русский); Станислав Август Понятовский (русский); Станислав Антоний Понятовский (русский);
4217 символов
Справка
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі нарадзіўся ў мястэчку Воўчын Брэсцкага павета (цяпер Камянецкі раён Брэсцкай вобласці). Паходзіў з магнацкага роду. Ён быў трэцім сынам графа Станіслава Панятоўскага – генерала артылерыі Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), удзельніка славутай Палтаўскай бітвы, ваяводы мазавецкага, кашталяна кракаўскага. Маці будучага караля паходзіла з вядомага ў ВКЛ роду князёў Чартарыйскіх. Яе бацька, Казімір Чартарыйскі, падканцлер літоўскі, кашталян віленскі, арганізаваў магнацкую групоўку, так званую фамілію, якая паспрыяла ўзвядзенню Станіслава Аўгуста на трон Рэчы Паспалітай.
Малады граф Панятоўскі атрымаў выдатнае хатняе выхаванне і адукацыю. Скончыў калегіум тэатынаў у Варшаве. Удасканальваючы свае веды, шмат падарожнічаў па Еўропе. Знаёмства з заходняй культурай аказала моцны ўплыў на яго светапогляд, што праявілася пазней у мецэнацкай і асветніцкай дзейнасці караля. Станіслава Аўгуста чакала бліскучая кар’ера: ужо ў 23-гадовым узросце ён займаў ганаровую пасаду стольніка ВКЛ. Палітычныя прыхільнасці графа былі звязаны з групоўкай Чартарыйскіх, што паспрыяла прызначэнню яго ў 1755 г. на пасаду сакратара англійскага пасольства, а потым і пасла Саксоніі і Рэчы Паспалітай у Пецярбургу.
Малады, адукаваны, прыгожы дыпламат стаў сваім чалавекам пры двары. У Пецярбургу ён блізка сышоўся з вялікай княгіняй Кацярынай Аляксееўнай, жонкай наследніка расійскага трона, будучага імператара Пятра III. У хуткім часе С. Панятоўскі стаў адным з яе фаварытаў. У 1758 г. ён вярнуўся на радзіму, а праз чатыры гады (у ліпені 1762 г.) у выніку палацавага перавароту вялікая княгіня стала расійскай імператрыцай Кацярынай II. Пасля смерці ў 1763 г. караля польскага і вялікага князя ВКЛ Аўгуста III Чартарыйскія і Кацярына II вылучылі кандыдатуру С. Панятоўскага на трон Рэчы Паспалітай. Пачалася падрыхтоўка да выбараў караля і барацьба за прастол паміж магнацкімі групоўкамі Патоцкіх і Чартарыйскіх, па просьбе апошніх у Рэч Паспалітую былі ўведзены расійскія войскі. 6 верасня 1764 г. на элекцыйным сойме каралём Рэчы Паспалітай быў абраны С. Панятоўскі (пры каранацыі ўзяў імя Аўгуст).
Яго праўленне – гэта перыяд заняпаду Рэчы Паспалітай, спробы рэформаў і ўмацавання дзяржаўнага ладу краіны, інтэрвенцыя Расіі і яе саюзніцы Прусіі. Гэта час, калі суседнія манархі тройчы дзялілі тэрыторыю дзяржавы, калі патрыятычныя сілы Польшчы, Літвы і Беларусі на чале з Тадэвушам Касцюшкам падняліся ў 1794 г. на ўзброеную барацьбу за незалежнасць Радзімы. Менавіта тады кароль быў адхілены ад улады, хоць фармальна захаваў трон. Пасля паражэння паўстання ён паводле загаду расійскай імператрыцы выехаў у Гродна, дзе жыў у каралеўскім палацы. Тут С. Панятоўскі даведаўся пра трэці падзел Рэчы Паспалітай і 25 лістапада 1795 г. падпісаў акт адрачэння ад кароны на карысць Кацярыны II. Гэтым актам афіцыйна спынена існаванне некалі магутнай дзяржавы, а яе тэрыторыя была падзелена паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй.
Асобай увагі заслугоўвае мецэнацкая і асветніцкая дзейнасць Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пры двары караля былі сабраны лепшыя мастакі і скульптары. У час яго кіравання была праведзена рэканструкцыя Каралеўскага замка ў Варшаве. Станіслаў Панятоўскі заўсёды падтрымліваў асветніцтва і адукацыю, апекаваў тэатр і мастацтва. Ён адкрыў мастацкую школу, накіроўваў стыпендыятаў на вучобу за мяжу. У Варшаве адкрыў Рыцарскую школу (кадэцкі корпус), рыхтаваў адкрыццё акадэміі мастацтваў, акадэміі навук і літаратуры, нацыянальнага музея. Ён быў ініцыятарам выдання газеты “Манітор”, збіраў калекцыі гіпсавых бюстаў, гем і манет. Асабіста падтрымліваў адкрыццё мануфактур (з дапамогай Антонія Тызенгаўза), спрыяў прамысловай здабычы солі.
Пасля смерці Кацярыны II у лістападзе 1796 г. Павел I выклікаў Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Пецярбург, дзе ён памёр 12 лютага 1798 г. Без усялякіх урачыстасцей былога караля Рэчы Паспалітай пахавалі ў пецярбургскім касцёле Святой Кацярыны. У 1938 г. яго астанкі перапахавалі на радзіме – у Троіцкім касцёле ў Воўчыне, а ў 1987 г. іх перавезлі ў Польшчу. У Каралеўскім замку ў Варшаве, у кафедральным касцёле Святога Яна, знайшоў канчатковы прытулак апошні кароль Рэчы Паспалітай.