Дата рождения:
10.12.1852 Нача, в. Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
01.12.1919 Нача, в. Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць
Краткая справка:
археолаг, антраполаг, краязнавец і этнограф, адзін з заснавальнікаў навуковай археалогіі заходніх зямель Беларусі, член-карэспандэнт Кракаўскай АН
Имена на других языках:
Szukiewicz Wandalin Maciej (польский); Шукевич Вандалин Александрович (русский);
3368 символов
Справка
Вандалін Аляксандравіч Шукевіч займаў адметнае месца сярод даследчыкаў беларускай гісторыі, археалогіі, этнаграфіі і краязнаўства другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст.
Нарадзіўся ён у сям’і адваката ў родавым маёнтку Нача Лідскага павета Віленскай губерні (цяпер Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці). Атрымаў добрую хатнюю адукацыю. У далейшым вучыўся ў прыватных настаўнікаў у Вільні. У сямнаццацігадовым узросце пераехаў у Варшаву для падрыхтоўкі да паступлення ва ўніверсітэт. У 1872 г. па сямейных абставінах вымушаны быў вярнуцца на радзіму. Акрамя клопатаў па гаспадарцы В. Шукевіч актыўна заняўся самаадукацыяй: шмат чытаў, паглыбляў веды ў гісторыі, літаратуры, прыродазнаўчых навуках. Цікавіўся фізікай і астраноміяй. Асабліва захапіўся археалогіяй, пачаў збіраць старажытныя каменныя прадметы і асколкі керамікі, праводзіць раскопкі ў ваколіцах родных мясцін. Стаянкі першабытнага чалавека каменнага і бронзавага вякоў у Лідскім павеце В. Шукевіч упершыню выявіў у пачатку 1880-х гг. Да Першай Сусветнай вайны ён абследаваў 170 старажытных пахаванняў, 16 курганоў і 376 каменных магіл XIII–XIV стст. тыпу жальнікаў. Вёў раскопкі каля Віцебска, Лепеля, Радашковіч, воз. Дрысвяты, зрабіў абмеры і падрабязна апісаў руіны Лідскага замка. З уласных раскопак сабраў вялікую калекцыю археалагічных, нумізматычных, сфрагістычных прадметаў і матэрыялаў антрапалогіі, частку якой у далейшым перадаў у музеі Вільні, Кракава, Санкт-Пецярбурга і Масквы. Рабіў якасныя замалёўкі знойдзеных прадметаў, першы з беларускіх археолагаў пачаў выконваць хімічныя аналізы старажытных знаходак. Займаўся В. Шукевіч таксама збіраннем і апрацоўкай вуснай народнай творчасці.
Па выніках даследчыцкай працы ў польскім перыядычным друку вучоны апублікаваў больш за 40 артыкулаў, сярод якіх – «Раскопкі ў Лідскім павеце» (1885), «Каменныя курганы ў Лідскім павеце» (1899), «З мінулага Літвы» (1906), «Замак у Лідзе» і «Даўнія каралеўскія лясы ў Літве» (1911), «Раскопкі ў Начы (Лідскі павет)» і «Мерач» (1912), «Возера Дрысвяты» (1913), «Трэпанаваныя чарапы з могільніка пад Начай» (1914) і інш. Традыцыйнай народнай культуры беларусаў прысвечаны артыкулы «Народныя вераванні і абрады (забабоны, прымхі, варожбы і г. д.), сабраныя ў Віленскай губерні» і «Упрыгожаныя крыжы ў Віленскай губерні» (1903), «Нарысы з Белай Русі» і «Звычаі пры выпечцы хлеба ў Лідскім павеце» (1912), «Спосабы фарбавання пісанак у Лідскім павеце» (1913) і інш. Грунтоўныя даследаванні В. Шукевіча прынеслі яму прызнанне ў навуковым асяроддзі. Ён прымаў удзел у працы ІХ Археалагічнага з’езда ў Вільні (1893), з’яўляўся членам Маскоўскага археалагічнага таварыства, Віленскага таварыства сяброў навукі і Варшаўскага краязнаўчага таварыства, быў абраны членам-карэспандэнтам Кракаўскай акадэміі навук (1901).
Займаўся В. Шукевіч таксама грамадскай дзейнасцю. У сваім маёнтку з мэтай павышэння ўзроўню сельскай гаспадаркі ён арганізаваў агранамічны гурток і кааператыў, адкрыў краму. За ўласныя сродкі набываў новае абсталяванне і насенне, якое раздаваў сялянам. Па прапанове Віленскага земляробчага таварыства стварыў 5 доследных участкаў для выпрабавання мінеральных угнаенняў і новых гатункаў бульбы і аўса. З’яўляўся таксама старшынёй валасной рады, у 1916–1917 гг. арганізаваў і забяспечваў працу 18 пачатковых школ у павеце, аказваў матэрыяльную дапамогу дзіцячаму прытулку.