Дата рождения: 05.03.1892
Дата смерти: 04.05.1970
Краткая справка: артыст балета і балетмайстар, заслужаны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Літвы
Имена на других языках: Голейзовский Касьян Ярославич (русский);
Касьян Яраславіч Галяйзоўскі нарадзіўся ў Маскве. Пасля заканчэння ў 1909 г. Пецярбургскага тэатральнага вучылішча ён працаваў артыстам балета Марыінскага тэатра, а затым – у Вялікім тэатры ў Маскве (1910–1918). У 1919–1925 гг. кіраваў Студыяй танца (з 1922 г. – Камерны балет). Сцвярджаючы свой стыль, балетмайстар шмат працаваў над харэаграфічнымі мініяцюрамі і аднаактовымі балетамі, выкарыстоўваючы музыку А. Скрабіна, С. Рахманінава, С. Пракоф'ева, Ф. Шапэна, К. Дэбюсі ў пошуках харэаграфічнага эквіваленту эмацыянальна-пластычнай выразнасці музыкі. Касьян Галяйзоўскі раскрыў новыя выразныя магчымасці, заключаныя ў рухах чалавечага цела, вызначыўся майстэрствам скульптурнай лепкі поз. Музыкальнасць і багатая фантазія ў галіне харэаграфічных формаў, імкненне перадаць дух сучаснасці ў эмацыянальным плане, выкарыстанне ў класічным танцы сучаснай пластыкі, акрабатыкі, характарнасці і гратэску, канструктыўных сцэнічных установак вызначылі самабытнасць яго творчасці.
Найбольш поўна творчыя пошукі К. Галяйзоўскага адлюстраваліся ў балеце «Іосіф Прыгожы» С. Васіленкі, які быў пастаўлены ў Вялікім тэатры СССР на эксперыментальнай сцэне ў 1925 г. У гэтым творы балетмайстар звярнуўся да тэмы духоўнай чысціні героя, які ўступіў у канфлікт з амаральнасцю навакольнага свету. У далейшым гэта тэма заняла значнае месца ў творчасці савецкіх балетмайстраў.
Сярод спектакляў вылучаюцца «Тэалінда» Ф. Шуберта (1925), «Спячая прыгажуня» П. Чайкоўскага (1935), «Ду Гуль» А. Ленскага (1940), «Лейлі і Меджнун» С. Баласаняна (1964) і іншыя, пастаўленыя ў розных тэатрах СССР. Да лепшых работ К. Галяйзоўскага належала пастаноўка балета «Бахчысарайскі фантан» Б. Асаф'ева на сцэне Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР у 1939 г. Балетмайстар стварыў арыгінальную харэаграфічную рэдакцыю балета, у якой праявіліся лепшыя якасці яго своеасаблівага і яркага таленту. Пры стварэнні вобраза пластычнымі сродкамі К. Галяйзоўскі быў невычэрпна вынаходлівы і раскаваны. Лексіка балета насычана разнастайнымі вытанчанымі малюнкамі і камбінацыямі рухаў, вобразная, эмацыянальна багатая мова танца перадавала найтанчэйшыя адценні пачуццяў.
Пастаноўшчык увасобіў на сцэне кантраснае супастаўленне двух розных сусветаў: татарскай арды і польскай шляхты. Знаўца польскага сцэнічнага танца К. Галяйзоўскі змог зрабіць яго выдатным сродкам характарыстыкі польскіх арыстакратаў ва ўсёй іх пышнай раскошы і ўсведамленні сваёй значнасці, сілы і бяспекі. Таму зусім нечакана для іх успыхваў бязлітасны бой з татарамі. У парыве натхнення балетмайстар паставіў гэту сцэну практычна за адзін рэпетыцыйны дзень, а шматлікія пластычныя знаходкі выклікалі захопленыя апладысменты трупы.
