Дата рождения:
15.10.1912 Новыя Грамыкі, в., Веткаўскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
14.03.1995
Краткая справка:
удзельнік савецка-фінляндскай вайны 1939–1940 гг., абароны Гомеля ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1945), кавалер ордэнаў Леніна, Айчыннай вайны І-й і ІІ-й ступеняў, Чырвонай Зоркі, Славы ІІІ-й ступені
Имена на других языках:
Буйневич Павел Николаевич (русский);
3173 символа
Справка
Павел Мікалаевіч Буйневіч нарадзіўся ў вёсцы Новыя Грамыкі Веткаўскага раёна. Скончыў 4 класы агульнаадукацыйнай школы, курсы трактарыстаў. Працаваў механізатарам Закружскай машынна-трактарнай станцыі.
У 1934 г. прызваны ў Чырвоную Армію, быў камандзірам аддзялення кавалерыйскага палка. У верасні 1939 г. удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі. У снежні гэтага ж года накіраваны на фінскі фронт, дзе стаў артылерыстам. Пасля заканчэння савецка-фінляндскай вайны вярнуўся ў свой калгас.
У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны Павел Буйневіч быў накіраваны ў асобны зенітны дывізіён супрацьпаветранай абароны, які ахоўваў ад налётаў варожай авіяцыі масты цераз Сож і Іпуць, воінскія эшалоны і чыгуначны вакзал Гомеля. У жніўні-верасні 1941 г. байцы дывізіёна знішчылі больш за тры дзясяткі самалётаў ворага. У пачатку кастрычніка зенітчыкі трапілі ў акружэнне непадалёк ад Арла. Разам з чатырма дзясяткамі байцоў-акружэнцаў Павел Буйневіч увайшоў у склад партызанскай групы, якая ў снежні 1941 г. улілася ў партызанскі атрад імя Кірава. Аддзяленне Буйневіча прымала ўдзел у разгроме нямецкіх гарнізонаў у Бабовічах, Вышкаве, Бярозаўцы, Дзям’янках, Ачосе-Рудні, Закружжы і інш.
У жніўні 1943 г. партызаны атрада імя Кірава злучыліся з байцамі Чырвонай Арміі. Павел Буйневіч быў залічаны ў склад 397-й стралковай дывізіі 63-й арміі. Неўзабаве яму давялося вызваляць ад ворага родныя мясціны. У лістападзе 1943 г. ішлі баі за вызваленне Гомеля. На адным з участкаў гітлераўцы пайшлі ў контратаку, дайшло рукапашнай схваткі, у ходзе якой у страі засталіся толькі трое: капітан Сяркоў, сяржант Буйневіч і чырвонаармеец Клюеў. Сяржант Буйневіч удзельнічаў у вызваленні Рагачова, Корасценя, Сарнаў, Століна, Пінска. За праяўленую мужнасць і адвагу ён быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Славы ІІІ-й ступені.
У першыя дні Вісла-Одэрскай наступальнай аперацыі часткі Чырвонай Арміі апынуліся пад шчыльным агнём ворага. Артылерыйскі разлік сяржанта Буйневіча трапнымі стрэламі знішчыў 5 агнявых пунктаў праціўніка. Калі пяхота паднялася ў атаку, артылерысты ва ўпор расстралялі варожыя агнявыя пункты. 16 студзеня 1945 г. пры прарыве варожай абароны гарматны разлік Паўла Буйневіча знішчыў восем агнявых пунктаў, дзесяць станкавых кулямётаў і сорак пяць фашысцкіх салдат і афіцэраў.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 лютага 1945 г. за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства сяржанту Паўлу Мікалаевічу Буйневічу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”.
У 1945 г. Павел Буйневіч вярнуўся на радзіму. У 1948–1967 гг. зноў служыў у арміі. З 1967 г. кіраваў калгасам, у 1969–1991 гг. жыў і працаваў у Гомелі. Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1945), Айчыннай вайны І-й (1945, 1985) і ІІ-й ступеняў (1944), Чырвонай Зоркі (1944), Славы ІІІ-й ступені (1944), медалямі, ганаровы грамадзянін горада Ветка. Мемарыяльныя дошкі ў гонар Паўла Буйневіча ўстаноўлены ў Гомелі на доме, у якім ён жыў, і будынку, дзе працаваў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта “Герои страны”.