Краткая справка:
расійскі юрыст-крыміналіст, педагог
Имена на других языках:
Фойницкий Иван Яковлевич (русский);
3634 символа
Справка
Адным з буйнейшых вучоных-юрыстаў другой паловы ХІХ ст. з’яўляўся Іван Якаўлевіч Файніцкі. Як непераўзыдзены знаўца крымінальнага права ён унёс значны ўклад у развіццё расійскай крыміналістыкі, на працягу 40 гадоў займаючыся навуковай і выкладчыцкай работай у Імператарскім Санкт-Пецярбургскім універсітэце.
Нарадзіўся будучы вучоны ў Гомельскім павеце Магілёўскай губерні (цяпер у межах Гомеля) у сям’і прыгонных, якія належалі графу Ф. Паскевічу. Здольнага да навукі хлопчыка заўважылі і аддалі спачатку ў Чарнігаўскую, потым у Магілёўскую гімназію. У 1864 г. скончыў навучанне з залатым медалём і быў накіраваны для працягу адукацыі на юрыдычны факультэт Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Пад уплывам выдатных правазнаўцаў і выкладчыкаў У.Д. Спасовіча, І.Я. Андрэеўскага, М.Д. Сяргееўскага, А.П. Чэбышава-Дзмітрыева зацікавіўся крымінальным правам і працэсам. У 1868 г. выдатна абараніў дыпломную працу і быў пакінуты стыпендыятам пры ўніверсітэце для падрыхтоўкі да прафесарскага звання. Адначасова з навуковай работай І.Я. Файніцкі пачаў чытаць курс крымінальнага права ў Аўдытарскім вучылішчы. Пасля абароны магістарскай дысертацыі «Мошенничество по русскому праву» (1871) прызначаны штатным дацэнтам. Для працягу адукацыі камандзіраваны за мяжу. Слухаў лекцыі буйнейшых вучоных у Англіі, Германіі, Францыі, Італіі, Швейцарыі, наведваў месцы зняволення, знаёміўся з вопытам і новымі ідэямі пра выпраўленне злачынцаў.
З 1873 г. І.Я. Файніцкі займаўся навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю ва ўніверсітэце, Імператарскім вучылішчы правазнаўства і Імператарскім Аляксандраўскім ліцэі ў Санкт-Пецярбургу. Выкладаў курсы крымінальнага права і працэсу, турмазнаўства, судаводства, энцыклапедыі права. У 1876 г. прызначаны намеснікам обер-пракурора Крымінальнага касацыйнага дэпартамента Правячага сената. У гэты ж перыяд стаў адным з заснавальнікаў і аўтарам статута юрыдычнага таварыства пры ўніверсітэце, абсталяваў у ім кабінет i музей крымінальнага права. У 1881 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Ссылка на Западе в ее историческом развитии и современном состоянии» і зацверджаны прафесарам на кафедры крымінальнага права і судаводства. Некаторы час узначальваў юрыдычны факультэт, з’яўляўся арганізатарам і старшынёй рускай групы Міжнароднага саюза крымінальнага права, сенатарам Крымінальнага касацыйнага дэпартамента Правячага сената. Быў адным з ініцыятараў стварэння ў Расіі асобных судоў для малалетніх. У 1909 г. узнагароджаны ордэнам Святога Аляксандра Неўскага.
Навуковыя даследаванні І.Я. Файніцкага прысвечаны юрыдычным аспектам пакарання злачыннасці. Асноўнай яго работай лічыцца «Курс уголовного судопроизводства» (т. 1–2, 1884–1897) – першы грунтоўны выклад асноў крымінальнага працэсу. Сярод прац вылучаюцца таксама «Учение о наказании в связи с тюрьмоведением» (1889), «Курс уголовного права. Часть особенная. Посягательство на личность и имущество» (1890) і інш. Вучоны – аўтар шматлікіх артыкулаў у перыядычным друку: «Уголовное уложение Северо-Германского союза и его литература» і «Несколько слов об уголовном праве Финляндии» (1870), «Проект основных положений тюремного преобразования в России графа В.А. Соллогуба» і «Законодательная хроника Англии» (1872), «Влияние времен года на распределение преступлений» і «Укрывательство вещей, добытых преступлением» (1873), «Обзор произведений русской литературы по тюремному делу» і «Тюремная статистика на Западе» (1874), «Защита в уголовном процессе как служение общественное» (1885), «А.Ф. Кистяковский как криминалист» (1895), «Идея личности в судебных уставах и кодификационное их значение» (1899) і інш.