Краткая справка:
урач-псіхіятр, педагог, адзін з заснавальнікаў псіхіятрычнай службы Санкт-Пецярбурга
Имена на других языках:
Czeczott Otton Dionizy Antoni (польский); Чечотт Антон Антонович (русский); Чечотт Оттон Антонович (русский); Чечотт Оттон-Дионисий-Антоний (русский);
4040 символов
Справка
Адным з першых у Расійскай Імперыі, хто ўзняў навуку аб псіхічных захворваннях на новы ўзровень, стаў наш зямляк Антон Антонавіч Чачот. Значную частку жыцця вучоны прысвяціў арганізацыі псіхіятрычнай службы Санкт-Пецярбурга.
Будучы ўрач нарадзіўся ў маёнтку Днесін Магілёўскай губерні ў дваранскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у Віцебскай губернскай гімназіі. У 1860 г. паступіў на медыцынскі факультэт Імператарскага Маскоўскага ўніверсітэта. У час навучання зацікавіўся псіхіятрыяй, што стала падставай да пераводу ў Санкт-Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію, дзе дзейнічала кафедра нервовых і псіхічных захворванняў пад кіраўніцтвам вядомага прафесара І.М. Балінскага. Пасля паспяховага заканчэння вучобы ў 1866 г. А.А. Чачот быў прыняты ардынатарам жаночага аддзялення ў часовую лячэбніцу для псіхічнахворых пры папраўчай установе. Лячэбніца гэта з цягам часу была пераўтворана ў бальніцу святога Мікалая Цудатворца і стала буйнейшай псіхіятрычнай установай Санкт-Пецярбурга, а таксама базай для падрыхтоўкі ўрачоў-псіхіятраў, лекараў і навуковых супрацоўнікаў.
Вучоны займаўся пытаннямі судова-медыцынскай экспертызы, вывучаў сувязь паміж будовай чэрапа і псіхікай, тапаграфію галаўнога мозга, даследаваў уздзеянне электрычнага току на нервовую сістэму чалавека, прымаў удзел у распрацоўцы заканадаўства аб псіхічнахворых. Адначасова быў урачом у бальніцы рэльсавага і механічнага завода М.І. Пуцілава, судовым урачом у Санкт-Пецярбургскім акруговым судзе, выступаў кансультантам камісіі па разглядзе праектаў псіхіятрычных бальніц і інш. Антон Антонавіч актыўна садзейнічаў пашырэнню медыцынскай адукацыі. Выкладаў на жаночых медыцынскіх курсах пры Мікалаеўскім ваенным шпіталі ў Санкт-Пецярбургу, займаў пасаду прыват-дацэнта ў Санкт-Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, дзе чытаў лекцыі па нервовых хваробах і электратэрапіі. Меў таксама шырокую прыватную практыку. У 1876 г. А.А. Чачот абараніў дысертацыю на ступень доктара медыцыны «О гальванизации симпатического нерва у человека и терапевтическом ее значении», якая стала першай працай па псіхіятрыі ў Расійскай Імперыі. Сярод іншых публікацый – «Русское законодательство и душевные болезни» (1875), «К вопросу об освидетельствовании душевнобольных с целью учреждения над ними опеки» (1887), «К проекту устройства в Новознаменской даче колонии для умалишенных хроников» (1892) і інш. Своеасаблівай справаздачай шматгадовай дзейнасці вучонага стала праца «К развитию призрения душевно-больных С.-Петербургским городским общественным управлением 1884–1912 гг.» (1914), за напісанне якой яго называлі «Нестарам пецярбургскай псіхіятрыі». Займаўся таксама перакладамі. На рускую мову пераклаў твор англійскага псіхіятара Г. Маўдслі «Ответственность при душевных болезнях» (1875).
У 1881–1901 гг. вучоны быў галоўным урачом бальніцы святога Мікалая Цудатворца. Актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі гарадской псіхіятрычнай дапамогі, якую ўяўляў у выглядзе сістэмы ўзаемазвязаных устаноў, меўшых цэнтралізаванае кіраўніцтва і індывідуальную спецыялізацыю. Ён прымаў удзел у падрыхтоўцы і правядзенні Першага з’езда псіхіятраў Расіі (1884), у арганізацыі Псіханеўралагічнага інстытута (1908), быў абраны правадзейным членам Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства, шмат гадоў працаваў у Санкт-Пецярбургскім таварыстве ўрачоў, некаторы час узначальваў яго. Пасля выхаду ў адстаўку вучоны працягваў прыватную медыцынскую практыку, а таксама займаўся арганізацыяй і практыкай бальнеалагічнага і курортнага лячэння на Каўказе. Надрукаваў шэраг прац па гэтай тэме і стаў першым старшынёй каўказскага горнага таварыства.
Адзін з буйнейшых псіхіятраў і арганізатараў аховы здароўя канца ХІХ – пачатку ХХ ст. А.А. Чачот стварыў цэласную канцэпцыю развіцця псіхіятрычнай службы ў Санкт-Пецярбургу, а заснаваныя пры яго ўдзеле бальніцы сталі асновай гарадской сеткі псіхіятрычных клінік. Ён пакінуў пасля сябе шматлікіх вучняў і значную навуковую спадчыну, многае з якой не страціла сваёй актуальнасці і сёння.