Дата рождения:
08.07.1912 Ракаў, аг., Валожынскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
28.07.1985
Краткая справка:
артыст оперы, заслужаны артыст Беларусі
Варианты имени:
Бруй Вінцэнт Фёдаравіч; Бруй-Шуляк Вікенцій Фёдаравіч
Имена на других языках:
Бруй Викентий Фёдорович (русский);
2481 символ
Справка
Больш за 40 гадоў свайго жыцця прысвяціў працы ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь выдатны артыст і спявак Вікенцій Фёдаравіч Бруй.
Нарадзіўся Вікенцій Фёдаравіч 8 ліпеня 1912 г. у аграгарадку Ракаў на Валожыншчыне ў сям’і дробнага арандатара. Пасля вяртання бацькі з Чырвонай Арміі сям’я перабралася ў Мінск. У юнацтве Вікенцій пісаў вершы, перакладаў творы А. Міцкевіча, маляваў, вучыўся ігры на гітары і мандаліне, захапляўся радыётэхнікай. Пасля заканчэння школы паступіў у радыётэхнічны тэхнікум, працаваў па спецыяльнасці. Аднак увесь гэты час маладога чалавека не пакідала мара пра далейшую музычную адукацыю. У 1937 г. В. Бруй быў прызваны ў армію. Маючы прыроджаныя здольнасці да музыкі і выдатныя вакальныя дадзеныя, быў залічаны ў ансамбль песні і танца Беларускай ваеннай акругі, а з 1939 г. стаў яго салістам. З ансамблем шмат гастраліраваў па гарадах Беларусі, даваў канцэрты ў Польшчы. Пасля дэмабілізацыі вучыўся на вакальным аддзяленні музычнага вучылішча імя Глазунова (Масква), удзельнічаў у спектаклях Вялікага тэатра СССР.
У 1941 г. цяжка захварэў і вярнуўся на радзіму, дзе і застала яго Вялікая Айчыннай вайна. Пасля вызвалення Мінска В. Бруй паступіў на вакальнае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. З 1944 г. спяваў у хоры, а з 1959 г. стаў салістам оперы Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі (зараз – Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь).
Вікенцій Фёдаравіч праявіў сябе як артыст вострахарактарнага плана. Ён стварыў рэльефныя, запамінальныя вобразы ў операх класічнага і нацыянальнага рэпертуару: Бамелій (“Царская нявеста” М. Рымскага-Корсакава), Ярошка (“Князь Ігар” А. Барадзіна), Шуйскі і Місаіл, Пад’ячы (“Барыс Гадуноў”, “Хаваншчына” М. Мусаргскага), Жэром (“Заручыны ў манастыры” С. Пракоф’ева), Стары Фаўст (“Фаўст” Ш. Гуно), Жабрак (“Зорка Венера” Ю. Семянякі), Радрыга (“Атэла” Дж. Вердзі) і інш. Акрамя гэтага артыст з поспехам выступаў у класічных аперэтах, дзе выканаў партыі Айзенштайна і Стэфана ў аперэтах “Лятучая мыш” і “Цыганскі барон” І. Штрауса.
За сваю шматгадовую творчую дзейнасць Вікенцію Фёдаравічу ў 1971 г. было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны артыст Беларусі”. Ён неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры СССР і БССР, падзякамі дырэкцыі тэатра.
Памёр артыст 28 ліпеня 1985 г.
Матэрыял падрыхтаваны Валожынскай раённай бібліятэкай у 2012 г.