Дата рождения:
17.06.1922 Навінкі, в., Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
17.06.2011
Краткая справка:
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1943), кавалер ордэнаў Леніна, Айчыннай вайны І ст.
Имена на других языках:
Белый Андрей Анисимович (русский);
1935 символов
Справка
Андрэй Анісімавіч Белы нарадзіўся ў в. Навінкі Рэчыцкага павета Гомельскай губерні (цяпер Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласці) у сялянскай сям'і. Скончыў педагагічныя курсы і некаторы час працаваў настаўнікам пачатковай школы ў Васілевіцкім раёне Гомельскай вобласці. У красавіку 1941 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію і накіраваны на вучобу ў Сталінградскае ваеннае вучылішча сувязі, пасля заканчэння якога малодшы лейтэнант А.А. Белы трапіў на фронт. Ён камандаваў узводам, што ўваходзіў у 506-ю асобную кабельна-шаставую роту 65-й арміі Паўднёва-Заходняга, потым Сталінградскага франтоў. Ваяваў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў складзе стралковага батальёна 685 га стралковага палка 193-й стралковай дывізіі на Заходнім фронце. З красавіка 1942 г. прымаў удзел у аперацыях Данскога і Цэнтральнага франтоў, з баямі дайшоў да Кіева. У чэрвені 1943 г. быў паранены, аднак застаўся на перадавой. Вызначыўся А.А. Белы ў кастрычніку 1943 г. пры фарсіраванні Дняпра каля г. п. Лоеў Гомельскай вобласці. Байцы яго ўзвода пад шквальным агнём ворага на плытах пераправіліся на правы бераг ракі, выбілі праціўніка з траншэй і наладзілі бесперабойную сувязь з асноўнымі сіламі наступаючых савецкіх войскаў. У гэтым баю малодшы лейтэнант А.А. Белы быў кантужаны і цяжка паранены. За подзвіг пад Лоевым яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». Пасля вайны А.А. Белы працягваў службу на розных камандных пасадах у Савецкай Арміі. У 1967 г. быў звольнены ў запас у званні падпалкоўніка. Жыў і працаваў у г. Лобня Маскоўскай вобласці.
Рашэннем гарадскога Савета дэпутатаў ад 29 мая 2008 г. № 112/48 Андрэю Анісімавічу Беламу за вялікі ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Лобня». Яго імя занесена ў Кнігу народнай славы калгаса «Искра» Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці.