Дата рождения:
23.01.1867 Карытнае, в., Асіповіцкі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
12.03.1924
Краткая справка:
дзеяч Рускай Праваслаўнай Царквы, царкоўны гісторык і архівіст, грамадскі дзеяч
Имена на других языках:
Рункевич Степан Григорьевич (русский); Рункевич Стефан Григорьевич (русский);
2870 символов
Справка
Імя буйнога царкоўнага дзеяча і вучонага Сцяпана Рыгоравіча Рункевіча сёння вядома ў асноўным толькі абмежаванаму колу спецыялістаў. Аднак менавіта ён у канцы XIX – пачатку XX ст. стаў аўтарам грунтоўных публікацый па гісторыі Мінскай епархіі, некаторыя з якіх не страцілі сваёй актуальнасці і для сучасных даследчыкаў.
Нарадзіўся С.Р. Рункевіч у в. Карытнае Бабруйскага павета Мінскай губерні (зараз Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці) у сям’і вясковага протаіерэя. Скончыў Мінскае духоўнае вучылішча (1881), Мінскую духоўную семінарыю (1887), Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію (1891). Падчас вучобы ў акадэміі прымаў удзел у дзейнасці гуртка “студэнтаў-прапаведнікаў”, праводзіў рэлігійна-павучальныя чытанні. Пасля заканчэння навучання займаў розныя адміністрацыйныя пасады ў Свяцейшым Сінодзе, разбіраў і ўпарадкоўваў яго архіў, выкладаў у духоўнай акадэміі, быў прыват-дацэнтам у Імператарскім Санкт-Пецярбургскім універсітэце. У 1917–1918 гг. даследчык прымаў удзел у працы Памеснага Сабора Расійскай Праваслаўнай Царквы і спецыяльнай дэлегацыі Вышэйшага царкоўнага праўлення, арганізаванай для абароны маёмасных і іншых правоў Царквы перад савецкім урадам.
Праца ў архіве Свяцейшага Сінода дазволіла С.Р. Рункевічу атрымаць доступ да вялікай колькасці амаль не даследаванага гістарычнага матэрыялу і распачаць грунтоўныя пошукі. Сваю навуковую дзейнасць даследчык пачаў з выдання «Матэрыялаў для гісторыі Мінскай епархіі», якія апублікаваў у Мінску ў 1892–1894 гг. У 1893 г. ён падрыхтаваў дысертацыю «Гісторыя Мінскай архіепіскапіі (1793–1832 гг.)», пасля абароны якой атрымаў вучоную ступень магістра царкоўнай гісторыі. У далейшым ён звярнуўся да вывучэння гісторыі Рэчы Паспалітай, уніяцкай царквы, вяртання ўніятаў у праваслаўе. Свае шматлікія артыкулы друкаваў у выданнях «Минские епархиальные ведомости», «Исторический Вестник», «Новое Время» і інш. Публікацыю гістарычных дакументаў С.Р. Рункевіч пачаў з матэрыялаў да біяграфіі першага Мінскага архіепіскапа В. Садкоўскага. З 1900 г. вучоны прымаў актыўны ўдзел у выданні «Праваслаўнай Багаслоўскай Энцыклапедыі», для якой на працягу некалькіх гадоў напісаў каля 170 артыкулаў. Акрамя гэтага склаў больш за 100 біяграфій рускіх духоўных дзеячаў для «Рускага біяграфічнага слоўніка». Увогуле ўся літаратурная спадчына вучонага налічвае сотні найменняў, больш за сорак з якіх выйшла асобнымі выданнямі («Да гісторыі Мінскага кафедральнага сабора» (1893), «Руская царква ў XIX стагоддзі» (1901), «Аляксандра-Неўская лаўра (1713–1913)» (1913) і інш.). За першы том задуманай ім гісторыі Рускай Царквы Сінадальнага перыяду «Заснаванне і першапачатковае ўпарадкаванне Свяцейшага Сінода» (1900) аўтар атрымаў вучоную ступень доктара царкоўнай гісторыі і Увараўскую прэмію.
Памёр С.Р. Рункевіч 12 сакавіка 1924 г. у Петраградзе.