Краткая справка:
скрыпач, педагог, пад кіраўніцтвам якога створана Дзяржаўная калекцыя ўнікальных смычковых інструментаў, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ст., Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі
Имена на других языках:
Братенников Николай Данилович (русский);
2479 символов
Справка
Мікалай Данілавіч Браценнікаў нарадзіўся ў Магілёве ў сям’і чыгуначніка. Захапляцца музыкай ён пачаў яшчэ ў раннім дзяцінстве. Калі Мікалай перайшоў у трэці клас агульнаадукацыйнай школы, старэйшы брат адвёў яго ў музычную школу, дзе здольнаму хлопчыку прапанавалі вучыцца па класе скрыпкі. Мікалай з захапленнем займаўся музыкай, аддаючы авалоданню інструментам увесь свой вольны час. У 1936 г., яшчэ падчас навучання ў музычнай школе, Мікалай Браценнікаў стаў скрыпачом аркестра Другога беларускага драматычнага тэатра ў Магілёве. Пасля заканчэння музычнай школы паступіў у Магілёўскае музычнае вучылішча, некаторы час працаваў у аркестры радыёкамітэта пры Савеце народных камісараў БССР. У маі 1941 г. быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію ў музычны ўзвод Магілёўскага ваенна-пяхотнага вучылішча.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Браценнікаў змяніў сваю скрыпку на вінтоўку, стаў стралком 30-й дывізіі Паўднёвага фронту. У 1942 г. у адным з баёў ён быў кантужаны і пасля працяглага лячэння звольнены ў запас. У 1944 г. паступіў у Маскоўскую дзяржаўную кансерваторыю імя П.І. Чайкоўскага, пасля паспяховага заканчэння якой у 1950 г. быў накіраваны ў Мінск.
У Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А.В. Луначарскага Мікалай Данілавіч працаваў больш пяцідзесяці гадоў, прайшоў шлях ад асістэнта да прафесара. Пачынаў сваю дзейнасць выкладчыкам па класе скрыпкі, затым загадваў кафедрай струнных інструментаў, некаторы час быў прарэктарам па вучэбнай і навуковай рабоце, дэканам аркестровага факультэта. Як таленавіты педагог М.Д. Браценнікаў вызначаўся ўменнем не толькі навучыць выканаўчай тэхніцы і віртуознаму валоданню інструментам, але і развіць творчыя здольнасці, уяўленне, мастацкае мысленне сваіх вучняў. Сярод выпускнікоў класа Браценнікава выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, вядомыя выканаўцы, лаўрэаты і дыпламанты нацыянальных конкурсаў.
Педагагічную дзейнасць М.Д. Браценнікаў паспяхова сумяшчаў з выканальніцкай, выступаў з канцэртамі, у 1958–1965 гг. з’яўляўся ўдзельнікам струннага квартэта Беларускай дзяржаўнай філармоніі, да 1982 г. кіраваў ансамблем скрыпачоў кансерваторыі.
Пад яго кіраўніцтвам была створана калекцыя ўнікальных смычковых інструментаў, якая зберагаецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.
Мікалай Данілавіч Браценнікаў меў ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1975), быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ст., Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.