Канстанцін Міхайлавіч Верамейчык нарадзіўся ў г. Кастрама (Расія). Творчую дзейнасць пачаў у 1930 г. у самадзейнасці, потым іграў на сцэне ТРАМа Кастрамы. З 1935 г. працаваў у тэатрах Кастрамы і Бранска.
У 1946–1947 гг. К. Верамейчык з'яўляўся акцёрам Беларускага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы, у 1947–1954 гг. і 1957–1973 гг. – акцёрам Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР. У 1955–1957 гг. працаваў у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача.
Па сваім амплуа К. Верамейчык быў характарным акцёрам. Створаныя ім вобразы вызначаліся глыбокім паказам унутранага свету герояў, дакладнасцю і індывідуальнай адметнасцю.
Этапным у пасляваеннай творчасці Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача стала ўвасабленне на яго сцэне рамана «Як гартавалася сталь» М. Астроўскага. Пастаноўшчыкі і выканаўцы імкнуліся не толькі раскрыць драматычны лёс асабіста Паўкі Карчагіна, але і паказаць жыццё цэлага пакалення маладых будаўнікоў новага свету. Стыль пастаноўкі вызначаўся рамантычнай узнёсласцю і гераічным пафасам. Паспяховым было выступленне ў гэтым спектаклі К. Верамейчыка, які сыграў ролю Жухрая. Сімптаматычным быў зварот тэатра да п'есы «Горад майстроў» Т. Габе. Гэты ўмоўна-алегарычны твор быў шчыльна звязаны з жыццёвымі рэаліямі і ўспрымаўся як празрысты водгук на тагачасныя зрухі ў грамадстве. У п'есе рэальнасць спалучалася з казачнасцю, фантастыкай. Спектакль услаўляў сілу чалавечага розуму, свабодалюбства простых людзей. Яркасцю і каларытнасцю вызначаўся створаны К. Верамейчыкам адмоўны вобраз Гільёма.
У 1950-я гг. значным творчым дасягненнем у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры БССР стаў спектакль «Варвары» па п'есе М. Горкага. Пастаноўка вырашана ў плане псіхалагічнага рэалізму, з глыбокім узнаўленнем жыцця горкаўскіх герояў. Дакладнаму, вобразнаму раскрыццю сацыяльнага зместу п'есы спрыялі значныя акцёрскія работы. Крытыка адзначала, што пераважная большасць вобразаў спектакля яркія, паўнацэнныя ў мастацкіх адносінах, – Рэдазубаў (А. Кістаў), Надзея (Г. Абуховіч), Прытыкін (К. Верамейчык) і шмат іншых.
Героіка-патрыятычнай тэме быў прысвечаны спектакль тэатра «Порт-Артур» паводле А. Сцяпанава, дзе К. Верамейчык пераканаўча выканаў ролю Радзіёнава. У героіка-трагедыйным жанры быў вырашаны спектакль «Брэсцкая крэпасць» паводле К. Губарэвіча, які меў вялікае выхаваўчае значэнне. У ім К. Верамейчык сыграў ролю Кукушкіна з дакладным адборам выразных сродкаў.
Яскравасцю, шырынёй думкі, акрэсленасцю ігры вызначаюцца такія ролі акцёра, як Конюхаў («Галоўная стаўка» К. Губарэвіча), Раман Кошкін («Любоў Яравая» К. Транёва), Усцін («Узнятая цаліна» паводле М. Шолахава), Пётр («Улада цемры» Л. Талстога). К. М. Верамейчыкам былі створаны каларытныя персанажы – Мітрафанаў («Барабаншчыца» А. Салынскага), Карэтнікаў («Дванаццатая гадзіна» А. Арбузава), Салдат у шынялі («Шостага ліпеня» М. Шатрова), Радрыгес Мендэс («Дзень нараджэння Тэрэзы» Г. Мдывані), Менас («Антоній і Клеапатра» У. Шэкспіра), Другая фігура («Ноч анёла» А. Розанава) – апошняя роля ў тэатры.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.