Радзівіл Удальрык (Ульрык) Крыштоф, сын Мікалая Фаўстына
Дата рождения:
28.01.1712 Дзятлава, г., Гродзенская вобласць
Дата смерти:
21.07.1770
Краткая справка:
дзяржаўны дзеяч ВКЛ, генерал-лейтэнант, паэт, гісторык
Варианты имени:
Радзівіл Ульрык Крыштоф
Имена на других языках:
Radziwiłł Udalryk Krzysztof (польский); Удальрик Криштоф Радзивилл (русский);
2060 символов
Справка
З магнацкага роду Радзівілаў выйшла шмат выдатных дзяржаўных дзеячаў і военачальнікаў. Да іх адносіцца і Удальрык Радзівіл – генерал-лейтэнант, польскі і беларускі паэт, гісторык.
Ён нарадзіўся ў мястэчку Дзятлава Слонімскага павета (цяпер горад у Гродзенскай вобласці) у сям’і Мікалая Фаўстына Радзівіла – мечніка Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Маці паходзіла са шляхецкага роду Завішаў. Пачатковыя веды атрымаў у хатніх настаўнікаў, адукацыю працягваў у калегіуме піяраў у Варшаве, потым у Лягніцы (Сілезія) вывучаў ваенную справу у шляхецкай акадэміі. Пасля заканчэння У. Радзівіла накіравалі на вайсковую службу. У 1735 г. ён атрымаў званне палкоўніка, у 1743 г. стаў генерал-маёрам, у 1748 г. – генерал-лейтэнантам. У 1749 г. узначальваў паход войска ВКЛ супраць украінскіх гайдамакаў, які апісаў у надрукаваным «Дыярыушы» (выйшаў без пазначэння месца і года выдання). Займаючы высокія вайсковыя і дзяржаўныя пасады – канюшага ВКЛ (1734–1762), вялікага пісара ВКЛ (1762), старасты мінскага (1739–1746) – прымаў актыўны ўдзел у палітычным жыцці Рэчы Паспалітай і шэсць разоў выбіраўся паслом ад ВКЛ на сеймы (з 1730 па 1767 г.).
Удальрык Радзівіл быў адным з найбольш адукаваных людзей свайго часу. Ён сабраў вялікую бібліятэку і пакінуў значную літаратурную спадчыну. Асаблівы інтарэс да творчасці праявіўся пасля таго, як У. Радзівіл захварэў і вымушаны быў абмежаваць палітычную дзейнасць. Сярод вядомых яго работ – «Апісанне ўсіх нацый у Еўропе», «Універсальная гісторыя» (рукапіс налічваў 3648 старонак, у 1758 г. надрукаваны першыя 14 аркушаў), «Крытыкі свету, або Сатыры», «Вучоныя забавы ў вершах і прозе», у 1741 г. выдаў кнігу «Апісанне клопатаў людзей усіх саслоўяў». Напісаў таксама гісторыю роду Радзівілаў, шэраг панегірыкаў, элегій, од, вершаў; перакладаў на польскую мову творы Сафокла, П. Карнеля, Ж. Расіна і інш. Пры перапрацоўцы твора Э. Бурселя «Камедыя Эзопа» увёў у п’есу персанаж, які выказваецца па-беларуску (захаваліся 5 радкоў яго ўступнага маналога).