Дата рождения:
24.05.1927 Падомша, в., Камянецкі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
30.07.2017
Краткая справка:
гаспадарчы, дзяржаўны і культурны дзеяч Беларусі, заслужаны работнік культуры Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы (1971, 1987), кавалер ордэнаў Леніна, Дружбы народаў, "Знак Пашаны", Францыска Скарыны і інш.
Имена на других языках:
Бедуля Владимир Леонтьевич (русский);
5425 символов
Справка
Выдатныя арганізатарскія здольнасці, адданасць сваёй справе, маштабнае мысленне, уменне бачыць перспектыву і вызначаць галоўнае ў працы – менавіта гэтыя якасці прынеслі поспех і прызнанне, зрабілі вядомым на ўсю краіну чалавека шырокай душы, клапатлівага гаспадара і таленавітага кіраўніка – Уладзiмiра Лявонцьевiча Бядулю.
Нарадзiўся ён 24 мая 1927 г. у в. Падомша на Брэстчыне ў беднай сялянскай сям’і. Дзяцінства і юнацтва прыйшліся на цяжкія 1930-я гг., суровыя гады Вялікай Айчыннай, пасляваеннае ліхалецце. Усё сваё сумленнае жыццё прысвяціў нялёгкай сялянскай працы: з дванаццаці гадоў араў зямлю, з чатырнаццаці – касіў. Вучыўся ў польскай школе, потым скончыў двухгадовы эканамічны факультэт пры Беларускім інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі. Пасля службы ў Армii быў накіраваны на камсамольскую працу ў Брэсцкi гаркам ЛКСМБ. Аднак пачэсныя пасады яго мала цікавілі, маладога чалавека цягнула да зямлі. Урэшце, мара ажыццявілася, калі ЦК КПСС звярнуўся з заклікам да тых, хто змог бы ўзначаліць адстаючыя калгасы i вывесцi iх на перадавыя рубяжы. Уладзімір Бядуля адразу загарэўся гэтай ідэяй і падаў заяву з просьбай аб прыняцці яго на працу ў адну з адстаючых гаспадарак у родных мясцiнах.
Спачатку У. Бядуля прайшоў навучанне на трохтыднёвых старшынёўскiх курсах у Пінску, пасля заканчэння якіх 28-гадовы будучы старшыня быў накіраваны ў адзін з калгасаў Высокаўскага раёна Брэсцкай вобласці на пасаду намесніка старшыні, а ў 1956 г. прызначаны старшынёй калгаса «Савецкая Беларусь». Менавіта з гэтага часу працоўнае жыццё Уладзiмiра Лявонцьевiча на працягу далейшых 50 гадоў было цалкам звязана з гэтай гаспадаркай.
У тыя часы «Савецкая Беларусь» уяўляла сабой самы занядбалы калгас ва ўсёй Беларусі: людзям жылося тут нясоладка, паказчыкi працы былi вельмі нiзкiя, працвiталi крадзяжы, не хапала спецыялістаў. Маладому старшыні прыходзілася напачатку шмат чытаць і вучыцца, быць адначасова і кіраўніком, і аграномам, і заатэхнікам. Сваю працу ён пачаў з выкаранення крадзяжу, паступова дабіўся таго, каб працаўнікам сталi плацiць за працаднi не толькi збожжам і кармамі, але i грашыма. У якасцi транспарту ў старшынi тады былi веласiпед ды падвода, але ён усюды паспяваў, заглядваў у кожны куточак. Так памалу i паднiмаў з галечы сваю падапечную гаспадарку. Дзякуючы прыроднай кемлівасці, пытліваму розуму, шыраце поглядаў і таленту кіраўніка новы гаспадар здолеў ператварыць калгас у буйную гаспадарку з высока развітай вытворчасцю. У 1971 г. за свае высокія поспехі калектыў прадпрыемства быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Дзякуючы намаганням У.Л. Бядулі шмат увагi надавалася ў калгасе таксама і культурнаму развiццю. Старшыня iмкнуўся зрабiць музыку, жывапiс і любое мастацтва даступным для ўсiх вяскоўцаў. Так, у 1960-я гг. па спецыяльным праекце ў в. Расна, дзе размяшчалася галоўная сядзіба калгаса, быў пабудаваны Палац культуры, якi стаў сапраўдным культурным цэнтрам. У зале на 500 месцаў выступалi С. Рыхтэр, М. Ульянаў, Ю. Левiтан, Я. Еўтушэнка, Б. Ахмадулiна, А. Вазнясенскi, А. Пахмутава i iнш. Гасцямi калгаснiкаў былi артысты Вялiкага тэатра СССР, Украiнскага народнага хору iмя Г. Вяроўкi, Рускага народнага хору iмя Пятнiцкага. Упершыню ў СССР тут быў праведзены фестываль «Песня–87», у якiм удзельнiчала каля 100 вядомых артыстаў савецкай эстрады. У вёсцы адкрылі музычную школу, у якой выкладалi лепшыя педагогi з Брэста, стварылі адзiны ў краiне Музей хлеба, дзе і зараз можна адчуць кошт i блакаднай ленiнградскай лустачкi, i сённяшняга жытняга бохана. У 2002 г. па праекце 200-гадовай даўніны ў в. Расна была пабудавана і асвечана адна з прыгажэйшых на Брэстчыне мураваная Свята-Мiхайлаўская царква, якая захапляе наведвальнікаў сваёй прасторай i незвычайным святлом. І ўсе гэтыя дасягненні былі ажыццёўлены пад чулым кіраўніцтвам Уладзіміра Лявонцьевіча, для якога ўсё было патрэбным, цікавым і важным.
Акрамя непасрэднай працы ў калгасе У.Л. Бядуля неаднойчы выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і СССР, быў членам ЦК КПБ, членам Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, старшынёй Брэсцкага абласнога фонду мiру. У 2009 г. ён быў прызнаны ганаровым грамадзянiнам Брэсцкай вобласцi.
Выдатнаму чалавеку і таленавітаму кіраўніку прысвечаны шматлікія кнігі, складзены вершы і нават паэмы – «Летающий мужик» (А. Вазнясенскі), «Споведзь пра Бядулю» (У. Сiтуха) і інш. У 1985 г. быў зняты дакументальны фільм «Здравствуйте, это Бедуля говорит» (рэжысёр М. Галдоўская), у 2007 г. – паўнаметражны дакументальны фiльм «Уладзiмiр Бядуля», прысвечаны яго жыццю і дзейнасці (рэжысёр А. Алай). За свае выключныя поспехі ў кіраўніцтве і наладжванні працы ў калгасе Уладзімір Лявонцьевіч узнагароджаны шматлікімі ордэнамi i медалямi. Яму былі прысуджаны ганаровыя званні заслужанага работнiка сельскай гаспадаркi, заслужанага работнiка культуры Беларусі, двойчы – званне Героя Сацыялiстычнай Працы (1971, 1987). Па рашэнні Прэзiдэнта Рэспублікі Беларусь у гонар У.Л. Бядулі ўстаноўлены помнiк-бюст у г. Камянец Брэсцкай вобласці.
Велізарная любоў да зямлі, чулыя адносіны да кожнага чалавека, дзiўная жыццёвая мудрасць, беспамылковая iнтуiцыя, пастаянная гатоўнасць працаваць многа, сумленна i творча – вось асноўныя якасці, якія зрабілі Уладзiмiра Лявонцьевiча Бядулю сапраўднай легендай нашай сучаснасці.
Матэрыял падрыхтаваны Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага ў 2012 г.