Беларускі вучоны-кардыёлаг, педагог Валянціна Максімаўна Борац нарадзілася ў пасёлку Цялуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям'і рабочых. У 1945 г., скончыўшы сярэднюю школу Бабруйска, паступіла на лячэбны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута. Пасля заканчэння вучобы ў 1950 г. была накіравана на работу ў Гродна. Урачэбную практыку яна пачала з урача-ардынатара тэрапеўтычнага аддзялення Гродзенскай абласной бальніцы (1950–1960) і ўрача электракардыялагічнага кабінета (1955–1959), адначасова выкладала ў Гродзенскім медыцынскім вучылішчы (1953–1958). З 1960 г. навуковая і вучэбна-метадычная работа В. М. Борац цесна звязана з Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім інстытутам (зараз Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт), у якім яна працавала больш за 40 гадоў. Была асістэнтам кафедры прапедэўтыкі ўнутраных захворванняў (1960–1961), асістэнтам (1961–1965), потым дацэнтам (1965–1974) кафедры факультэцкай тэрапіі. У 1961 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Функциональное состояние печени в различные сроки посттрансфузионного периода», а ў 1974 г. доктарскую на тэму «Влияние витаминов (В2, В3, Н4, В15) и кокарбоксилазы на коагулирующую активность крови и некоторые показатели функционального состояния сердечно-сосудистой системы у больных атеросклерозом и гипертонической болезнью». У 1976 г. ёй прысвоена званне прафесара. На працягу 25 гадоў В. М. Борац займала пасаду загадчыка кафедры факультэцкай тэрапіі (1973–1998), дзе праявіліся яе выдатныя арганізатарскія здольнасці, высокі прафесійны ўзровень, кампетэнтнасць у пытаннях метадалогіі і арганізацыі навуковых даследаванняў, тонкі псіхалагічны падыход да супрацоўнікаў і студэнтаў, што дазволіла стварыць на кафедры гарманічную і добразычлівую абстаноўку і спрыяла эфектыўнай, плённай працы. У 1998–2000 гг. працягнула працаваць на пасадзе прафесара гэтай кафедры.
Асноўная галіна навуковых даследаванняў В. М. Борац – клінічная вітаміналогія. Спектр праблем, якія яе цікавілі – забяспечанасць арганізма вітамінамі пры розных клінічных станах, міжвітамінныя сувязі і адносіны, выкарыстанне вітамінных прэпаратаў для прафілактыкі і лячэння атэрасклерозу і артэрыяльнай гіпертэнзіі. Серыя прац па данай тэматыцы прынесла сусветную вядомасць. Пад кіраўніцтвам В. М. Борац на кафедры актыўна праводзілася распрацоўка новых ЭКГ-метадаў для дыягностыкі інфаркту міякарда і вывучэнне метабалічных працэсаў у кардыялагічных хворых.
Вучоны з'яўляецца аўтарам чатырох вынаходніцтваў, 220 навуковых публікацый, манаграфіі «Витамины и сердечно-сосудистые заболевания» (1984), суаўтарам кнігі «Межвитаминные отношения при ишемической болезни сердца и гипертонической болезни» (1988), двух зборнікаў навуковых прац, метадычных рэкамендацый і рацыяналізатарскіх прапаноў. Прафесара В. М. Борац ведалі не толькі ў Беларусі , але і за яе межамі. З вынікамі навуковых даследаванняў яна неаднаразова выступала на міжнародных канферэнцыях, сімпозіумах і кангрэсах у Мінску, Маскве, Анталіі, Гданьску і інш. Як педагог, В. М. Борац актыўна займалася падрыхтоўкай медыцынскіх кадраў. Лекцыі, семінары, практычныя заняткі, абходы ў аддзяленні з удзелам студэнтаў праводзіліся на высокім узроўні, фарміравалі ў студэнтаў унутраную матывацыю да вучобы, стваралі больш дакладнае ўяўленне аб характары іх будучай прафесіі. Пад яе кіраўніцтвам абаронены доктарская і дзевяць кандыдацкіх дысертацый.
В. М. Борац актыўна займалася навукова-арганізацыйнай дзейнасцю. Яна з'яўлялася членам Усесаюзнай праблемнай камісіі АМН і Інстытута харчавання (1975–1993), членам праблемнай камісіі Гродзенскага медыцынскага інстытута (1975–1990), з 1996 г. – членам Еўрапейскага кардыялагічнага таварыства «Дом сэрца», больш за 20 гадоў была рэцэнзентам часопіса «Здравоохранение Белоруссии». У 1979–1989 гг. узначальвала Гродзенскае абласное таварыства тэрапеўтаў. Пастаянна ўдзельнічала ў арганізацыі і правядзенні клініка-анатамічных канферэнцый.
Шматгадовая дзейнасць В. М. Борац адзначана медалямі «За працоўную доблесць», «Ветэран працы», медалём С. П. Боткіна, юбілейным медалём «За доблесную працу», значком «Выдатнік аховы здароўя». У 2000 г. ёй прысвоена званне «Ганаровы доктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.