У спектаклі К. Галяйзоўскі паказваў не традыцыйна ўмоўны «балетны ўсход», а ўвёў у харэаграфічную тканіну стылізаваныя ў балетным духу элементы сапраўдных бухарскіх, харэзмскіх, ферганскіх танцаў, што надавала пастаноўцы асаблівы водар праўдзівасці. Усе танцы драматургічна звязаны паміж сабою зменай настрояў, нагнятаннем моцных пачуццяў і няўхільным рухам да кульмінацыі. Чатыры розныя станы душы жылі і выразна гучалі ў чатырох харэаграфічных маналогах-варыяцыях Зарэмы, любімай жонкі хана Гірэя. Яны выконваліся з прывабнай грацыяй, пяшчотнай асалодай, вогненнай страсцю і нястрымным тэмпераментам. У масавым танцы маладых жанчын (пасля трагічнай смерці Марыі), апранутых у чорна-шэрую колеравую гаму, ствараўся паэтычна-абагульнены вобраз смутку. Плакучыя лініі адзення, якія сцяліліся па зямлі, тужліва-надрыўны малюнак танца, сярэбраныя ніці бісеру на кісцях рук, якія сцякалі і паблісквалі як ручаі слёз, – усё гэта як бы маліла аб літасці да няшчаснага лёсу жанчыны. Зусім іншы настрой нёс шалёны танец татарскіх воінаў – сімвал стыхійнай буйнай сілы, дзікай арды.
Харэаграфічнай мовай балетмайстар паказаў перараджэнне дэспатычнай, цёмнай душы хана Гірэя, які адступіў перад новай, невядомай яму сілай пачуццяў Марыі, што пайшла на смерць, але не здрадзіла свайму каханню. Касьян Галяйзоўскі стварыў арыгінальную харэаграфічную кампазіцыю, насычаную камбінацыямі складаных, часта вытанчаных рухаў, тонкай эмацыянальнай нюансіроўкай, своеасаблівымі пластычнымі лейттэмамі персанажаў, якія надзіва тонка і рухома раскрывалі эмацыянальна-вобразную сутнасць багатага і шматпланавага музычнага тэматызму. Творчыя імкненні К. Галяйзоўскага знаходзіліся ў той час не на асноўнай магістралі пошукаў нацыянальнага балетнага тэатра. Некаторыя крытыкі папракалі яго ў эстэтызме, этнаграфізме, эротыцы. Заваёвы і дасягненні балетмайстра лепш бачацца ў далейшыя дзесяцігоддзі.
Бясспрэчным з'яўляецца той факт, што балет «Бахчысарайскі фантан» значна паспрыяў правільнай арыентацыі беларускай харэаграфіі ў перыяд яе станаўлення, увёў на беларускую сцэну прынцыпова новых герояў: не высакародных прынцаў і прынцэс, не казачных эльфаў і німфаў, а звычайных жывых людзей. Бліскучая пастаноўка К. Галяйзоўскага па яе творчых выніках з'явілася вельмі важнай у фарміраванні новых аспектаў харэаграфіі, таму што пашырыла магчымасці раскрыцця ўнутранага свету, псіхалогіі чалавека, прыўнесла ў балет элементы народных танцаў, тым самым садзейнічала вырашэнню складанейшых эстэтычных задач, вылучаных часам і самім працэсам развіцця тэатра. Рэалістычны змест вобразаў балета, яго дакладная ідэйная накіраванасць далі магчымасць дзеячам нацыянальнай харэаграфіі і беларускім гледачам убачыць у балеце мастацтва, здольнае ўвасабляць значныя жыццёвыя з'явы, вырашаць актуальныя жыццёвыя праблемы.
У гісторыі беларускага балетнага тэатра пастаноўка «Бахчысарайскага фантана» адыграла важную ролю і як спроба самастойнай інтэрпрэтацыі значнага балетнага твора, і як пацвярджэнне прыхільнасці тэатра да рэалістычных тэндэнцый развіцця балетнага мастацтва, і як выпрабаванне трупы на творчую сталасць.
Касьян Галяйзоўскі з'яўляецца аўтарам кнігі «Образы русской народной хореографии» (1964), а таксама многіх палемічных артыкулаў пра балет. Ён узнагароджаны двума ордэнамі і медалямі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.