Дата рождения:
19.08.1917 Чапля, в., Дзяржынскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
24.06.1985 Мінск, г.
Краткая справка:
удзельнік савецка-фінляндскай 1939–1940 гг. і Вялікай Айчыннай войнаў, Герой Савецкага Саюза (1940), узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І-й і ІІ-й ст., медалямі
Варианты имени:
Гармаза Міхаіл Міхайлавіч
Имена на других языках:
Гармаза Михаил Михайлович (русский); Гармоза Михаил Михайлович (русский);
2950 символов
Справка
Міхаіл Міхайлавіч Гармоза нарадзіўся ў сялянскай сям’і вёскі Чапля Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Пасля заканчэння 4-х класаў школы працаваў трактарыстам Дзяржынскай МТС.
У 1938 г. стаў чырванафлотцам, служыў наводчыкам гарматы 152-міліметровай гаўбічнай батарэі Балтыйскага флоту.
У час савецка-фінляндскай вайны 1939–1940 гг. прымаў удзел у штурме “Лініі Манергейма” на Карэльскім перашыйку. На гэтым рубяжы знаходзіліся тры лініі абароны, якія складаліся з умацаваных вузлоў, аснашчаных вялікай колькасцю жалезабетонных ДОТаў (доўгачасовых агнявых кропак) з кулямётамі, сеткай закрытых агнявых кропак, сістэмай траншэй і супрацьтанкавых загарод.
Штурм Карэльскага перашыйка адбываўся ў лютым 1940 г. Для разбурэння сістэмы абароны і вывядзення са строю фінскіх умацаванняў чырванафлотцы рашылі выкарыстаць гаўбіцу калібрам 203 мм. Агнявы пункт абсталёўвалі пад непрыяцельскім абстрэлам, у глыбокім снезе і марозным грунце. Гармату размясцілі на адлегласці 400 м ад лініі фронту. Раніцай 8 лютага 1940 г. балтыйцы адкрылі агонь па ДОТу праціўніка. Дзякуючы трапнай стральбе наводчыка Гармозы фінскае ўмацаванне было разбурана, а яго гарнізон знішчаны.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 21 красавiка 1940 г. Міхаілу Міхайлавічу Гармозе было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”.
У 1941 г. М.М. Гармоза скончыў Кіеўскае танкавае вучылішча імя С.К. Цімашэнкі, стаў механікам-вадзіцелем танка 2-га класа і трапіў на фронт. Служыў у Далёкаўсходняй танкавай дывізіі, ваяваў на Волхаўскім, 1-м Украінскім і 1-м Беларускім франтах. Прайшоў шлях ад камандзіра танка да камандзіра танкавай роты 11-га асобнага гвардзейскага цяжкага танкавага палка.
У красавіку 1944 г. танкавы полк, у складзе якога ваявала рота М.М. Гармозы, прымаў удзел у абароне украінскага Івана-Франкоўска. За два дні баёў нашымі танкістамі было падбіта каля 30 нямецкіх “Тыграў” і “Пантэр”, а іх камандзір быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
У сакавіку 1945 г. у г. Лабенц рота М.М. Гармозы на працягу 1,5 сутак стрымлівала атакі нямецкай пяхоты з артылерыяй і танкамі. Пад кіраўніцтвам гвардыі капітана Гармозы чырвонаармейцы знішчылі 6 танкаў і самаходных установак, 3 гарматы, 5 мінамётаў і да 400 салдат і афіцэраў праціўніка. За гэты подзвіг капітан Гармоза быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.
Танкісты М.М. Гармозы вызвалялі Беларусь, Польшчу і Германію, фарсіравалі Одэр і Віслу, штурмавалі Берлін.
Пасля заканчэння вайны М.М. Гармоза працягваў службу ў ваенна-марскім флоце. У 1946 г. скончыў Ленінградскую вышэйшую афіцэрскую бранятанкавую школу, служыў у берагавых часцях. У 1948 г. выйшаў у запас і вярнуўся ў Беларусь.
Жыў і працаваў у Мінску. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І-й і ІІ-й ступеняў, медалямі.
У горадзе Дзяржынск Мінскай вобласці імем Героя названа вуліца, на Алеі Герояў усталяваны мемарыяльны знак.